Яна яшчэ працуе. Вучыць дзяцей. Яна не можа без працы. Без гэтае працы. Бо іншую яна ўжо не зможа рабіць, нават фізічна... Колькі разоў раней мы, яе вучні, спрачаліся са старэйшымі і меншымі суседзямі — чыя настаўніца лепшая (было й такое). I нязменна перамагалі. Супернікі прысаромлена замаўкалі, убачыўшы ці проста прыгадаўшы Антаніну Пятроўну. А зараз... А сёння...
Яна жыве. Што будзе з ёю далей, я, зразумела, не ведаю. Я ведаю толькі, што яна будзе жыць... I потым... У нас, яе вучнях. Ува мне. Тая маладзенькая дзяўчына з вялізнымі вачыма і тоўстай русай касой на грудзях...»
Гэта быў першы і апошні Петрусёў «аўтабіяграфічны аповед». Больш анічога, звязанага з ягонымі знаёмымі, блізкімі і нават аднавяскоўцамі, ён не пісаў. Хоць ад прозы зусім не адмовіўся. Але сюжэты, герояў выдум-ляў — ад пачатку да канца. Не, Пятрусь не пісаў нешта фантастычнае ці гістарычнае. Пісаў толькі пра сёння. Аднак — пра тое, што магло б быць... Аповеды сталі друкавацца. Чытачы, здаецца, не заўважалі «падману», верылі напісанаму, а часам падкрэслівалі, што той са-май рэалістычнасці, праўдзівасці, якой так дабіваўся Пятрусь, было і занадта...
I вось сёння зайшоў да Петруся ягоны даўні сябра, аднакурснік, і папрасіў пашукаць адзін перапіеаны ім некалі аповед Булгакава (памятаеце тыя часы, калі творы Булгакава хадзілі ці ў дрэнных ксеракопіях з машынапісу, ці перапісаныя ад рукі ў агульныя сшыткі), каб параўнаць яго з надрукаваным у двухтомніку. Сярод старых папераў Пятрусь і наткнуўся на «Аповед пра першую настаўніцу». Даў яго пачытаць сябру, каб заняць час.
— Слухай, стары,— сказаў той,— чаму ты яго не друкуеш? Тут ёсць пара мясцінаў, якія зроблены зусім няблага. А гэтыя чырвоныя гумавыя боты настаўніцы і пусты рукаў жакеткі на ветры і зараз у мяне ў вачах стаяць... Можа, і перапрацуй трохі, неахайнасці, наіўнасці прыбяры. Скажам, ты пішаш, што не ведаеш, як чуткі пра Прымака й Светку з'явіліся, хоць гэта й прыдумаць не цяжка, затое ведаеш, што ў ложку рабілася, быццам у нагах стаяў... Ну і іншае... Ды ты і сам бачыш што. Перарабі і надрукуй. Надрукуй, як памяць пра сваю настаўніцу. А хочаш — перапішы. Тут матэрыялу на аповесць хопіць...
«Мажліва, ён і мае рацыю...» — думаў Пятрусь, седзячы потым над перачытаным аповедам. Але зноў і зноў браў верх сумліў, які літаральна заядаў яго апошнім часам: «А навошта? Каму гэта трэба? Каму гэта будзе цікава сёння?.. Сёння, калі прайшоў час сэрца-сціскальных Праскуравых, Маркавых, Івановых. Калі чытаюцца толькі дэтэктывы і фантас-тыка...» Гэта быў нават не сумліў, а нейкае апраўданне ўласнае бяздзейнасці, ляноты, апатыі, якія ўжо колькі часу не выпускалі Петруся са сваіх кіпцюроў. I нішто не магло выбіць яго з гэтага стану. Хіба што во гэтае: «Аповед патрэбны хоць бы як памяць пра настаўніцу...» «Пачну, а там пабачым»,— падумаў Пятрусь і вырашыў, што перарабляць, выпраўляць анічога не будзе, каб захаваць якраз тую наіўнасць, якую зараз яму не паўтарыць... Сеў за машынку і выстукаў:
Забыты аповед
Сярод іншых папер гэты стосік нічым не вылучаўся...
1983—1990
Прафесія ў дзядзькі Мікіты была па нашым часе рэдкая. Такой ні ў якіх вучылішчах не вучаць. Давалася яна раней у вёсках з дзяцінства. Кожнаму. Разам з днём нараджэння і імем можна было ўпісваць яе ў метрыку. Сам дзядзька Мікіта на сучасны лад называў сябе «шофірам». I не інакш, бо кіраваў ён «двухскарасной цяглавай сілай». Ну, скажу, з тым, што яна «двухскарасная», я не згаджаўся: хуткасць была адна — «но», другая — «тпр-р-ру» — служыла тормазам. Аднак прафесія ўсё роўна была файная. I дзядзька ведаў гэта.
- Я ніверсіцетаў не канчаў,— бывала крычаў ён у вечаровы змрок, і вочы ягоныя, мокрыя і мутныя, акругляліся ад натугі,— аднак усё магу. Хоць на кані, хоць з сякерай... Не тое што некаторыя...
