А-а...
Хлопчыкаў я расчараваў. Слухаць гэтыя ісціны ім, відаць, апрыкрала ў школе, яны хацелі ад мяне пачуць нешта новае.
Падышлі два паўпанкі і таксама давай мяне разглядаць як дзіва. А потым, папрасіўшы прабачэння, давай яшчэ мераць ды мацаць. Я надта баюся шчыкоткі, дастаткова паказаць палец, каб я ўздрыгануў. Але мужчыны былі ветлівыя і культурныя, я цярпеў, сабраўшы ўсю сілу волі.
Незнаёмыя дзяліліся ўражаннямі:
Даўно не бачыў такога магутнага цела!
Не толькі магутнага, але і грацыёзнага!
Выдатны экземпляр атлета.
А колькі пану год? — спыталіся мяне.
Васемнаццаць.
Спыталіся і пра рост.
Сто восемдзесят восем сантыметраў.
Усяго-о? — расчараваўся пан.— Я думаў, вышэйшы...
У яго моцная будова цела,— растлумачыў другі.— Такія людзі заўсёды здаюцца вышэйшымі. Колькі пан важыць?
Пяць пудоў і дзесяць хунтаў.
...хунтаў?— перадражніў мяне мужчына і ўсміхнуўся да сябра.
Я ведаў, чаго яны ўсміхаліся. У горадзе гавораць — фунты. А яшчэ ў іх мераюць усё на кілаграмы і цэнтнеры. Ну і што?
Мужчыны, выявілася, скульптары з мастацкай акадэміі. Яны спыталіся, ці не хачу зарабіць. Я, вядома, хацеў, але было боязна: якую работу прапануюць гэтыя панкі — у горадзе, кажуць, усе жулікі апранутыя прызваіта.
Незнаёмыя завялі мяне ў акадэмію і запрапанавалі пазіраваць студэнтам.
Пастаіш перад імі гадзіну — залатоўка, а дзве гадзіны — дзве залатоўкі.
Голы перад людзьмі стаяць не буду! — спалохаўся я.
I за грошы?
I за грошы! — цвёрда стаяў я на сваім.
Дзівак! У нас нават паненкі пазіруюць, паглядзі!
Зрэшты, чаго маю ўпірацца? Мо там што і вартае? Як што не гэтак, павярнуўся і — будзьце здаровы! — Ну, пайшлі...
Калі мы апынуліся ў студыі, мяне аж скаланула. Пад сцяной, як дровы пад акапам у дрэннага гаспадара, бязладна валяліся гіпсавыя рукі, ногі, галовы з адбітымі насамі і вушамі.
Мяне падвялі да шырмы. За ёю стаяла зусім голая дзеўка, а нейкі стары, як смарчок, пан, бессаромна не зводзячы з яе вачэй, ляпіў з гліны жаночую фігуру. Я адскочыў як апараны і ўцёк дадому: каб давалі мільёны нават, на такую работу не згадзіўся б!
Але ўвага мастакоў падказала: дык і я нечага варты!
Некалькі дзён я быў у добрым гуморы. Вечарам, закінуўшы дамоў кніжкі, спяшаўся на вуліцу Міцкевіча. Яе залівала мора святла, а па тратуарах фланіравалі два сустрэчныя патокі моладзі. Я далучаўся да аднаго з іх. I без добрай вопраткі ды гарадскіх манераў я звяртаў на сябе ўвагу гімназістак ростам. Упадабаўшы сабе каторую, я праходзіў міма ды раптоўна азіраўся. Так я і ведаў — гімназістка глядзела мне ў спіну! Злавіўшы разгублены позірк, я крочыў далей упэўнена і незалежна, адчуваючы на душы перамогу.
I толькі цяпер, наглядзеўшыся праз зашклёныя дзверы на харыстак, паслухаўшы паненак на вуліцы, зноў стаў незадаволены сабой, а перамога на вуліцы Міцкевіча здалася нічога не вартай.
1