Адсутнасьць гістарычнай памяці — адметная рыса беларускага соцыюму. Тая ж вайна ды пакуты бацькоў мала цікавілі маё пакаленьне. Я ў маладосьці наагул не любіў слухаць рэтраспэктыўных аповедаў і з усяго сказанага маці запомніў толькі, што “немец доўга стаяў пад Віцебскам”, і што па вайне таўклі на мязгу ды елі бярозавую кару. І толькі захапіўшыся беларушчынай, стаў цікавіцца сваімі продкамі і тым — чым займаліся мае крэўныя за даўнім часам.
Продкі па матчынай лініі паходзілі з Гарадоцкага павету, жылі ў мястэчку Бычыха і займаліся ганчарствам. Прадзед, нібыта, трымаў цэлую сябрыну і вазіў прадаваць глякі, збаны ды макітры ў сталіцу імпэрыі. Ганчарныя кругі шпарка круціліся, справе, здавалася, ня будзе зводу, але напярэдадні японскай вайны прадзед захварэў на сухоты — гэта была прафэсійная хвароба ганчароў, — сябрына пазбылася спраўнага кіраўніка і неўзабаве разьбеглася. Прадзеду пасьля таго давялося заняцца земляробствам. Ён набыў кавалак зямлі ў вёсцы Шакурова, паставіў крытую гонтам хату-пяцісьценку, у якой і зьявілася на сьвет мая маці.
... Тым летам у Шакурове, як і ў іншых беларускіх вёсках, гарлалі пеўні, рыкалі дагледжаныя каровы, вяскоўцы касілі на загуменьні канюшыну, і ўражаны вясковай ідыліяй камуна-кадук напісаў на скрыжалях жыцьця крывавае слова “калектывізацыя”.
Падчас калектывізацыі палова шакуроўцаў паехала ў Сыбір, на раку Зею, а другую палову камуноіды аблупілі да жывога і сагналі ў калгасы.
“Гаспадарка ў нас была ладная, аднак парабкаў ня бралі, таму і ўратаваліся”, — паведаміла падчас задушэўнай размовы цётка Вольга, і калі я, малады ды гарачы, запытаўся — чаму ж не было супраціву, чаму мужыкі ня ўкінулі якога басяка ў калодзеж, цётка адно ўздыхнула і на твары ейным адбілася ўсё тая ж вінаватая ўсьмешка.
Менавіта тады мяне ўпершыню наведала думка аб калектыўным мазахізьме беларусаў. Калі ж крыху пазьней я прачытаў творы нашых пісьменьнікаў, у якіх з хваравітай асалодаю апісваліся пасьляваенная нястача і пакутніцкі лёс вясковых бабуль, дык канчаткова пераканаўся ў мазахісцкім пачатку беларускай душы.
“Божухна... як жа мы, Віця, страшна жылі... Колькі мы з тваёй мамай зьведалі пакутаў... Бацька наш, твой дзед, памёр ад тыфусу, хату немцы спалілі. Прыехалі ўзімку, акурат перад Новым годам, сагналі баб ды дзяцей у кучу, і шуганулі агню пад стрэхі... А ўсё праз партызан...”
Я слухаў цётку, ноздры мае кранаў пах зьляжалага сьнегу, уваччу мітусіліся вахлачыя постаці партызанаў, з ласкі якіх немцы спалілі матчыну хату, а разам зь ёю і палову краіны, і, за прыкладам У. І. Леніна, думаў пра Беларусь і пра свой народ. Пра народ, які стагодзьдзямі гібеў, патанаў у п’янстве, у брудзе, у вялікай і дробнай хлусьні; голасна пяяў хваласьпевы розным хамулам і выблядкам, што сядзелі на ягоным карку; калі надта прыпякала, стагнаў, расьціраў па твары крывавыя смаркачы, і ані разу не падняўся грамадой на абарону сваёй годнасьці, не засьведчыў свайго памкненьня да людзкага жыцьця. І ёсьць усе падставы меркаваць, што ў ХХІ стагодзьдзі Беларусь напаткае лёс Прусіі, дзе спачатку зьвяліся прусы, а потым і сама назва краю была сьцертая з мапы.
Кажуць, што немаўляты ў першыя дні па нараджэньні бачаць сьвет дагары нагамі. Відаць, такім, дарэшты перакуленым, і ўбачыў я свой Полацак з вокнаў тамтэйшай Краснай больніцы. Надарылася гэта ў верасьні 1953-га.
