Ды што ён мог сказаць болей? Жыла б гаспадыня ці сястра, былі б дочкі ці пляменніцы — займаліся б жаночаю работаю, а яму хапіла б сваіх, мужчынскіх, клопатаў. Але ні жонкі, ні сястры, дачок ці пляменніц няма, дык прыходзіцца ўсюды гаспадарыць самому. Нашто ж, каб пуставала, дзічэла зямля, зводзілася гаспадарка?! Ды як сядзець седзьма склаўшы рукі?!
—Будзе мала сваёй цыбулі, дык возьмеце ў мяне, — пасля дадаў.
—Мама i тата зайздросцяць вам, — сказала Вольга.— Хоць адны, але жывяце ў спакоі, без калатні...— Пасля, адчуўшы, што гаворыць не тое, варушыць у яго сэрцы даўні, усё яшчэ незарубцаваны боль, уздыхнула, паскардзілася: — А мой... Самі ведаеце, які ён... Вось i ўчора напіўся, прыпоўз дадому, сказалі мы з мамаю няласкавае слова — разбушаваўся, усё ў хаце перавярнуў, да нас біцца лез. Сёння мама i тата сказалі: будзеш, прымак, далей гэтакая свіння — выганім з хаты. Ідзі куды хочаш, хоць у лес, хоць у чыстае поле.
—Залішне ўлягае твой чалавек да гарэлкі, — паківаў галавою Сямён.— Я яму колькі разоў ужо казаў: Пятро, не пі гэтулькі, гарэлка нікога да дабра не даводзіла i не давядзе.
—Каб жа яны слухаліся, дзядзька. Проста аж млеюць за гэтаю гаркотаю, вар'яцеюць. З-за яе, можна сказаць, свету не бачаць.
—Жылі бядней — шанавалі капейку, здароўе. Цяпер мала шануюць. I капейкі, i здароўя. I не бачаць: гэта ж на згубу самім сабе. Мне не раз страшна робіцца, што i каторыя кабеты пачулі смак у гарэлцы... Улягуць яны — разап'ецца вёска...
—Мяняецца в ёска...— згадзілася Волька.— Багацеюць людзі, але распускаюцца... Я дык думаю папрасіць міліцыю, каб майго лячыцца паслалі. Будзе i далей гэтак піць — прападзе ж. Чацвёра дзяцей без бацькі застануцца... А вы, відаць, зараз грады выбераце, картофлю выбіраць пачнеце?
—Можа, i пачну, можа, i пачакаю. Мне ж, пенсіянеру, часу хапае.
—Чулі: да Верчынай Іркі Васька ўчора ў сваты прыходзіў? — загаварыла пра вясковыя навіны Волька, нібы жанчына з жанчынаю.
—Не, не чуў.
—Адвярнулася. Лічы, за стол нават не села. За трактарыста не хоча ісці: бялізны яго баіцца. Яна ж, бачыце, у бібліятэцы робіць. Прафесарка! Жаніхоў, як прынцэса, выбірае, не зважае, што трыццаты год ужо ідзе, хутка спадзе краса...
—Іхняя i матка ганарлівая была, некалі нашаму Адаму адмовіла. З багатай сям'і была, а мы з беднай.
—Суседка наша зноў грубая, — сказала яшчэ адну навіну Волька.
—Дай божа, — прамовіў.— У яе ж толькі двое. Можна i яшчэ адно, два, а то i болей дзяцей мець. Цяпер усяго ж усім хапае. Калі малыя дзеці, дык ix, здаецца, поўна, шмат клопатаў з імі, вырастуць — разыдуцца, нікога не ўгледзіш, адзін застанешся. Цяпер мала ў вёсцы дзяцей, лічы, усё людзі сярэдняга i пажылога веку. A калі мала дзяцей, маладых — старэе веска.
—Можа, i праўду вы, дзядзька, кажаце. I хапае ўсім усяго, i веска без дзяцей ды маладых старэе. Але ж маладыя цяпер не хочуць многа дзяцей. Адно, два завядуць — i ўсё. Баяцца лішніх клопатаў.
—I дарэмна. Без клопатаў псуецца чалавек.
