Думалася пра тое, што назаўжды застаецца з чалавекам ягонае маленства — час высокіх дрэў i бясконцых сцежак, час бясхмарных уцех i балючых крыўд, доўгіх сонечных дзён i кароткіх начэй, i што час гэты прыходзіць да нас салодка-шчымлівымі ўснамінамі — нязбытнымі i незваротнымі. Усё гэта навявала ціхі смутак.
Затое дужа ўзрадаваўся, натрапіўшы на тую алешыну-рагач, якую паказаў мне некалі дзядзька Язэп. Асіна не загінула. Яна выцягнулася i дружна шапацела на ветры вяршалінай.
I вельмі блізка нагадаўся дзядзька Язэп — пастух Язэпка. I захацелася расказаць пра яго...
НАД ПОЛЕМ КРЫЧАЛІ ВАРОНЫ
Хавалі Габрусіху чужыя людзі, бо радні ў яе не было. У апошнюю дарогу яе сабралі старая Іваніха i Марыля — суседкі. Іванішын сын Васіль зрабіў дамавіну. Ён жа завёз нябожчыцу i на могілкі. Калі забівалі цвікамі вечка, калі апускалі дамавіну ў дол, ніхто не галасіў. Толькі Іваніха, сыпнуўшы ў дол прыгаршчы жвіру, які гулка забарабаніў па дошках, сказала:
— Хай жа табе добра тут будзе, Ганначка! Можа, i я хутка збяруся.
Сыпнулі людзі ўслед за Іваніхай па жмені пяску, пастаялі крыху моўчкі i разышліся, пакінуўшы на могілках Васіля з сынам-падлеткам — насыпаць над магілай грудок i паставіць крыж.
Я таксама пайшоў, але не ў бок вёскі, а пад Глінішча...
Памерла бабка Габрусіха непакутліва i нечакана. I дня не памучылася. Яшчэ заўчора, казалі, выходзіла на вуліцу, сядзела каля Іваніхі з бабамі. Толькі i паскардзілася, што няможацца нешта. A назаўтра i памерла, у самы абед. Іваніха аж не паверыла, думала — заснула суседка, разбудзіць яшчэ спрабавала...
Сцежка вывела мяне пад Смалякоў роў, на грудок, парослы калекамі-сасонкамі ды ядлоўцам. Сярод цвітучага жаўтамоху трапляліся тут лапінкі чарніц — ніжэй, там дзе туліліся кволыя, пакручастыя, хоць i пярэстаркі, бярозкі. Я сарваў некалькі ягад — яны былі дробныя, засмяглыя — ведама, на санцапёку, прысеў на камень, спусціўшы ногі ў размытую вясновай паводкай баразну-канаўку. За канаўкай, падступаючыся да самага жаўтамоху, стаяла жыта — рэдкае i чэзлае, каліва каліва гукае. На добры лад, дык i ці трэба было б забірацца з трактарам так высока, так ашчадна абворваць гэты пясчаны грудок, на якім быццам бы былі некалі могілкі. Але ж — абворвалі, хоць ніколі тут i не расло нічога. Хіба толькі грэчка.
Прыгравала сонца. Вакол стаяла цішыня i млоснасць. Здавалася, час спыніўся, растварыўся ў гэтай душнай, даўкай — хоць бы ветрык дыхнуў! — млявасці. I думкі ў галаве плылі такія ж млявыя, самотна-шчымлівыя.
Памерла бабка Габрусіха. I над яе магілай ніхто не галасіў, ніхто не спяваў...
Дзіўна: то ж садраўды не спявалі. А раней жа, памятаю, колькі ні хавалі ў нашай вёсцы людзей, заўсёды над імі спявалі. I спявала сама... Габрусіха. Малечай будучы, мы нават здзіўляліся: чаму гэта так, што ўсе плачуць, а яна, бабка Габрусіха, спявае нейкую «алілую». Падраслі — даведаліся, што некалі бабка Габрусіха спявала ў царкоўным хоры i там навучылася гэтай самай «алілуі». Так i спявала яна над усімі нябожчыкамі — прасілі яе аб гэтым ці не. А сама вось памерла — i ні галашэнняў, ні спеваў...
Я дастаў папяросу, паспрабаваў закурыць, але не курылася — пэўна, ад таго, што добра-такі прыпякала сонца. Вакол было ціха, як уначы. Толькі са Смаляковага рова часам даносілася сонная, лянівая важданіна птушак.
Памерла бабка Габрусіха...
Яе хата была непадалёк ад нашай. I я памятаю бабку Габрусіху, пэўна, з таго ж самага часу, як i сваю маці. Памятаю яе ўнука Алёшку — майго равесніка i сябрука. Быў у мяне на самым пачатку жыцця i яшчэ адзін сябрук — Толік дзядзькі Якуба. З імі я i сябраваў — па чарзе. Не паладжу з адным, іду да другога. Калі я прыходзіў да Алёшкі, бабка Габрусіха частавала нас смачнымі ранетаўкамі, агрэстам, чырвонымі, але кіславатымі гронкамі парэчак. Саміх у гарод нас яна не пускала — нават Алёшку. A калі мы ўсё ж туды патыкаліся, сярдзіта крычала i рабіла выгляд, што шукае каля плота крапівы. Мы выкульваліся з агарода на двор. Бабкі не баяліся. Ведалі, што праз хвіліну яна сама прынясе нам у прыполе яблыкаў, агрэсту, парэчак. Прынясе i скажа:
— Во, ешце, a самі не лезьце. А то вы не так тых парэчак напукаеце, як шкоды наробіце. Агурочнік пасцягаеце, фасолю збэрсаеце...