Пабачыць сьвет у падобным ракурсе было ня толькі цікава, але й павучальна. Немаўля яшчэ не ўсьведамляла сябе жывой істотай, а ўжо мусіла зразумець: у гэтай краіне ўсё дагары нагамі. І сапраўды, калі ў іншых краінах на гары, пры ўладзе, былі самыя разумныя, сумленныя і адукаваныя, дык у Краіне Саветаў да таго часу ўсё разумнае, сумленнае і адукаванае ляжала ў магіле, а наверсе завіхалася ўсё тупое, подлае і неадукаванае. Дарэчы сказаць, акурат у верасьні 53-га ўсе гэтыя хрушчовы, молатавы ды іншыя сталінскія кілеры ладзілі свой пленум і дзялілі ўладу.
Нарадзіцца ў Полацку, можна сказаць, на цьвінтары Сьвятой Сафіі, пабачыць з акна радзільні перакуленую апсыду старажытнага храму і ня стаць, кажучы словамі пісьменьніка Л. Прокшы, бебурнацам, я проста ня мог. Энэргетыка сьвятога места працяла маю недалужную істоту, у мазгох індукаваліся токі, і, паблукаўшы па зьвілінах, заклалі ў іх жыцьцёвую праграму: аднаўленьне Вялікай Крывіі. Спробы рэалізацыі такой праграмы былі небясьпечныя для здароўя, а між тым у справе гадаваньня здаровага цела ўзьніклі складанасьці — у маці пасьля галадоўлі грудзі былі пустыя, і давялося смактаць праз соску разбаўленае казінае малако.
Па маіх народзінах бацька, малодшы лейтэнант Савецкай Арміі, прыйшоў на службу з дзьвюма пляшкамі гарэлкі, афіцэры павіншавалі яго з нараджэньнем першынца, узялі па чарцы і па старой армейскай завядзёнцы сталі падбіраць імя. Дзеля гэтага напісалі на паперках уласныя імёны, кінулі паперкі ў фуражку, і бацька з наструненай усьмешкай на твары выцягнуў Віктара. Пасьля таго майму «хроснаму», пад ухвальныя воклічы прысутных, давялося шыбаваць у краму за «дабаўкай».
Такім чынам, мяне назвалі Віктарам, але імя гэтае мне зь дзяцінства не падабалася. Ужо ў сталым веку, разглядаючы, так бы мовіць, ягоную сэмантыку, яго адпаведнасьць сваёй натуры, я кожнага разу адчуваў, што гэтае імя не маё, бо выпала мне недарэчным чынам. Зрэшты, так яно і было: імя нарадзілася не ў бацькоўскіх галовах, а ў зашмальцаванай вайсковай фуражцы, таму й было адрынута душою.
І вось, працяўшыся ў няпоўныя 18 гадоў беларускім духам, я мусіў паглыбіцца ў нетры анамастыкі, шукаючы яму крыўскі адпаведнік. Калі б на той час пад рукой быў слоўнік Ластоўскага, я б, відаць, ахрысьціў сябе Віктусём, але пра той слоўнік у 1971 годзе не было й почуту, таму давялося перабраць шмат варыянтаў, аж пакуль на вочы не патрапіла назва аповесьці Барыса Мікуліча «Жыцьцяпіс Вінцэся Шастака». Імя Вінцэсь лагодзіла слых сваім мяккім канчаткам, які этнічныя расейцы ня ў стане прамовіць (жонка аднаго майго сябра, кубанская казачка, і дагэтуль кажа: Вінцэс; уральцы, зь якімі працаваў на Поўначы, называлі мяне Вінцэстам; а татарын у цывільным, што прыехаў у наш таёжны пасёлак з двума міліцыянтамі, ад парога пагрозьліва запытаў: «Гражданин Пинцет?»), да таго ж яно захоўвала пачатак першароднага імя і, гэткім чынам, улетку AD MCMLXXI на Беларусі на аднаго Вінцэся стала болей.
Беларусізацыя імёнаў наагул справа ня зь лёгкіх. Памятаю, свойчас шмат пакутаў на гэтай ніве зьведаў Сяржук Сокалаў-Воюш – тады яшчэ проста Сяргей Сокалаў. Сябруку таксама муляла ягонае імя, і ён спрабаваў надаць яму крыўскае гучаньне. «Серы, Сергусь, Сяржант...» – дзень да ночы мармытаў малады паэта, нарэшце, паехаў у Менск, па кансультацыю да Вінцука Вячоркі, але й той ня даў рады зьбеларусіць Сяргея.