—Можа, каб меліся яслі, садзік, дык яшчэ смялейшыя былі б. А то, у каго няма бабы ці дзеда, не маюць з кім дзяцей пакінуць, калі абое на рабоце. Учора да нас новыя настаўнікі прыходзілі, прасілі маму паглядзець іхняе дзіця колькі гадзін, пакуль самі з работы прыйдуць.
—Пойдзе маці?
—Дзіця ж іхняе зусім яшчэ малое, месяцаў шэсць ці сем толькі. Вучыліся разам, пажаніліся... A ў мамы, самі ведаеце, якія рукі. Дзе ж яна вынасіць на ix малое? Ды i сваіх бэйбусаў чацвёра.
—Можа, нехта ўсё ж падрадзіцца паглядзець?
—Не ведаю, — паціснула плячыма Волька.— Наўрад хто захоча цяпер глядзець чужыя дзеці. Хто сваіх унукаў гадуе, хто, пагадаваўшы ўжо, не хоча лішняй марокі. Пенсію атрымалі — можна i ўздыхнуць лягчэй...
—Трэба ўсё ж маладым памагчы, — сказаў Сямён.— Яны прыехалі вучыць нашых дзяцей, выводзіць у людзі — а мы адварочваемся ад ix. Хіба не гэта добра? Хіба гонар — не ўважыць настаўніка?
—Канечне ж, трэба памагчы, — згадзілася Волька.— Можа, хто i падсобіць.
—Грэх вялікі, калі не хочаш памагчы чалавеку ў бядзе, — прамовіў.— Дабра тады на свеце меншае. Зашмат, як пустазелля, сеецца зла. А зло губіць усё людское ў чалавеку.
Вольцы стала няёмка. Яна падтакнула яму i пастаралася сысці з двара. Ён жа са шкадаваннем доўга пазіраў ёй услед — невысокай, тоненькай, гаротнай, але, здаецца, не зусім чулай да чужой бяды. На словах спачувае, але далей свайго спачуваыня ступіць не хоча. Не такая ўжо хворая яе маці, магла б i паглядзець гадзіну-другую тое настаўніцкае дзіця.
Не ведаў прыезджых маладых настаўнікаў, не бачыў ix сына ці дачку, але трывожыўся ўвесь дзень: як яны будуць жыць? Што ім рабіць? Ісці на працу i браць з сабою шасцімесячнае ці сямімесячнае дзіця? Якая ж у ix тады будзе работа i якое маленства будзе ў дзіцяці? Трывожыўся яшчэ i таму, што, як можна смела сказаць, паглушэлі вясковыя людзі да чужых непрыемнасцей i нягод, не кідаюцца, як некалі кідаліся, памагчы небараку, таму, каму часова цяжкавата. Ці ён нешта перабольшвае, перажывае за настаўнікаў іменна таму, што некалі i яго жонка, Маруся, Марыя Палікарпаўна, была настаўніцаю, гэтаксама мела нямала клопатаў з чужымі i ca сваімі дзецьмі? Можа, іншыя людзі абыякавыя да чужой бяды, каб навучыць людзей умець найперш самім клапаціцца пра сябе, пераадольваць усякія — малыя ды вялікія — цяжкасці?
Па тэлевізары паказвалі кіно. Пра калгас, пра вясковы люд, пра клопат аб кожным чалавеку. Сямён, начапіўшы аісуляры, сядзеў на канапцы, глядзеў гэтае кіно, не толькі здзіўляўся, але аж ківаў галавою: як спрытна i хораша ўсе гавораць! Вось каб так усё i было! Ды тут, у Міланьках!
Пачуў: у хату зайшоў чалавек. Знаёма затупаў сюды, у лепшы пакой. Андрэіха — Андрэева жонка, Вольчына маці. Невысокая, поўная, як капа.
Здзівіўся: чаго яна зайшла? Пад вечар, калі ледзь не сустрэліся каля яго хаты, яна надзіва жвава шуснула ад яго, нібы не заўважыўшы. A цяпер вось, увечар, сама зайшла.
—Сямён, ці е ў цябе перац? — сказала тая адразу, нават не павіталася.— Хочам закатаць гуркі, памідоры, а перцу няма. Перавёў зяцёк, любіць дужа вострае.