—Хіба мая гэта работа, Апанасавіч? — клапатліва, моршчачыся, прамовіла яна.— Ці надта час на гэта маю?
—Пагаварыце з лесніком, хай яшчэ дазволіць высекчы сасняку ды дасць на шулы чаго таўсцейшага, то я за восень пакрысе i перасыплю ўвесь частакол, — сказаў ён, — усё роўна мне да полудня няма чаго рабіць. То памагу.
—Вы ўжо i так... Гэта мы, простыя людзі, прывыклі да ўсялякай работы...
—I я яе не беларучка. Увесь час жыву ў вёсцы, раблю вясковую работу, — сказаў ён.— Калі быў жанаты, то i гаспадарку сваю меў, усё сам рабіў. I настаўнічаў, i дома спраўляўся. Як цяпер Вяртун ці Рагатка...
—Я ж здалёку замуж сюды прыйшла, то i цяжка, бо адна жыву, без радні... I ён жа, чалавек мой, быў прыезджы...— прамовіла яна.— Што зраблю сама, тое i маю...
—Нешта будзе, — заспакоіў ён.— Дзяцей на ногі амаль паднялі ўжо, гаспадарку не толькі не запусцілі, але i добра трымаеце.
—Ды не прападзём жа, абы здароўе бог даў...— згадзілася яна.— А я, дзякуй богу, яшчэ добра чуюся... Шчасця вот толькі малавата... Ляпей сем разоў згарэць, як адзін раз аўдавець... Ды ў маладым веку...— усхліпнула, шморгнула носам, але ўтрымалася, не заплакала, хутка выцерла падалом вочы, зірнула на яго і, чамусьці як саромеючыся ці позіркам просячы, каб ён цяпер нічога не гаварыў, усміхнулася. Пры гэтым не варухнула нават вуснамі, не міргнула вокам, усміхнулася толькі позіркам, выказваючы да яго вялікі давер.
—Але чаго мы, людзі, тут сядзім: холадна i цямнее ўжо, хадзем у хату.
Устала, падалася першая. У хаце прыпынілася ля печы, выцягнула вілкамі гаршчок з бульбаю, паторкала відэльцам, правяраючы, ці зварылася.
Ён гэтаксама падняўся, убачыўшы, як ад шыбін адарваліся дзеці — відаць, дзяўчынкі сачылі за ім i за маці. Але Каця нічога на ix не сказала, абхапіла гаршчок анучаю, зняла яго з прыпека i адцадзіла ваду ў вядро, а пасля высыпала бульбу па стол, на разасланы ручнік. Тады відэльцам, адпіхаючы лісце хрэну ды вішанніку, дастала з вядра салёныя гуркі, паклала ix, зялёныя, крамяныя, у талерку. Пасля ўзяла з паліцы загорнуты ў паперу, на якой самапіскай была напісапа цана, кавалак купленай у магазіне каўбасы, парэзала яе, наліла ў кубкі кіслага малака.
Затым схадзіла ў другую палавіну i прынесла адтуль пляшку, заткнутую гумовым чорным коркам.
—Не трэба, — прамовіў ён, саромеючыся i Каці, i яе дочак-вучаніц.
—На апетыт трохі...— усміхнулася Каця, наліла яму з палавіну шклянкі, а сабе зусім крыху.— Ну, будзьце здаровыя, — сказала, але пастаралася не зірнуць, не глядзела: бярэ ён чарку ці не — выпіла, прыкрыла рот рукою.— Фу, як яе толькі п'юць!
Ён паволі выпіў, моўчкі пачаў закусваць.
—А можа, i гэта дап'яце?— спытала пасля.— Кропля тут засталася, што вам значыць, мужчыну...
—Ды хопіць, — усміхнуўся ён.— Не раз i кропля лішняй бывае, зводзіць... Што тады i стрымацца не можаш... Вялікая яна губіцелька, гэтая гарэлка...
—Гэтая халера толькі дурных ды прагных губіць, разумнага чалавека не звядзе...— сказала яна, зноў на яго не пазіраючы, але шмат што i намякаючы, — Ну, дык бярыце за здароўе ды за гэты розум...
Выпіўшы, ён зноў пачаў есці, адчуваючы, што ў яго разгарнуўся апетыт, а яна яшчэ дастала гуркоў, парэзала каўбасы. Сама не ела больш, сядзела паблізу, як радуючыся, што сядзіць разам з мужчынам i той смачна есць тое, што яна прыгатавала, i не толькі смачна ўплятае, але i, канечне, у душы дзякуе ёй.
—Спадабалася вам у нас, Апанасавіч? — запытала пасля з хваляваннем у голасе.
—Ды няблага...— адказаў ён, зірнуў на яе, яшчэ зусім маладую, ружовашчокую, прыгожую, i адчуў такое збянтэжанне, якое даўно ўжо не адчуваў: прыйшоў вялікі смутак па жанчыне — па жонцы, сяброўцы, маці яго дзяцей, — па ўсім тым, без чаго, відаць, не можа жыць усякі разумны ды здаровы чалавек.— Ды чаму можа быць блага? Дырэктар як дырэктар, як i ў кожнай школе, калегі на рабоце разумныя, далікатныя, працавітыя... Толькі вот, можа, аднагодкаў маіх мала, бо ўсе маладыя амаль, са сваімі клопатамі, i я ім мала падыходжу, бо ў мяне іншыя клопаты... A ў вас мне — здаецца, лепш нідзе i быць не можа...
—Ці добра вам тут выходзіць?— як ужо між іншым запытала Каця, прыбіраючы стол.
—Ды рублёў сто трыццаць...
—Добра, — сказала яна.
Ён нічога не адказаў, закурыў, глядзеў, як увішна ўсё робіць гаспадыня, i адчуваў трывожнае хваляванне ад блізкасці жанчыны...
1975
ЗНАЙСЦІ-СТРАЦІЦЬ
1
Доўгае, але вузкае люстэрачка густа запацела — i Навіцкаму, каб паглядзецца, прыйшлося выцерці яго мяккімі ручніковымі матузкамі. Цярнуў улева-ўправа, адлюстрыў шкло, пасля адпіхнуў на падстаўцы ў бакі павільгатнелыя шампуневыя бутэлечкі, слоік з зубнымі шчоткамі — i зірнуў на сябе.
Спачатку здалося, што адтуль, з люстэрка, глядзіць зусім яшчэ маладун з апалымі на шчокі мокрымі валасамі. Але як падняў, залізаў ix расчоскаю на патыліцу, адкрыў твар з буйным носам, пасля адкрыў высокі лоб, дык адразу пастражэў i стаў падобны на самога сябе, на саракадвухгадовага мужчыну. Так раптоўна пастарылі яго сур'ёзнасць, задумлівасць ды, відаць, i маршчыны. Ix было вельмі шмат на лобе, ля вачэй, а гэтаксама нямала ix, дробненькіх, гусцілася i пад вачыма, дзе яны цямнеліся глыбокімі плямкамі.
Калі папхнуў дзверы на калідор-прыхожую i ў цёплую, запараную ванную ўварваўся свежы струмень, пакрысе пачаў астываць ад цёплага душа, суха палымнець i чырванецца на жаўлаках. Не выціраўся, a толькі прыкладаў ручнік да цела. Бачыў: яно белае-белае, не крамянае ды дужае, як было яшчэ гадоў пяць назад, a залішне нейкае мяккае i вялае, як ва ўсіх людзей яго веку, што больш сядзяць, чым ходзяць, лянуюцца раніцай памахаць рукамі ды раз-другі нагнуцца-разагнуцца.