Аднойчы пад Новы год ахвяра самабеларусізацыі ўвалілася да мяне ў кампаніі яшчэ аднаго Сяргея — Дубаўца, каб адведаць Анатоля Сідарэвіча, які прыехаў зь Менску ды захварэў і ляжаў на маёй канапе. Мы ўчатырох сталі абмяркоўваць сокалаўскую праблему, нечакана за левым вухам у мяне штосьці шчоўкнула, мазгі прасьвятлелі, і я гучна прамовіў: «Сяржук!» Запанавала няёмкая цішыня, якую парушыў спадар Сідарэвіч: «Ды што вы, бляха… сяр ды яшчэ і жук...» Пасьля такіх словаў дзядзька Анатоль хваравіта кашлянуў і павярнуўся тварам да сьценкі.
Праз пару тыдняў паэта, уздыхнуўшы, перапытаў: «Дык, кажаш, Сяржук?»
«Сяржук», — пераканаўча прагугнеў я ў адказ.
«Прозьвішча вось толькі расейскае, — працягваў сябрук, — трэба нейкі прыдомак... Як на твой слых – Сокалаў-Воюш – гучыць?»
«Гучыць, — кажу, — а Воюш, гэта адкуль?»
«Матчына прозьвішча, — суцішна прамовіў Сяржук і патлумачыў: продкі мае, няйначай, былі воямі».
А неўзабаве мы зь Сержуком Сокалавым-Воюшам паехалі ў Менск, на сэмінар маладых пісьменьнікаў. У першы ж сэмінарны дзень, пабачыўшы ў Сержуковых руках сшытак, у які сябрук запісваў розныя бзікі і хохмы, я вялікімі літарамі на пісаў на вокладцы «Сшытак Сержука Сокалава-Воюша». Удзельнікі сэмінару раз за разам перачытвалі надпіс і ўрэшце рэшт прызналі такое імя арыгінальным. На трэці дзень у Каралішчавічы, дзе адбывалася імпрэза, завітаў спадар Сідарэвіч. Пачуўшы, што ягонага наваполацкага знаёмца ўсе скрозь называюць «Сяр ды яшчэ й жуком», ён скрушна пахітаў галавою. А дзесьці пры канцы васьмідзясятых Сержукі пайшлі плоймамі і ймя гэтае сталася адным з самых папулярных у асяродку беларускай моладзі.
Вернемся, аднак, у Полацак — у пракаветнае і разам з тым глухое і правінцыйнае места; места, дзе нарадзілася шмат славутых асобаў, і адкуль усе яны, увабраўшыся ў сілу, зьяжджалі — ці то ў Палестыну (Эўфрасіньня), ці то ў Вечны Горад (Параскева), ці то ў Прагу (Францішак), ці то ў Масковію, куды свойчас падаўся Сымон. Традыцыя такая захавалася, і ўсе мае сябры цягам апошняга дзесяцігодзьдзя падаліся ў шырокі сьвет. Уладзімер, Лявон ды Навум зьехалі ў Менск, Сяржук — у Амэрыку, Якуб — у Фіншчыну. Полацкае нацыянальнае котлішча расьцярусілася па сьвеце, і вецер часу — надта пераменлівы на нашых шыротах — раскідаў за адным махам і саламяны будан, які мы сьпехам зьляпілі і неразважліва назвалі Беларускім домам.
Мне і самому даводзілася шмат разоў зьяжджаць з родных мясьцінаў. Ну а першым разам я паехаў “у віры на юры” ў матчыных абдоймах, надзейна спавіты дзьвюма пуховымі хусткамі. Вайсковую частку перакідвалі ў Ідрыцу (былая Вялікалуцкая вобласьць, на паўночнай мяжы Вялікай Крывіі), і афіцэрскія сем’і мусілі ехаць у таварным вагоне разам з фікусамі, патэфонамі, камодамі, катамі (іх пры пярэбарах запіхвалі ў мяхі) ды іншым хломаздам. Мазгі тады яшчэ ня мелі блёку памяці, і ўсё ж у іх адбілася туманная рака і размытая белая пляма на даляглядзе. Я часьцяком бачыў іх у сьне, доўга ня мог даўмецца, адкуль яны ўсплываюць, і толькі нядаўна — гадоў, можа, пяць таму — выйшаў, блукаючы па Задзьвіньні, на дзьвінскі бераг і ўгледзеў тое, што сотні разоў бачыў у сьне: туманную раку і размыты, крануты лёгкай ружавізною, відарыс Сафійскага сабору на даляглядзе.
