— Дзед Мікіта, папытаць усё хачу — а чаму ты заўсягды вясёлы? — павярнуўся да ганчара Косцік, у вочы старэчыя зазірнуў. — Ведаю, што гора і пакут на тваю душу дасталося — уга-га колькі!
Дзед кашлянуў, выняў з кішэні скарынку хлеба, пачаставаў Паласаціка.
— Вясёлы, кажаш? Мо яно і так... То добра, калі людзі так думаюць, значыць, я сапраўды вясёлы. Няхай людзі радуюцца і смяюцца з нечага разам са мною і няхай не чуюць, што не смяюся я, а душа мая плача...
— Я, здаецца, адчуў гэта, Мікіта Парфенавіч, але нікому не гаварыў. Але смяяўся разам з усімі — бо і мне было весела.
— Правільна рабіў, што смяяўся. Для таго і выдумляю ўсё, каб людзі мой боль не бачылі, ён — мой, а людзям радасць патрэбна — тады яны будуць лепшымі і дабрэйшымі. Я веру ў людзей, веру ў тое, што яны навучацца разумець сяброў тваіх, вось пабачыш, што палюбяць.
— І я хачу таго ж — вельмі-вельмі.
— Так, Косцік, я вясёлы. І, можа, нават шчаслівы. Бо навучыўся тапіць балючае і горычнае ў рабоце. Гаршкі раблю, гладышы, людзей з гліны ствараю — Бог таксама першага чалавека з гліны зрабіў, і мне робіцца лёгка. Ведаю, што і ты, калі цяжка бывае, ратунак свой у лесе знаходзіш, сярод сяброў сваіх, каля Янкавага дуба, каля Ганарліўкі і Цара — ім давяраеш свой боль і адчай. Бо перакананы — яны памогуць табе, параяць, хаця і маўчаць, не могуць і слова вымавіць. Але ж ты іх разумееш, ведаеш, на што яны скардзяцца. З лесу ты заўсягды вяртаешся памаладзелы, бы пасля сустрэчы з Любі-травою...
Косцік адчуў, што чырванее, і гэта заўважыў Ладуцька, сам зразумеў, што ляпнуў лішняе — хто ж за язык цягнуў, і таму адвярнуўся, быццам шукаў каго поглядам.
— Не саромся свайго кахання, ляснік, насіць табе яго да скону год тваіх. Мне шкада вас абаіх, памагчы чым бы хацеў, ды не ўмею. Усё ўмею, а вось тут... Кахаеш ты яе моцна, ведаю. Гэта твая радасць і шчасце. І — вялікая бяда. Калі не гора.
— Так, толькі не гора. Не, не гора. Шчасце.
— Добра. Я ніколі няпраўды не кажу. Нават ворагам сваім, калюх-калюха...
— Ведаю, дзеду. За што і люблю цябе.
Сціх і Каваль. Ці то стаіўся ў дупле, ці то паляцеў куды. Маўчалі. Звяры разумелі, пра што гаварылі ляснік і ганчар, усё чысценька разумелі. А каб маглі гаварыць самі, то шмат чаго цікавага расказалі б пра сябе. Пра свае пакуты і трывогі, пра свае хваробы і недаўменне паводзінамі чалавека. Яны ж даверліва паглядалі на іх, адчувалі, што паміж імі ўсталявалася згода і ўзаемаразуменне.
— Баліць усяму жывому — няхай ты чалавек ці Модніца, што адпачывае ў цябе на назе.
— Баліць, дзед, яшчэ і як баліць.
— Нам, чалавекам, баліць і ад слова, сказанага зласліўцам ці ворагам. І ад таго, калі хто прыкладзе руку — ды і не толькі руку, а калі што і ў руцэ. Вунь калі германец пахадзіў штыхам па маіх грудзёх, то яны і цяперака яшчэ ныюць, як свежая рана сядно. Так і жывёла — хатняя ці звер лясны, хоць слоў не разумее, а па голасе, як гаворыш, пазнае, здагадаецца — з дабром ты да яго ці са злом. А калі ж вытнеш выспяткам, то і падыходзіць больш не будзе да цябе — асцерагацца пачне, каб зноў не выцяў... Лясны звер толькі зла ад чалавека і чакае — няхай ён са стрэльбай ідзе ці без яе. А цябе і са стрэльбай не баіцца. Чаму, Косцік, паясні мне гэтую кандзіберыну.