Раптам нада мной пачулася прарэзлівае «кар-р-р! кар-р-р!». Крыкі былі трывожныя, заклікальныя — сюды ўсе, хто чуе. Сапраўды, праз хвіліну нада мной лятала ўжо некалькі птушак: «кар-р-р! кар-р-р! кар-р-р!» Я зварухнуўся. Вароны закрычалі яшчэ галасней, але, не скончыўшы нада мной круга, падаліся ў кусты, за Смалякоў роў.
Aгa, значыць, напалохаў ix я: пе прывыклі бачыць, каб тут, па гэтым грудку, хто-небудзь сядзеў. А можа — на бяду? Вароны крычаць па бяду. Гэта запомнілася з дзяцінства. Глупства, канечне...
Бабка Габрусіха... Дзіўна — Габрусіха ды Габрусіха. A звалі яе, аказваецца, Ганнай. Помніць пра гэта, мусіць, адна Іваніха. Разам гулялі ў дзеўках... Вароны крычаць на бяду... Пры чым тут вароны? Глупства нейкае лезе ў галаву! Можа, ад гарачыні?
Бабка Габрусіха — бабка Ганна. Не, нязвычна. Усе звалі яе Габрусіхай. Пэўна, бацька ці мужык зваўся Габрусём. У яе быў Алёшка, унук Алёшка, мой равеснік i сябрук. Алёшкі даўно няма. Не ўнук пахаваў бабку, а яна ўнука. А я жыву. I мог мець, на добры лад, ужо сына. Большага, чым быў тады Алёшка. Я — выжыў, а Алёшка — не. Чаму? Мы не маглі тады ўратавацца самі. Нас ратавалі. Мяне ўратавалі. Хто? Усе, каго я ведаў, i каго не ведаў, i кагo не ўведаю ніколі. Уратаваў дзед Кароль, дзядзька Якуб, бабка Габрусіха... Я ж памятаю, добра памятаю, хоць i меў тады ледзь-ледзь пяць гадоў...
За могілкамі, на якіх сярод сасонніку бялелі, сівелі i чарнелі вялікія i малыя крыжы, быў у нас кар'ер. Незадоўга перад вайной адтуль вазілі пясок — гэта тады, калі ў нашай вёсцы, ратуючыся ад патопу, брукавалі вуліцу. (Цяпер той кар'ер амаль зруйнаваўся: берагі апаўзлі, усё вакол зарасло хмызам.) У тым кар'еры нас i ўзялі ў палон: мяне, маіх двух братоў i дзвюх сястрычак. Старэйшаму з нас, Косціку, было дванаццаць, малодшаму, Сашку, тры. A між імі быў я i дзве сястрычкі.
Немцаў было таксама пяцёра. Не, пяцёра было ўсіх, а так — чацвёра немцаў i адзін паліцай. Гэта я таксама добра запомніў, бо нават Сашка, які тады яшчэ i гаварыць толкам не ўмеў, ведаў ужо, што калі ў чорным — гэта паліцаі, a калі ў шэрым — то немцы. Чорных мы, здаецца, баяліся болей, чым шэрых. Пэўна, таму, што чорныя гаварылі па-нашаму, i таму, здавалася, яны ўсё ведаюць, ад ix не схаваешся, не ўцячэш.
Як мы апынуліся ў тым кар'еры, я, папраўдзе, дык i не памятаю. Памятаю толькі, як ішлі адтуль у вёску, як стаялі на Крыжавых. А як i калі забрылі мы туды, у той кар'ер, не засталося ў памяці. Пазней маці расказвала:
— Прачнулася я тою раніцаю, а мне як быццам хто на вуха шэпча: ратуй, Марыля, дзяцей. Чаму ў галаву тое ўбілася, дык i сама не ведаю. Рупіць усё ды рупіць. Можа, як той казаў, сэрца паперад благое чула? Можа, сасніла што? Ну, я i паадзявала вас, паабувала, Косціку — старэйшы ж самы, разумеў ужо — посцілку дала i выправіла. Вядзі, кажу, сынок, меншых за могілкі, у яму тую, адкуль людзі пясок вазілі, гуляйце там. Пакуль я не прыбягу, не вылазьце, i сам па кустах не бегай. Па кустах страляюць. А я з Лёнікам дома буду. Калі што якое — дык хоць вы ўцалееце...
Ляпілі мы ў тым кар'еры печкі, пяклі з пяску бліны. Часам не мірыліся, i тады нас Косцік страшыў:
— Не раўсці! Немцы пачуюць — паб'юць!
Мы на хвіліну змаўкалі, насцярожваліся, ці не ідуць тыя немцы, але праходзіла мінута-другая — i мы зноў валтузіліся, сварыліся з-за ямак i печак, плакалі, a калі каму перападала, здавалася, болей i калі цябе апаноўвала вялікая крыўда, гукалі па дапамогу маму.
У гульнях, у спрэчках ca слязьмі, у крыўдзе на Косціка, які часам не шкадаваў нам i балючага кухталя, мы i не пачулі, як усчалася страляніна. Усчалася яна, відаць, далекавата, i напачатку тут, у яме, за сасоннікам, мы, пэўна, i не маглі яе ўчуць. Але раптам над намі нешта прагуло, а пасля ззаду, недзе за ямай, цяжка вухнула. Я, малы Сашка, Валя i Ніна не паспелі зразумець, што гэта такое, як Косцік усхапіўся на ногі, згроб нас у кучу i папхнуў пад высокі абрывісты бераг — пад той, з якога боку прыляцела тое, што прагуло над намі i цяжка вухпула.
— Сціхніце i сядзіце тут, як мышы! — загадаў нам Косцік.— Немцы страляюць. З гарматаў. Міна ззаду разарвалася.