У Ідрыцы мы пражылі пару гадоў — блёк памяці ўжо працаваў, і мне яскрава запомнілася, ізноў-такі, тамтэйшая рака. Дакладней, не сама рака, а вышка, зь якой жаўнеры сігалі ў ваду. Мы з маці гадзінамі сядзелі на беразе і я пішчэў ад захапленьня, калі чарговы жаўнер, узьбіўшыся на вышку, выстаўляў наперад рукі і з галавакружнай — так мне тады здавалася — вышыні ляцеў у ваду. Ну і, вядома, у гарэзнай галаве высьпеў амбіцыйны плян: залезьці на скочню і таксама, па загаду даўгалыгага старшыны, даць нырца наперад галавою. Аднойчы я высьлізнуў са двара, пабег да ракі і — дзеля пачатку — бухнуўся ў ваду з драўлянай кладкі. На шчасьце, поруч пралі бялізну афіцэрскія жанкі. Яны й выцягнулі мяне, ужо непрытомнага, на бераг. А яшчэ праз пару хвілінаў, пачуўшы жаночы лямант, да ракі прыбегла зьбялелая маці. З таго часу я стаў пабойвацца вялікай вады і назаўсёды пазбыўся амбіцыяў.
Узімку 1956 году вайсковай частцы ізноў давялося мяняць месца дыслякацыі, і сям’я наша апынулася ў Люцыне (па-латыску — Лудзе). Тут таксама было мора вады: два вялізных возеры, рака, якая іх лучыла і на якой стаяла невялічкая, пабудаваная за часамі Ульманіса, гідраэлектроўня. На запрудзе дзень да ночы шумела вада, і шум гэты не даваў спакою маёй маці. Яна нават упрошвала бацьку пераехаць на новую кватэру — хай горшую, але далей ад ракі, а, калі ўладкавалася на працу, знайшла мне няньку — сямідзесяцігадовую немку Зэльму Адольфаўну.
Зэльма Адольфаўна была адметнай асобай. У маладосьці скончыла Інстытут шляхетных дзяўчатаў, ведала некалькі моваў, бачыла імпэратара Мікалая ІІ і нават размаўляла зь ім на выпускным вечары. Яна называла Мікалая “самым прыстойным чалавекам у Расеі”, і — пра гэта я даведаўся з пазьнейшых матчыных аповедаў — ненавідзела камуністаў. Падставы для нянавісьці былі важкія: муж гадаванкі Смольнага інстытуту да вайны працаваў у Латыскім банку, меў два дамы ў цэнтры Рыгі, і калі ў 1940 годзе Прыбалтыку апанавала Чырвоная Армія (остзэйка называла яе па-казаску: Кзыл-Арда), яго вывезьлі ў казахстанскую невараць.
Няньцы, паўтаруся, было семдзесят гадоў, але яна прыгожа апраналася (перашывала старыя строі), фарбавала вусны, купляла на апошнія капейкі букеты канвалій і фіялак, цярпець не магла слова “баба” і прымушала мяне, а таксама навакольную дзятву называць яе поўным імем. Прамовіць у чатыры гады такое імя было цяжка, таму я яго дарэшты сымпліфікаваў, называючы няньку Зэльмадофанай.
Марознымі ранкамі мы зь нянькай блукалі па месьце і абавязкова заходзілі на старыя могілкі. Прымружыўшыся і паправіўшы капялюшык, Зэльмадофана кожны раз перачытвала эпітафіі на магілах остзэйцаў — кзыл-арда яшчэ не пасьпела іх зьнішчыць — і цяжка ўздыхала. Гэтыя ўздыхі я добра запомніў. А яшчэ запомніў як мы, заружавелыя ад марозу, ішлі зь нянькаю па вуліцы, і Зэльмадофана, у адказ на пытаньні стрэчных: ці гэта ваш унук? — задаволена ківала галавой.
І вось мінула зіма, потым вясна і мая magistria, атрымаўшы дазвол уладаў, зьехала ў Капэнгаген, да сваёй роднай сястры. Перад ад’ездам упрошвала бацьку адпусьціць мяне з маці ў Данію: “Мы там уладкуемся, а потым, Леанідзе Васілевічу, і вы пад’едзеце...” Няньчына сястра мела ў Капэнгагене мылаварню — вось Зэльмадофана і надумала вывезьці “ўнучка” на Захад ды зрабіць “каралём мыльных бурбалак” (нашчадкаў у сясьцёр не засталося — усіх пазабівала ў вайну). Прапановы такія тхнулі здрадаю Савецкай Радзіме, таму ў бацькі падымалася фуражка на галаве і зь лёгкім поканьнем адклейваліся пагоны. Потым, ужо з Капэнгагену, нянька надаслала пасылку, затым пару лістоў, але адказу не дачакалася: радзіне савецкага афіцэра ліставацца з уладальнікамі капэнгагенскіх мылаварняў аніяк не выпадала.