- Авіяцыю? Якую авіяцыю, навошта?
- Як навошта? Саранчу труціць.
Хвіліну бацька глядзеў на коніка, пасьля з шумам набраў паветра і, адкінуўшыся на прыслон лавы, зарагатаў так гучна, што кот Базыль зь перапуду сігануў на касьцёр бярозавых дроў, а певень, што хадзіў па надворку, натапырыўся і незадаволена кудахнуў.
- Ты, дарэчы, у якім клясе вучысься? – спытаў, нарэшце, бацька, выціраючы сьлёзы.
- Ну, у сёмы перайшоў.
- Дык вось, у тваім узросьце ўжо трэба ведаць, што адрозьніваюць статкавых прастакрылых – саранчу, якая шкодзіць сельскай гаспадарцы, і нястаткавых – кабылак, адну зь якіх ты трымаеш у руцэ. Яна хоць і падобная да саранчы, але асаблівай шкоды ня чыніць. Дый саранча ўвогуле да нас, здаецца, не залятае.
Пальцы разьняліся самі сабой. Хвілю конік сядзеў нерухома, і Жэрар падумаў ужо, што ён нежывы, але неўзабаве той схамянуўся і вомігам пераляцеў на жоўтую багатку пад плотам. Уладкаваўшыся на пяшчотных, прысыпаных пылком пялёстках, зялёны скакунец спачатку асьцярожна, а потым усё гучней і гучней застракатаў сваю песьню. Конік трашчаў так натхнёна, так радасна, як, бадай, ніколі дагэтуль: у Жэрара нават пазакладала вушы. Ды коніку было з чаго радавацца – ён вырваўся з палону, ён застаўся жыць, і стракаценьне ягонае ўлілося ў велічны і такі непаўторны голас роднай зямлі.
Апошні кватарант
Сінім травеньскім адвячоркам, блізу дзевяці гадзін, з варот пасёлка трубаправодчыкаў выйшаў падгалісты мужчына ў капелюшы і з маленькай «лазеннай» валізай у руках. Выходзячы з варот, мужчына на хвілю супыніўся, зірнуў нядобрым вокам на крайні вагончык, на якім, калі прыгледзецца, можна было ўгледзець нязграбны надпіс «Сталовая» і, пацёршы далоньню чэрава, рушыў у кірунку хутара Хвашчавік.
Цягам наступнай гадзіны мужчына блукаў у прырэчных кустах, колькі разоў пераходзіў уброд балоцістую рачулку, а калі ўрэшце выбіўся на сухое, на галаве ягонай не было капелюша, а змораны, крануты зелянінаю твар, сьведчаньне застарэлай нястраўнасьці, быў густа падрапаны маладым маліньнікам.
Зь першага погляду мужчыну можна было палічыць за шпега, і менавіта за шпега і палічылі яго падшывальцы, якія тым часам вудзілі на рэчцы рыбу, але добрыя, глыбока пасаджаныя вочы, адсутнасьць цёмных акуляраў і тое, як шчыра мужчына лаяўся, выкручваючы шкарпэткі, пераканала падшывальцаў, што гэта чалавек наскі, і яны, адседзеўшы ў кустах цэлую гадзіну, на злом галавы кінуліся дадому.
Ноч між тым абяцала быць ядранай. Волкі ветрык, які павяваў з усходу, нэрвовымі дрыжыкамі абмацваў мокрыя лыткі, сьцягваў скуру на патыліцы і дробна матляў бледна-зялёны лісьцік хмелю на левым вуху. Адзінае, што цяпер сагравала прараба Антановіча, дык гэта цёплыя ўспаміны пра Калмыкію – пра начныя цяпельцы ў стэпе, пра смажаную на шырокай калмыцкай патэльні сайгачыну і пра сам стэп – бязьмежны і пляскаты, нібыта тая патэльня, на якім не расьце праклятушчы алешнік, у нетрах якога так лёгка зблудзіцца.
... Гаспадар хутару, каржакаваты дзядок у вайсковых падштаніках, сядзеў ля пустой сабачай будкі і абіраў бульбу. Павітаўшыся, Мірон Пятровіч паставіў валізу, памасіраваў рукой нібыта хворае сэрца, войкнуў на знак страшэннай змогі, але хітрыкі ягоныя пайшлі на марна.
- Вы ж, пэўна, на кватэру? - не падымаючы галавы, запытаўся гаспадар. – Толькі ж дарма ішлі. Мы на кватэру не бяром. Швагерка была ўзяла двух вашых, дык яны ў яе сабаку зьелі і пуню спалілі. – Шпурнуўшы абабраную бульбіну ў саган, гаспадар з вохканьнем падняўся на ногі.
