“Куды гэта яны?” – зьбянтэжыўся быў Яша, але ў той жа момант убачыў сярод сьціжмы вучнёўскіх галоў бялявую галаву сябра.
- Пеця! – гракнуў ён, зрываючыся з коміну.
- Яша! Яша прыляцеў! – грымнула дзятва, а крумкач, даўшы кругаля над вучнёўскай сябрынай, скочыў на плячук шасьціклясьніка Бяляцкага.
- А нашай школе трыццаць гадоў! Нас будуць здымаць на тэлебачаньне.
І Яша, які цэлае лета ня бачыў сяброў, бліснуў пацеркамі вачанят і радасна залапатаў крыламі.
Над школьным дваром, у прадоньні яшчэ цёплага неба, кружлялі танюткія павуцінкі. Яны вясёлкава зіхцелі на сонцы, здавалася, напята зьвінелі, а пачапіўшыся да сьвяточна-белых стужак, казыталі шчасьлівыя тварыкі першаклясьніц. Адна з павуцінак апавіла чорную дулю мікрафона, і, перш чым сказаць словы вітаньня, Глафіра Ягораўна зь нейкім дзіўным спакоем цікавала за яе трымценьнем.
Глафіра Ягораўна, жанчына энэргічная і паважная, мела зычны голас, апрача таго яна пісала вершы, якія друкавала ў раённай газэце, і таму адкрыць сьвята было даручана менавіта ёй.
Удыхнуўшы паветра, яна зірнула на свой адбітак у аб’ектыве тэлекамэры і ўсхвалявана прамовіла:
- Дарагія сябры! Перш чым даць слова нашым гасьцям, - Глафіра Ягораўна няўзнак зірнула на загадчыка аблана, што прыехаў на сьвята, - я хачу прачытаць новы верш, які напісаўся сягоньня ноччу і які прысьвячаю трыццатай гадавіне нашай школы.
“Дарагія сябры” стаілі дых, павуцінка на мікрафоне ніца абвісла, баючыся нат зварухнуцца, а паэтка, керхануўшы ў жменю, пачала:
Дзеля большай выразнасьці паэтка ўзьняла ўгору палец, і шыкоўны пярсьцёнак-пячатка здрадліва бліснуў на сонцы. Праз хвілю, нібыта пацьвярджаючы прароцтва, у небе суха залопалі крылы, а на галаву Глафіры Ягораўны абрынуўся вялізны крумкач. Атабарыўшыся на кучме рудых валасоў, крумкач схапіў паэтку за выстаўлены палец.
- Пакарыцца яму далячынь… - ікліва прашаптала Глафіра Ягораўна і паволі асела долу.
Зрабіўшы сваю справу, разбойнік ускочыў на мікрафонны старчак, незадаволена гракнуў, і Яшаў крык громам нябесным пракаціўся па навакольлі.
Паэтку падхапілі, ахвяравалі насоўку, пырснулі ў твар вады.
“А гэта правал”, - з разважнасьцю, вартай Ісаева-Шцірліца, падумаў дырэктар і, каб хоць нечым улагодзіць сытуацыю, махнуў аркестру.
Аркестар падшэфнай цеплаэлектрацэнтралі ўрэзаў туш. Музыкі адчайна дзьмулі ў трубы, бубнач лупіў булавешкаю так натхнёна, што паласатая кепурка на музыкавай галаве пайшла ў скокі, але ніякія тушы не маглі заглушыць выбухаў здаровага дзіцячага рогату.
Пад час апошняга ўроку Яша сядзеў на школьным даху і зь неадчэпнаю думкаю пра харч чысьціў пёры. Ён ужо зьбіраўся зьляцець долу, як у будцы, дзе месьціўся паддашкавы люк, бразнула засаўка і нехта няўцямна замармытаў. Неўзабаве вечка люка ўзьнялося і Яша ўбачыў выкладчыка беларускай мовы і фізкультуры Абакумчыка. Вылезшы з будкі, Серафім Януаравіч абабіў калашыны, заклапочана глянуў на кардонавую скрыню.
- Прывітаньне! – ужо ў паветры гракнуў Яша, падлятаючы да госьця.
Госьць пужліва падскочыў, дастаў з кішэні акраец здобнай булкі, расьціснуў мякіш.
- Еш, еш, - шчыра шапятнуў Серафім Януаравіч, скідваючы свой гаматны, запэцканы ў пабелку, пінжак.
Лямант захрас у глотцы разам з крыхоткамі здобнай булкі. Яша торгаўся, тузаўся, драпаўся, але марна.
- Сядзі, сядзі! – адлётаўся, - прагучала ля вуха, і ён сьцішыўся, намёртва апавіты мадняцкім крымпленавым пінжаком.
А потым было пекла – цёмны, навылёт прасьмярдзелы бэнзынам і паленай гумай, закутак. Тут, у закутку, яго страшэнна трэсла, шпурляла ва ўсе бакі, па дне закутка перакочваліся нейкія пляшкі і даводзілася пераскакваць празь іх, стукаючыся патыліцай аб нізкую столь. Стукнуўшыся разоў дваццаць, ён страціў прытомнасьць і ўжо бесклапотна качаўся па пекле ў абдымку з пустымі бутэлькамі.
Да жыцьця яго вярнуў глыток сьвежага паветра. Апрытомнеўшы, Яша адчуў, што ляціць дагары нагамі, і, не пасьпеўшы распасьцерці крылаў, ляснуўся вобзем. Ён паспрабаваў устаць, але ня здолеў - галава гула і круцілася, не раўнуючы як заведзены жэўжык.
Усьлед яму з бажніка паляцелі нейкія брудныя шматкі, кавалкі “Настаўніцкай газэты” і пабітая піўная бутэлька, якая, бліснуўшы на сонцы, мякка чвякнула ў прыдарожны жвір.
Бразнуўшы вечкам, Серафім Януаравіч ускочыў у легкавік. Хвіліна, і чырвоны “жыгуль”, дыхнуўшы бэнзынавым гарам, зьнік за павароткай наежджанай вясковай дарогі.
Прайшлі два доўгія месяцы.
Пасьля абложных дажджоў, якім, здавалася, ня будзе канца, выдарыўся смужны сьвяточны зазімак. Зямля за ноч падсохла, плыткія лужыны зацягнуў лядок, і заняткі па фізкультуры вырашылі правесьці на стадыёне.
Парна дыхаючы стылым паветрам, вучні выбеглі на шэрхлую сьцяжыну, і Серафім Януаравіч з насалодаю дзьмухнуў у сьвісток.
- Два кругі, высока ўзьнімаючы калені! – гукнуў выкладчык, пляснуўшы ў далоні.