Ён аднойчы тануў у “проланцы”, з якой вяскоўцы чэрпалі ваду. Патрапіў туды не з-за таго, што катаўся па лёдзе, а таму, што хацеў зазірнуць у чорную таемную бездань. Бо дакладна ведаў — там, на дне, залатая карона вужынай каралевы. І ведаў, як выглядае: высокія зубцы, на краях якіх дробныя перліны, як расінкі па краях лісьця мацярдушкі. І буйныя, як арэх, перліны па коле.
Нават падалося, што ўбачыў сьветлы круг… І тут жа абрынуўся ў ільдзяныя абдоймы вады. Ці вужынай каралевы, што не схацела аддаваць нават чужым вачам сваю маёмасьць.
Цяпер зноў падалося — бачыць карону з перлінамі. Кадура паціху выплываў з чорнай палонкі наверх, да залатога круга…
— Устаць, падла!
Боль вяртаўся, як надакучлівая жонка, якая пачынае сварыцца яшчэ за парогам. Нечы бот ударыў у бок.
— Што ляжыш, зноў верш сачыняеш? Мусіць, трэба ў галаву табе цьвік загнаць.
Ён і праўда спрабаваў пісаць вершы нават тут. На ўласных рызманах, на сьценах… Заўважылі. І ў якасьці пакараньня прыбілі руку цьвіком да тае ж сьцяны, на якой былі надрапаныя няроўныя, тонкія, як пульс паміраючага, радкі.
Не прасіўся і не наракаў. Толькі плакаў ад болю.
Тут хутка пераставалі саромецца крыку, сьлёз, прыніжаных маленьняў.
Проста ён ведаў, што ня выжыве. Ад сьмерці няма зельля.
Вязьня паставілі на ногі. І ён сустрэўся поглядам з таварышам Касіянавым. Поглядам ня грэблівым, ня злосным — дабразычлівым.
— Ты разумееш, Кадура, што ты зусім не герой? Напэўна, думаеш — нашчадкі даведаюцца, што ніколі ня быў супраць савецкай улады, што органы памыліліся… І ўшануюць цябе, бязьвіннага пакутніка. Вершы твае тамінай з залатым абрэзам выдадуць. А ты ведаеш, што знойдуць нашчадкі? — Касіянаў гаварыў амаль спачувальна. Кадура неўразумела глядзеў у яго спакойныя, як плаха, вочы. — А знойдуць яны пратаколы допытаў, у якіх ты прызнаешся ў сваёй шпіёнскай дзейнасьці. І называеш, хто з сяброў яшчэ замяшаны. І расстрэльваць цябе ніхто ня будзе. Ты паедзеш у высылку, папрацуеш на лесанарыхтоўцы. Потым вернешся, і цябе нават прымуць на працу ў газету “Советская Белоруссия”. І ўсе скажуць: ён перавыхаваўся, ён усіх сваіх знаёмых ворагаў савецкай улады выкрыў.
Вусны Зьмітра задрыжэлі. Вось жа, сволачы, заўсёды намацаюць тую кропку ў душы, дзе яшчэ можа забалець.
— Гэта ўсё няпраўда… Я быў амаль непрытомны, калі падпісваў…
— І хто пра гэта даведаецца? Хто паверыць? — мякка папытаўся Касіянаў. — Асабліва калі ёсьць людзі, якія ўсім раскажуць, што ты — шпіён і здраднік. Дарэчы, зараз я пазнаёмлю цябе з такім чалавекам.
Ахоўнікі пацягнулі вязьня ў суседні пакой.
За сталом, ганарліва адкінуўшы галаву на высокую сьпінку крэсла і схаваўшы рукі пад стол, у чорным паліто, зашпіленым да падбароддзя, сядзеў прафесар хіміі Валяр’ян Скаловіч.
Кадура моўчкі глядзеў на прафесара. Гарбаты нос, цені вакол прыжмураных вачэй, фанабэрыстыя вусны, неахайныя валасы… Рэзкае, непрыгожае аблічча.
Скаловіча многія не любілі. Расказвалі пра яго ўсялякія пачварныя гісторыі. Згвалціў, забіў, чужую працу прыўлашчыў… Ну і, вядома, стукач.
Але пра самога Кадуру таксама расказвалі ўсялякае. І таксама не любілі.
І яшчэ: Зьмітро ні разу ня бачыў, каб суровы прафесар да кагосьці падлагоджваўся, усьміхаўся, калі гэтага не хацелася, гаварыў тое, што чакаюць. Затое казаць непрыемнае майстар. Самавар, пабыўшы трохі ў кампаніі прафесара, мог закіпець сам па сабе. Ну дык і Кадура на такое здатны.
Сапраўдныя падлюкі так сябе не паводзяць.
Касіянаў нешта балбатаў над вухам пра тое, колькі ворагаў дапамог выкрыць Скаловіч, як ён нават уласных сяброў і студэнтаў не шкадуе. Нават, мусіць, перастараўся. Вось і Кадуру ледзь не прымусіў арыштаваць.
Зьмітрок моўчкі глядзеў на прафесара. Той не адвёў позірк, толькі скрывіў вусны ў горкай усьмешцы.
Кадура дакладна ведаў, што тут нічога ня робіцца выпадкова. Мадэст Касіянаў вывярае кожную дробязь. Што яны чакаюць ад гэтай сустрэчы са Скаловічам? Каб ён, Зьмітрок, узьненавідзеў прафесара? Дзіўна… “Сваіх” так не падстаўляюць.
— Давай, падыдзі да яго. Ня бойся. Ведаеш, Кадура, можа, ты ня так ужо і вінаваты. Ты ж таленавіты паэт. Табе трэба пісаць, друкавацца, аздабляць сваім талентам савецкую ўладу. А з-за гэтага чалавека, з-за ягонай падазронасьці, ты пазбаўлены такога лёсу. Мы — што, мы — хірургі, выдаляем з цела дзяржавы пухліны, нарасты, гнілыя часткі. А здаровыя тканкі пакідаем. Разумееш, пра што я кажу, паэт?
Кадура хітнуў галавою.
— Значыць, па-вашаму, я — гніль.
Касіянаў незадаволена скрывіўся — вязень яшчэ можа разважаць. Кепска.
— Гэта вырашылі напачатку ня мы, а гэты чалавек, Скаловіч. З-за яго ты тут апынуўся… Уяві: твае вершы, паэзія, а паміж імі і табой — гэты мярзотнік. Ня хочаш нічога сказаць яму? Ну, давай жа… Мы ня будзем супраць, калі ты з ім пагаворыш як мае быць. Скажу табе па сакрэце — мы ведаем, што прафесар загубіў і зусім нявінных людзей, сваіх сяброў. Яны загінулі з-за яго даносу. Праўда, Скаловіч?