Мірон Пятровіч прыпаліў цыгарэту, зірнуў на абгарэлыя, падобныя да рэбраў дагістарычнай жывёлы, кроквы нейкай спаруды, што чарнелі ўглыбіні двара, і толькі тады зразумеў: зваршчыкі, якія параілі яму зьвярнуцца на хутар, папросту нахабна кпілі. Зацягнуўшыся гаркавай «Прымай», Мірон Пятровіч летуценна памахаў рукой, разганяючы ці то дым, ці то астатнія спадзеўкі ўладкавацца на пастой. Балючая крыўда – крыўда на сваё беспрытульнае жыцьцё, на сваю былую жонку, на гэтага старога куркуля ў прасцаных падштаніках гостраю рэзьзю азвалася пад дыхніцай. Ён пайшоў, не разьбіраючы дарогі, і старому куркулю, перш чым ён супыніўся, давялося колькі разоў голасна крыкнуць:
- Таварышок... Чамаданчык забярыце!
Прараб вярнуўся, схапіў сваю валізу, зь якой не разлучаўся з часін асваеньня цаліннай і абложнай зямлі, і, ня гледзячы на куркуля, працэдзіў:
- Б’емся як рыбы... здароўе кладзем, каб ім газаправод пабудаваць, а яны...
- Аво-ой, чалавеча! - сьпеўна азваўся на тое куркуль. – Газу твайго я не пабачу. Вось калі б ты мне яго ў хату правёў, тады б была размова.
Знаёмы ад дзяцінства зык: сыканьне малака ў даёнцы і саладжавы пах сырадою, што струменіў з разнасьцежаных дзьвярэй хлеўчука, прымусілі Мірона Пятровіча сур’ёзна задумацца над апошнімі дзедавымі словамі. Праглынуўшы густую сьліну, ён азірнуўся на бакі, зьняў з вуха бледна-зялёны лісьцік хмелю і ўпэўненым голасам прамовіў:
- Газ будзе.
Кватарант, расьпешчаны і распараны, прыбраны ў новыя дзедавы споднікі, сядзеў пры стале і са шматслоўнымі паўзамі, пад час якіх сёрбаў адвар дзівасілу, скардзіўся на сваё дарэшты сапсаванае здароўе.
- Ох, і паклаў жа я здаровейка на тых трубаправодах, - сьлёзна казаў ён дзеду з бабуляй. – Перад тым як сюды ехаць... зайшоў праверыцца... Лекар прагледзеў аналізы і ці-і-іха так кажа: - Пятровіч, у цябе кіслотнасьці – нуль... Нуль! - бразнуў кулаком па стале кватарант, і бабка Агата, якая зьмежыла было павекі, спалохана падскочыла на табурэце.
- Хочаш, кажа, жыць – кідай сваю працу... Здаровы сон, кумыс, малако... гэтага... ні кроплі! - кватарант мелькам зірнуў на абтрушчаны кукурузны кіях, якім была закаркаваная бутля, і заклапочана пакруціўся на крэсьле. – Ды як кінеш? Дваццаць пяць гадоў на трасах... Бухара – Урал чулі? - Дзед Яўхім асавела паглядзеў на пастаяльца, заківаў галавою. – Першы мой трубаправод. Цяпер тыя, з кім пачынаў, - ого-го! Хто трэстам кіруе, хто ў глаўку сядзіць, а я... як быў прарабам, так ім і застаўся.
Мірон Пятровіч суціх, пачухаў тое месца, дзе быў намаляваны інвэнтарны нумар споднікаў, і зноў, каторым ужо разам, утаропіўся на кукурузны кіях.
- Гоніце? - нечакана запытаўся вечны прараб, і ў голасе ягоным чуўся дакор уадначас са шчырым захапленьнем.
- Ганю, Пятровіч, ганю... – гаспадар ашчадна кашлянуў у жменю. – А што рабіць? Хто-небудзь пра нас, старых, падумаў?
- Ніхто не падумаў! - падтрымаў гаспадара пастаялец, чарговым разам грукнуўшы кулаком па стале.
«Чарніла» таго ня стала, а тут... гарод узараць – стаў гусак, дровы прывезьці – гусак, за газ дык ажнуль тры літры паставіў...
- Газ, дзеду, я табе дармавы правяду. Зраблю прамую ўрэзку ў газаправод.