Карацей, міліцыянт, падобна, з тых, хто за капейку жабу да Барысава дубцом пагоніць.
Макс пасунуўся да гаспадыні дома.
— Куртку скідай… А Руслана няхай гарбату зробіць.
Даліла, аднак, зьмерыла клапатліўца ганарлівым поглядам, адсунулася.
— Сама зраблю сабе гарбаты… Не рассыплюся. І чаму ты пасылаеш да пліты менавіта дзяўчыну?
Макс сумеўся. Ну так — парушыў няпісаны этыкет тусоўкі. “Галантнасьць — зброя мачызму”.
Даліла, не здымаючы мокрай курткі, пашыбавала на кухню, хутка там нешта забразгала, нібыта полтэргейст гарэзаваў…
Мокры вецер аблізваў шыбы шурпатым чорным языком. Сьвечак на могілках усё менела… Нібыта адна за другой адляталі назад, у вышэйшы і лепшы сьвет, душы.
Ноч расстраляных паэтаў згушчала сваю цемру вакол дамка ля могілак.
Каб выкупіць прафесара, нам не хапала дзесяці тысячаў баксаў.
Божа мой, столькі пакутаў, крыві, каханьня — і ўсё ўпіраецца ў баксы. “Пратарчака жыцьця”, як сказаў бы Самсон Самасуй.
— Быў такі паэт, Рыгор Папараць, у сапраўднасьці — Сапун, — задумна прамовіў Макс. — Калі толькі пачыналіся рэпрэсіі, зьехаў у Піцер. Нават зладзіў там філію “Маладняка”. І ажаніўся выгодна — з дачкой былога латышскага стралка. Кватэра шыкоўная, з антыкварнай мэбляй… Дый жонка — першая прыгажуня, актрыса, балерына. Праўда, і раўнаваць даводзілася паэту…— Макс чамусьці кінуў змрочны позірк у бок Далілы. — Але й Папараця гэнага забралі. Прывезьлі сюды, у Менск… І тады жонка з цешчай прадалі з хаты латышскага стралка ўсё, што можна. Мэблю, карціны, футры… Бацька Папараця, селянін, але адукаваны, заможны — таксама аддаў, што меў. І выкупілі небараку з турмы. Праўда, той даў расьпіску, што болей ніколі пісаць ня будзе. І не пісаў. Вершамі душыўся. Плакаў у падушкі. Крычаў: “За што? За што?” А за тое… Што ня трэба беларусам нараджацца. І да таго ж — паэтам пры таталітарным рэжыме.
— Давядзецца і нам — шляхам Папарацевай радні,— прамармытаў Генусь.
— Ды вось жа — абраз прадамо! — узрадваўся Макс і працягнуў руку да Адзігітрыі.
— Не чапай! — сінхронна гукнулі Едрусь і Даліла.
— А што? — бязьвіным позіркам абвёў усіх Макс. — Мы ж не сабе грошы забярэм, а хіміка выкупім.
— Ня трэба гэта чапаць, пакуль Скаловіч ня вернецца. А потым… Потым гэта трэба вярнуць у храм, — цьвёрда прамовіла я. — А за айца Мікалая заўтра закажам саракавуст… Вось ня ведаю, ці ўдасца адшукаць ягоную магілу…
— Наўрад, — паківаў галавой Макс. — Калі дакладна месца не вядомае… Хіба Скаловіч бы пазнаў, і тое сумніўна. Та-ак, дасца нам гэты хімік у знакі… Грашовыя.
— У пячонкі ён нам дасца! — раптам “прарвала” абсохлую Далілу. Яе зялёныя вочы зноў пачалі бліскаць маланкамі. — Ён жа і сапраўды псіх! Вы што, не зразумелі? Маньяк! Цяжкое дзяцінства, комплексы… Яго цягне браць на сябе чужую віну. Ня ведаю, як гэты сіндром называецца ў псіхіятрыі. Але яго дакладна трэба лячыць! Калі б Чарнобыль пры гэтым тыпусе ўзарваўся — ён бы сказаў, што гэта ён узарваў! Прыдурак стары! Хто яго прасіў з міліцыянтамі ды дактарамі счэплівацца! Вось хай зараз і лечыцца!
Даліла намагалася, каб з вачэй ня выліліся здрадніцкія сьлёзы. Як яна злавалася на тое, што плача! І якая яна была прыгожая нават у такія моманты!
— Ну што, пайшлі па дамах? — падняўся Генусь. — Маці ня вельмі добра сябе адчувае. І грошы трэба шукаць. Застанецца тут хто сёньня начаваць?
Ахвотных не знайшлося.
Хата Разаліі Іванаўны стаяла чорная, апусьцелая, нібыта выкапнёвы чэрап. Я мімаволі перавяла пагляд туды, дзе побач сьвяцілася еўравокнамі вясёленькая трохпавярховая віла за высокім белым плотам з сістэмай відэаназіраньня.
Там ніколі ня будуць успамінаць расстраляных беларускіх паэтаў.
А на могілках тым часам згасалі апошнія сьвечкі. І ўва мне ў такт крокам біліся няроўныя радкі:
Фінальная гульня-1
“Шляхціц на загродзе роўны ваяводзе”. Так казалі продкі.
У XVI стагоддзі пасол Рымскага імператара Тэктантэр, які ехаў да Вялікага князя Маскоўскага, праязджаў праз Менск. Дык тутэйшы стараста затрымаў яго і пачаў зьдзеквацца, кажучы, няўжо Рымскі імператар ня можа мець сябрам якога-небудзь больш значнага гасудара, чым маскавіта.
Ведаў бы ён, што надыдзе час, калі маскавіты зробяцца тут гаспадарамі. А потым праз масквітаў паедуць да нас іншыя…
Я стаяла перад высокім белым плотам “загроды” усходняга бая Амара. З-за плоту брахаў сабака і бразгаў ланцугом. І бачыць ня трэба — ясна: здаравучы натрэніраваны зьвер. Вочка відэакамеры глядзела з выгнутага над плотам белага прэнту на мяне, нібыта іншапланецянін, або, як кажа мой вясковы дзед, “інаплан”. І мне здавалася, што гэты “інаплан” дужа дзівіцца, акругляе недаўменна чорна-сіняе вока: што за непаглядная істота ломіцца ў панскі дом?