Апошняе гаварылася звычайна ў бок нашае хаты і прызначалася майму бацьку-настаўніку. Ен вырас у горадзе і доўга, пакутліва прывыкаў да вясковай работы. Дагэтуль нават пеўня нікчэмнага сам засякчы не мог. Клікаў дзядзьку Мікіту. Той прыходзіў не адразу, прасіў закурыць, доўга, пагардліва камечыў цыгарэтку, нарэшце прыкурваў і казаў:
- Ну вядзі, Пятро...
Мой бацька, заўсёды такі вялікі і высокі, драбнеў побач з ім. Плячысты, з даўгімі ад работы рукамі і шырокімі, растаптанымі нагамі, дзядзька выходзіў з хаты, прыгінаючы ля парога сваю невялікую, адноена цела, галаву. У сенцах дзядзька спрытна хапаў сякеру за шыйку ля абуха, браў пад вядром маўклівага пеўня ды ішоў у двор. Адчуваючы сілу і ўпэўненасць, певень не вырываўся, а толькі злёгку падрыгваў нагамі і пакорліва клаў галаву на калоду. Сякера ціха, амаль без хрусту, уядалася ў шыю птушкі, галава падала на зямлю і працягла-доўга глядзела ў неба шырока раскрытым ад болю вокам. Певень рэзка, канвульсіўна торгаўся, кроў штуршкамі вылівалася з цела. Аднойчы птушка была вырвалася з рук і доўга слепа бегала па двары безгаловая, крывавячы сябе і зямлю, пакуль дзядзька не дагнаў яе і не прыціснуў ботам да плота...
Выкрыкі суседа звычайна заканчваліся хутка. Цётка Саша, пачуўшы, што з'явіўся «хадзяін», у чым была выбягала на ганак, хапала мужа за каўнер і цягнула ў хату, злосна прыгаворваючы:
- Зноў напіўся, паскуда... Крычыш як рэзаны на ўсё сяло. Пасмешышча робіш...
Дзядзька нешта мыкаў у адказ і пакорліва тэпаў у хату. На двары заставалася толькі «двухскарасная цяглавая сіла» — кабыла Машка. Не раз так і начавала яна тут, запрэжаная, забытая ўсімі.
* * *
Раніцай дзядзька быў зусім іншы. Хмель выходзіў у сне. Прачынаўся ён раненька ад моцнай смагі. Піў адзін за адным некалькі кубкаў халоднай з начы вады. Смага адыходзіла, але ўсім целам авалодвала ламота і нясцерпны сверб: пахмяліцца. Аднак цётка Саша гарэлкі яму не давала. Не давала і грошай. Дзядзька Мі-кіта хуценька, як мог, зашпільваў дрогкімі рукамі гузікі і абягаў суседзяў у пошуках пахмелу. Забягаў ён і да нас. Праўда, рэдка. Хата нашая, напэўна, была для яго апошняй надзеяй, і ён пакідаў яе пад канец.
- Іванаўна,— гаварыў Мікіта з парога маці,— паглядзі, як рукі дрыжаць, растуды іх. Які ж з мяне сёння работнік. Выручай. А я табе, можа, гной як вывезу, можа, поле з'араю...
Маці адмовіць яму не магла. Як хвораму. Хоць і баялася цёткі Сашы. З рублём, зацятым у дрыготкім кулаку, дзядзька Мікіта лёгка, як радасны хлапчук, выбягаў з хаты і імчаў у краму.
У тую раніцу я хварэў і ў школу не пайшоў. Рабіць не было чаго, я ляжаў на печы і чытаў. Хадзіў я тады ці то ў першы, ці то ў другі клас і чытаў яшчэ ўголас. Толькі прашамкаў бяззубым ротам некалькі слоў, як па чарзе прамільгнула ў вокнах ватоўка дзядзькі Мікіты, потым глуха застукалі ў сенцах яго боты-кірзавікі, і дзверы адчыніліся.
- Урокі робіш? — спытаў дзядзька, убачыў-шы мяне.— А мамка дзе, на рабоце ўжо?..
Я кіўнуў.
Дзядзька нервова прайшоўся па хаце. Я, зразумела, ведаў. што яму трэба, але сказаць не мог. Баяўся і саромеўся. Адначасна.
Ад парога дзядзька вярнуўся назад. Ісці яму не было куды.
- Паслухай, Віцька...— пачаў казаць ён, ды раптам моцна зморшчыўся, нібы ад болю, і замоўк. Потым махнуў у мой бок рукой і павярнуўся да выхаду.
- Дзядзька Мікіта,— нерашуча прамовіў я,— пачакайце...
Ен запытальна павярнуўся да мяне. А я кінуўся ў суседні пакой, схапіў сваю скарбонку і стаў трэсці яе над сталом. Дзірка ў ёй была вялікая, капейкі лёгка выкочваліся, звонка дзынкалі, кружыліся па стале, падалі на падлогу.
- Бярыце, у мяне іх шмат...