Прыкладна ў той самы час сьпявак наведаў з гастрольнымі канцэртамі Беларусь. Да Наваполацку не даехаў, а вось у Віцебску гастраляваў і гастролі тыя спарадзілі шмат розных чутак і плётак. Называліся, у прыватнасьці, прозьвішчы нейкіх віцебскіх дзевак, зь якімі, нібыта, Абадзінскі сядзеў у рэстаране. Распавядалі яшчэ адну вусьцішную гісторыю пра тое, як сьпявак лез сярод ночы ў інтэрнат тамтэйшай музвучэльні. Гэтую гісторыю распавядалі розныя людзі, і ўсе яны адзначалі адну дэталь: Абадзінскі лез у інтэрнат у пакамечаным пінжаку.
Праз пару месяцаў пасьля гастроляў Беларускае тэлебачаньне паказала запіс сустрэчы з гастралёрам у тэлевізійнай студыі. Вяла сустрэчу дыктарка Людміла Старадумава.
— Валера, як вы прыйшлі на сцэну? — пыталася Людміла.
— Спачатку я сьпяваў у Масканцэрце, а потым мяне прыкмеціў Алег Лундстрэм, — адказваў Валера, наіўна маракуючы, што згаданае ім прозьвішча знаёмае беларускім тэлегледачам.
— А якая вашая ўлюбёная песьня? — пыталася дыктарка, і сьпявак завучана адказваў: — Мая ўлюбёная песьня «Анжэла»... Я нават дачку сваю назваў Анжэлай...
Я глядзеў тэлевізар, у вушах маіх гучалі песьні Beatles & Rolling Stones і рукі сьвярбелі ад палкага жаданьня запусьціць у блакітны экран рыплівым табурэтам.
Зрэшты, не я адзін хваравіта крывіўся, слухаючы Абадзінскага. Крывіліся і тадышнія партыйныя ідэолягі. І сьведчаньнем таму стаўся артыкул у “Правде”, аўтар якога грунтоўна прайшоўся па рэпэртуары сьпевака, назваўшы яго пошлым і не адпаведным высокім крытэрыям савецкага мастацтва. Артыкул наагул быў напісаны бойка, спрытна і не бяз гумару. Праўдзіст, у прыватнасьці, параіў Абадзінскаму перарабіць радок “Усходняй песьні” і сьпяваць у рыфму: “По ночам в тиши-и я пишу стиши-и...”
Атрымаўшы адпаведную дырэктыву, кінуліся выкрываць Абадзінскага і менскія газэты: “Знамя юности” прысьвяціла гэтай тэме цэлую газэтную паласу. Праўда, гэтым разам ганіўся не літаратурны бок рэпэртуару, а манера паводзінаў сьпевака. Асабліва не падабалася менскім газэтчыкам тое, што сьпявак, пад час выкананьня сваіх песьняў, сыходзіў са сцэны і ўкленчваў перад якой-небудзь кабецінай.
Артыкулы такія сьведчылі за адно: Абадзінскі чымсьці не дагадзіў уладам. “Не жадае, відаць, выконваць песень “грамадзянскага гучаньня”, таму і мае праблемы”, — падумаў я, адкінуўшы “Знамя юности”, але свайго стаўленьня да сьпевака не зьмяніў. А неўзабаве Абадзінскі прыехаў у Наваполацак і мой сябрук, Сашка Мікуліч, падбіў схадзіць на канцэрт.
Народу ў залю набілася як завязаць — гледачы стаялі нават у праходах. Ну а я, слухаючы абрыдлыя зонгі, гіранічна пасьміхаўся, пазяхаў у кулак і адно пытаньне не давала спакою: ці будзе Абадзінскі выконваць песьні “грамадзянскага гучаньня”? Праваруч ад мяне сядзела дзяўчына школьнага веку, якая акуратна біла ў ладкі, пару разоў крыкнула зь месца: — «Восточную»! — а пачуўшы першыя акорды песьні “Что-то случилось”, залілася несуцешнымі сьлязьмі. У дзяўчыны, відаць, з гэтай песьняй былі зьвязаныя нейкія асабістыя перажываньні — якія-небудзь любошчы на суседавай адрыне — вось яна і дала волю пачуцьцям.
Адну ПГГ Абадзінскі ўсёж такі прасьпяваў: “Баляду пра сьцяг” на словы Робэрта Раждзественскага, але гэтым справа і абмежавалася. Песьня мела выяўныя рысы постмадэрнізму: забіты на полі боя жаўнер паўстаў зь мёртвых, абкруціўся палкавым сьцягам і рушыў на ворага. Пры гэтым, калі даваць веры аўтару словаў, “парня пуля не брала — сплющивалась пуля”.