— Не ведаю, дзед. І тое кепска
— То чаму ж, калюх-калюха?
— Даверлівыя яны тады. Да людзей ідуць смела, думаюць, што ўсе добрыя і спагадлівыя. А яны іх карцеччу сустракаюць, і цэліцца не трэба — на крок падыходзяць. І я, толькі я вінаватым раблюся ў іх гібелі. Таму я не да ўсіх добры. Іншых адганяю, паказваю, што і я злы чалавек, такі, як і ўсе, — тады яны ўсіх баяцца. Злыя і на мяне, але застаюцца жывымі ў маім абходзе. Так я кажу, Цар? Не адварочвайся, скажы.
Сахаты крутануў галавой, наглядаў у другі бок, быццам і не яго пытанне тычылася. Пераступіў з нагі на нагу, капытом камяк зямлі выграб і адкінуў некуды ў кусты.
— Не разумею, хлопча, цябе. А як жа гэтыя, што сядзяць і ляжаць тут з табою? — Ладуцька прыжмурыў вока, дабіваўся праўды ад лесніка.
— Яны? — удакладніў Міхалап і не ведаў, як правільна давесці свайму субяседніку сваю думку — ведаць-то ён ведаў, а вось расказаць... — А яны мне памагатыя ў маім абходзе.
— А-а, — дзед шматзначна матлянуў белай барадой, — тады яно правільна, тады яно так, калюх-калюха на два бокі і ўсторч. Ты глядзі, як панятна, хм...
Ды не, дзед. мусіць, нічога не зразумеў. Косцік тое адчуў адразу, як пачуў працяжнае «а-а-а». Ладуцька не хацеў пакрыўдзіць яго, Міхалапа, пакрыўдзіць нездагадлівасцю, і таму так хутка згадзіўся. А мо і зразумеў Мікіта — ён жа ўсё чысценька разумее на свеце, а цяпер во прыдурваецца. Хітры, аднак, дзед.
— Ты вось што скажы мне, Косцік, гаспадар лесу і сябра звяроў, — зноў ажывіўся ганчар, павесялеў. — Чаму ва ўсім свеце вучоныя вывучаюць столькі моў, расшыфравалі гліняныя пісьмы, на каменнях, што пісалі тысячы год назад, а вось мову звяроў не могуць адгадаць? Ці, можа, скажаш, мовы і зусім няма — ні ў птушак, ні ў звяроў, а яны разумеюць адзін аднаго па воклічу?
— Ёсць у іх мова, дзед.
— Тады чаму мы не можам ніяк наладзіць той моўны мост паміж імі і намі? — стары паглядзеў на Паласаціка, што ўткнуўся пысай у лісце, і паласатыя бакі датыкаліся да ног Цара, на сахатага — той лыпаў пасівелымі вейкамі і слухаў, стрыгучы вушамі. На плячо ўскочыла Рыжуха, як пацвярджала, што яны разумеюць, пра што гаварылі людзі. — Ты ўяўляеш, як бы змянілася нашае жыццё? Ідзеш ты па сваім абходзе і гаворыш Рэцыдывісту ці Цару, якія выйшлі табе насустрач, што заўтра наедуць паляўнічыя, што будуць рабіць на клыкастых аблаву, а па ліцэнзіі будуць адстрэльваць ласёў...
— Фантазёр ты, аднак, дзед, з табою не засумуеш.
Мікіта зарагатаў, за жывот узяўся, шчарбатыя зубы паказаў, а Рыжусе паскардзіўся — яна ўсё яшчэ сядзела на плячы:
— Не верыць ляснік, што вы чалавека разумееце.