Стажор націснуў гузік на падлокатніцы фатэлю.
- Нуль цэлых восемдзесят пяць сотых адсотка алькаголю. Цэнтар паведамляе, што па дарозе зь піўзавода прадаўшчыца Міронаўна з дапамогаю шафёра Кадука ўліла ў бочку два вядры вады.
- Гэта нам і бяз Цэнтра вядома, - прамовіў сінятвары і салодка пазяхнуў бяззубым ротам.
Да бочкі было не падступіцца. Рыгор Гарашчэня, заціснуты між лядашчай цётухнай на мыліцах і нейкім рабаціністым недаросткам, падаўся быў наперад і ў той жа самы момант нечыя кашчавыя пальцы схапілі за рукаў.
- Куды прэш, каз-зёл! – прагугнявіў пад самым вухам недаростак. Рыгор рэзка павярнуўся і цётухна на мыліцах загрэла яму ў лоб двума пустымі кухлямі.
- Мне паўтарыць! – крыкнула кабета, дыхнуўшы на Гарашчэню такой агідай, што ў таго аж пацямнела ўваччу.
“Усё нармалёва”, - супакоіў сябе Рыгор. Стаўшы на на дыбкі, ён зірнуў на прадаўшчыцу. Ружовашчокая, падпяразаная, быццам той разьнік, цыратавым хвартухом, прадавачка са спакойнай разважнасьцю лічыла кухлі, раз-пораз куляючы іх у бяздонны поліэтыленавы мех.
- Міронаўна! Хутчэй там! – гойкнулі з натоўпу, і Міронаўна, перапыніўшыся, пагрозьліва агледзела натоўп.
- Не замінайце! Саб’юся!
Пасьля лічбы “пяцьдзесят” мех узвалілі на карак нейкаму спрэс лысаму, і Рыгор прабіўся да бочкі.
- Мужыкі, дазвольце кухлік… Я зь цягніку, - прамовіў ён, улюбёным паглядам азіраючы прысутных.
- Усе зь цягніку, - зьвягнуў за сьпінай недаростак, перадаючы цераз Рыгораў плячук парожні посуд.
- Два гады піўца не каштаваў… з Поўначы еду…
- А хоць зь Бігосава! – падаў голас недаростак, і ў натоўпе стрымана рагатнулі. Захоплены сваім дасьціпным жартам, недаростак удругарадзь выгукнуў: “А хоць зь Бігосава!” і, пераймаючы зь нечых рук тузін перапоўненых кухляў, плёхнуў кіславатага пойла на ўскудлачаную галаву Гарашчэні.
Хвіліну Рыгор стаяў у непаразуменьні, глытаў кіслыя кроплі, потым увесь сьцяўся і, крыкнуўшы штосьці няўцямнае, рынуўся наперад.
- Колькі каштуе твая бочка? – сарваным голасам крыкнуў Рыгор, панурваючы руку ва ўнутраную кішэню скуранкі.
Міронаўна спуджана залыпала вачыма.
- Дзьвесьце рублёў учора здала… як да капейкі. Яшчэ на дзьвесьце засталося.
Наступным імгненьнем аматары піва, што зьбіліся да “сьвінаматкі”, убачылі і пачулі неверагоднае. Мокрагаловы фацэт у скуранцы выцягнуў з кішэні гаманец і, адлічыўшы з важкага пачка чатыры зялёныя, кінуў іх на вільготную талерку.
- Бяру бочку. Чатыры кухлі мне, астатнія – людзям!
Узяўшы з рук уражанай Міронаўны кухаль, ён павярнуўся да недаростка, дзьмухнуў таму на порткі пенныя хлапякі і, злавесна пасьміхнуўшыся, загадаў:
- А гэтага выдаліць!
Імгненьне збой наструнена маўчаў, утрапёна гледзячы на пацямнелыя ад вільгаці паперкі, потым усе разам загаманілі, заварушыліся, і чыясьці пудовая, з надпісам “Варкута” на запясьці, рука схапіла недаростка за каршэнь.
- Хто ён такі, гэты недаростак?
Стажор націснуў кнопку на левай падлокатніцы.
- Рысеў Анатоль. Дваццаць восем гадоў. Адукацыя восем клясаў. У 1978 годзе, на падпітку, зьбіў да паўсьмерці сваю жонку Рысеву Марыю. Ад вязьніцы адмазаў родны брат. Стала нідзе не працуе, перабіваецца выпадковымі заробкамі.
- Напэўна, па братана пабег, - прамовіў сінятвары і, каторы ўжо раз пазяхнуўшы, выцягнуўся на плястыкавым лежаку.
- Скончыш праграму – пабудзі! – бадзёра прагучала з сынтэзатару, і праз імгненьне біяхвалі данесьлі да стажора натужлівае храпеньне сінятварага.
Аточаны ўсеагульнай увагай, Рыгор Гарашчэня сядзеў на ганаровым месцы – засланым газэтай вечку каналізацыйнага люка, што вытыркаўся зь зямлі, і з асалодаю пацягваў халаднаватае піва.
- Васемсот маю, - з абыякавасьцю ў голасе казаў ён падпітым дзядзькам, косячы вокам то на свой цягнік, то на трохмэтровага алімпійца, які пасьміхаўся яму зь вялізнага, пакрытага зьнізу адметнымі жоўтымі пісягамі шчыта.