Гэта быў Пеця; цяпер ён нервова таптаўся, прыкурваў новую цыгарэту.
«Ён таксама, мусіць, такі смяльчак, як i я».
Ада падышла i нічога не сказала, падумала: няхай загаворыць ён; зняла з рук рукавіцы, паправіла хустку на галаве.
—Ада Іванаўна, — сапраўды першы загаварыў Пеця, — у вёсцы ўсе гавораць, i маці мая хоча... Але лепш вы пачытайце...— i ён хутка дастаў з кішэні паперку i падаў ёй.
Ада захвалявалася, ведала, што гэта прызнанне ў каханні, хацела сказаць, што цёмна, але Пеця дастаў з кішэні ліхтарык i пасвяціў ёй. Яна пачала чытаць i бачыла, як ён непісьменна піша; ірвануў халодны вецер, працяў яе, ажно ў яе пакацілася сляза. А можа, яна i заплакала, бо не дачытала гэтага ліста — нечакана зашумела ў галаве, забалелі скроні: у Пеці, выходзіць, была дзяўчына, i ён сябраваў з ёю колькі гадоў, пісаў з войска, i гэтая Таня ўвесь час пісала яму.
—Што вы, Пеця, — Ада ніяк не магла знайсці патрэбных слоў, — ні ваша Таня, ні вы не павінны адчуваць перада мною ніякай сарамлівасці i маральнага абавязку, — пасля яна адчула, што не тое гаворыць.— Гэта вам трэба перад Таняй апраўдвацца, а не перада мною...
Пеця стаяў i маўчаў.
—Ідзіце цяпер да яе i супакойце, — сказала Ада, захінулася хусткаю ад ветру, што калюча біў у твар, слязіў вочы, але яна старалася не заплакаць. Пасля адчула, што слёз не было, вырываўся толькі боль, яна адкінула на спіну галаву, чула, як апякае шыю холад. Адплюшчыўшы вочы, заўважыла: на небе высвецілася маленькая ранняя зорка i адзінока замігцела ў далёкім небе.
«Ёй там, у небе, гэтак жа, мусіць, холадна, як i мне цяпер тут, на зямлі?»
Пахадзіла за вёскаю, паслухала, як шуміць вецер, парыпвае частакол, рыпяць недзе далека вароты. Паглядзела, як знаёмая кабета скубла са стога сена, скубла i прыпынялася, дзьмула сабе на адубянелыя рукі. Дома Ада не правярала сшыткаў, не пісала планаў: рашыла быць такой, як ёсць. Пасля напісала на імя дырэктара заяву, прасілася адпусціць яе ca школы. Яна не ведала, куды паедзе, дзе будзе рабіць, але рашыла выехаць з гэтай вёскі.
Назаўтра дырэктар чытаў яе заяву i здзіўляўся:
—Чаму, Ада Іванаўна? Хто вас пакрыўдзіў?
—Ніхто мяне не крыўдзіў, — адказала яна.
—Паслухайце, — сказаў дырэктар, — дзе вы ў нашым раёне знойдзеце лепшую школу? Да горада блізенька, умовы працаваць выдатныя, гадзін, зарплаты павінна ж хапаць. Што вам у нас не спадабалася?
«Усё гэта добра, — падумала яна, — але ж я не толькi настаўнік, але i чалавек, дзяўчына... А гэтага ў заяве не напішаш».
—Падумайце яшчэ, Ада Іванаўна, — гаварыў дырэктар, — мы вас можам адпусціць, але не зможам затым назад узяць. Хоць хто будзе вучыць дзяцей, пакуль каго на ваша месца знойдуць?
Ада маўчала.
—Мы да вас прывыклі, Ада Іванаўна, — падышоў да яе дырэктар, усміхнуўся, — i дзеці, бацькі ix вас любяць i паважаюць. Вы тут патрэбны чалавек. Неўзабаве калгас у новым доме дасць вам кватэру, купіце сабе «Масквіч»... Праз год пяць мы вас заслужанай настаўніцай зробім... Чаго вам яшчэ лепшага шукаць, хацець?!
Ада не ўтрымалася i ўсміхнулася: так заспакойваюць маленькіх дзяцей, расказваючы ім «добрыя» казкі. Нечакана яна (аж дырэктар здзівіўся) падалася да акна, за ім было шэра, нават цемнавата: навісла густое неба. Яно цямнела, а пасля пачало выбельвацца. Ада аж скаланулася: на дварэ ціха i павольна сыпаўся сухі лёгкі сняжок, якога яна столькі чакала.
Прыціх вецер, пакінуў у спакоі адзінокі лісток, які дасюль хістаў, ірваў з клёна, але так i не сарваў i не зразумеў упартасці ці жывучасці лістка. Вецер збег, каб вярнуцца ўжо са злымі мяцеліцамі.
Зямля ўвачавідкі рабілася белая: яна стала ўжо халодная, выдзьмутая вятрамі, змацаваная лёдам i не магла распусціць снег i нарабіць хлёпанкі — ужо доўга, да вясны, будзе на зямлі снежна, чыста i бела.
1971, 1973
ПОМНІК НА ЎЗГОРКУ
Лявончык, задумаўшыся, сек каля дрывотні галлё. На хвілінку запыніўся, каб адпачыць, зірнуў на блізкую сценку: тудою шпарка, угнуўшы галаву, ехаў на веласіпедзе Рыгор Бурак. Да рамы было прывязана кассе, да багажніка прымайстравана загорнутая ў анучку каса.
«Паехаў выбіваць нагледжаную лапінку травы», — падумаў Лявончык. Пазайздросціў, што Бурак старэйшы, але гэткі яшчэ рухавы, дужы. Лічы, два тыдні былі на сенакосе, на Шубіне, касілі, пераварочвалі, грэблі, стагавалі сена, млелі ад спякоты, смагі ды ад аваднёў i камароў, толькі сёння вярнуліся дадому — а ён, бачыш, зноў за касу. Праўда, i ён, Лявончык, не песціўся на ложку, але ўсё роўна аж паківаў галавою: ну, Бурак! Жылісты яшчэ, стары корч! Спраўнейшы нават за некаторых маладых.
Падумаў гэтак i захваляваўся. А што, калі Бурак падаўся ў яго норцік? Кожны гаспадар з вёскі мае ў лесе, у кустах ці каля рэчкі невялікі лапік, які па няпісанаму закону лічыцца толькі яго. Лявончык спрадвеку выкошваў Ярылаў норт. Але сёння гэты Бурак можа ўплішчыцца туды. Ён, бадай, болей за ўсіх з вёскі не любіць Лявончыка, зычыць яму толькі бяды i ліха. Можа, яшчэ i больш за Салавейчыкаву Ганну, хоць тая ўвогуле ні з ім, ні з жонкаю не гаворыць. Няпрыязь іхняя даўняя, яшчэ з маладых гадоў. З вайны.
«Пабягу i я, — сцепануўся i ажывіўся Лявончык, — закашу свой норт. Тады ўжо ні Бурак, ні іншы хто не ўлезе».
Ён усадзіў у калоду сякеру i падаўся ў дрывотню па касу i брусок.
Калі хуценька трусіў да дарогі, запыніла жонка. Яна збірала з бульбоўніку, што ўжо лашчыў вочы белымі, чырвона-фіялетавымі i сінімі кветкамі, каларадскіх жукоў. Падняла галаву, зірнула на яго ca здзіўленнем.
— Ты куды? Паляжаў бы...