Пры канцы Валеры прасьпяваў, па просьбах глядачак, “Усходнюю”, сышоў, па старой завядзёнцы, са сцэны і ўкленчыў перад кабетай — потым казалі, што гэта была жонка дырэктара Палаца культуры, у якім ладзіўся канцэрт. Апошнія словы песьні: “Быть может мне ты скажешь “да” — Абадзінскі прасьпяваў, стоячы на каленях, а потым, калі музыка сьціхла, дадаў ад сябе асабіста: — Ну, скажи!
Жаночая аўдыторыя доўга шалела, мая суседка ад захапленьня нават сьціснула рукамі пахвіньне, а мы з сябрам суцішна мацюкнуліся і, абхаднымі дарогамі, рушылі на сцэну.
У дзьвярох, якія вялі на сцэну, сутыкнуліся з Абадзінскім. У сьпевака, як я заўважыў, быў круглявы твар і пукатае чэрава, якое прыкметна вымалёўвалася пад аксамітнай канцэртнай апранахай. Абадзінскі бег, відаць, пераапранацца, а ззаду за ім шыбаваў, прыпадаючы на правую нагу, ударнік зь ягонага аркестру. Паміж сьпеваком і ўдарнікам адбываўся наступны дыялёг:
Ударнік: — Валера, когда вернёшь червонец?
Валера: — Да что ты заладил... Вернёмся домой — отдам червонец, да ещё и чувиху приведу...
Мяне, маладога летуценьніка, такі прагматызм у дачыненьні да жанчын папросту ашаламіў; я застыў у нерухомасьці і хтосьці з работнікаў сцэны, які выносіў вялізны бубен, усьпёр той бубен мне на галаву.
А потым ён зьнік. Песьні ягоныя ўжо не круцілі на вечарах і танцпляцоўках, плякаты з размашыстым надпісам “Поёт Валерий Ободзинский” больш ужо не ляпілі на платах і рэклямных тумбах, і пра сьпевака пачалі забывацца. Апошні раз ён даў аб сабе знаць, запісаўшы, падчас дубляваньня амэрыканскага фільма “Золата Макены”, песьню пра грыфа. У адрозьненьне ад песьні пра зайцаў, якую сьпяваў Юры Нікулін, песьня пра грыфа нікога ня ўразіла, а таму і не займела сваёй “саракапяткі”.
Пасьля таго «кароль эстрады» зьнік канчаткова. Пра яго нават не згадвалі — толькі аднойчы, пры канцы сямідзесятых, прайшла чутка, што Абадзінскі канчаткова сьпіўся і, зрэдзьчасу, сьпявае ў адным з сочынскіх рэстаранаў.
Напярэдадні пахвалёнай Перастройкі я гасьцяваў у Піцеры, у стрыечнага брата, і пэўнага дня, разам з братам і братавым сябрам Лёвам Журавіным, выправіўся ў Царскасельскі парк. Там падхапілі трох хахлушак з Крывога Рогу («прыйіхалы на экскурсію») і павялі іх у рэстарацыю, што месьцілася на беразе Кацярынінскай сажалкі. Укінуўшы па чарцы, хлопцы гукнулі кельнэру, каб той завёў які музон і неўзабаве пад высокімі скляпеньнямі залунаў знаёмы голас: “Три-и ме-еся-а-ца-а лета-а, три-и ме-е-ся-аца-а осе-ень...”
Пры першых жа акордах братан скрывіўся, як ад зубнога болю, і здушана крыкнуў: — Да вырубите вы, ради бога...
Пасьля таго засьпяваў Малежык, і адна з хахлушак неакрэсьлена запытала:
— А дэ він тэпэр?
— Хто? — перапытаў брат.
— Ободзінські.
— Працуе, вартаўніком на складзе, — прамармытаў Лёва Журавін, нетаропка жуючы шашлык.
Усе паглядзелі на Журавіна.
— Вартуюць, яшчэ з адным алкашом, склад галянтарэйнай фабрыкі.
Я тым словам ня даў веры, а праз шмат гадоў, уключыўшы тэлевізар, убачыў на экране хваравіта тоўстага чалавека, які распавядаў, як ён, застаўшыся без капейкі, быў вымушаны пайсьці працаваць вартаўніком на фабрыку. “Я і там сьпяваў, — казаў мужчына, — вып’ем, хлопцы папросяць, я ім і засьпяваю пад гітару.”
Я глядзеў на экран і не даваў веры ўласным вачам. Няўжо гэты азызлы таўстун — той самы Валеры Абадзінскі, пад салодкія сьпевы якога прайшла мая маладосьць, чые кружэлкі закручвалі да ікоткі і на канцэртах якога здушана плакалі жанчыны? Неўзабаве таўстун узяў мікрафон, засьпяваў і па целе маім прабегліся нэрвовыя дрыжыкі. На тле навачаснай безгалосіцы аксамітны тэнар падаўся мне голасам зь нябёсаў.