«Канечне, ёй там нялёгка...— падумаў Русовіч.— Хто-хто, а я добра ведаю. Можа, толькі не трэба расказваць пра гэта ўсім людзям, бо не ўсе разумеюць, не ўсе паспачуваюць. Вось расказваў на тым тыдні, як жывецца жонцы, як ён маркоціцца без яе, дык усе, здаецца, спачувалі, a намеснік дырэктара музея — нізкі, гладкі таўстун — пасміхаўся: «Эх вы, маладыя! Калі што ледзь цяжкаватае, дык i ў слёзы, у нараканне... Вось мы некалі...— i ён расказаў, як ён галадаў, але «выбіваўся» ў людзі.— Трэба во...— ён сашчаміў кулакі, патрос імі, пасуніўся, робячы на твары ваяўнічы выгляд.— Толькі ўперад!..»
Русовіч, успомніўшы гэта, падумаў, што маглі б тады заступіцца за яго супрацоўнікі, што мог бы i сам неяк лепей апраўдацца, бо добра было так гаварыць намесніку: той меў не толькі ўласную чатырохпакаёвую кватэру, але i ладную дачу, збіраў грошы на машыну.
Але пазаўчора i я падсыпаў яму крыху, што а ж здзівіліся мае калегі... Прыйшоў у аддзел намеснік — i ўсё пра машыну, пра бензін, пра гараж... А пасля давай хныкаць, што не хапае крыху грошай, а так узяў бы на днях легкавушку.
«Эх вы, ваяка!— не выцерпеў тады я, устаў, сціснуў кулакі, патрос імі, зрабіў ваяўнічы выгляд.— Жывяце на самай справе толькі марамі пра машыну, гараж, запчасткі, пра ўсякую дробязь... А трэба во як, толькі ўперад!..»
Намеснік анямеў, як праглынуў язык, заліўся чырванню, разгубіўся, пасля злосна буркнуў: «Ты малады яшчэ мяне вучыць, зялёны...» Выскачыў з аддзела i больш не «філасофствуе», a калі трэба нешта па рабоце, дык па тэлефоне выклікае да сябе i строга гаворыць толькі пра службовае.
«Але што гэта я думаю пра таго хітруна, — спахапіўся Русовіч.— Вось жa ў руках тэлеграма... Што рабіць?»
Ён пачуў, што прыйшла з працы гаспадыня, распрапулася, патапталася, зайшла сюды, у залю.
У каляровым халаце, у мяккіх тапачках, ружовашчокая, яна выглядала намнога маладзей сваіх трыццаці гадоў.
Хуценька зірнула на яго, на тэлеграму.
—З дому?— як з клопатам спытала, відаць, хочучы ўзяць тэлеграму i самой пачытаць.
—Ад жонкі, — адказаў ён.— Просіць прыехаць.
—Сёння?— здзівілася гаспадыня.— Позна ўжо. Вам жа трэба заехаць спярша ў раён, а тады адтуль у вёску. Сёння не заедзеце, будзеце толькі заўтра раніцаю. Але ноч уся будзе бяссонная...
—Паеду...— прамовіў Русовіч.
—Глядзіце самі...— гаспадыня паціснула плячыма, пастаяла з хвіліну i выйшла.
Яна заўсёды спачувае, што ён адзін тут, у горадзе, што жонка з дзіцем жыве ў далёкай вёсцы, але не хоча ўзяць да сябе на кватэру яго з сям'ёю: цесна будзе, бядуе, ды дзіця замажа сцены, будзе шумець, не даваць спакою.
Русовіч тут жа ўстаў, пахадзіў па пакоі, настройваючыся на дарогу — на санлівы вечар у цягніку i на халодную, амаль бяссонную ноч у раённым скразняковым вакзале.
Вагон быў амаль пусты. Сядзелі толькі трое пажылых рабочых-чыгуначнікаў. Яны ехалі з працы дахаты, паблізу прымасціўся i Русовіч.
Ён абапёрся локцем на тугую сумку, у якую раней напакаваў усякіх харчоў, сядзеў ля акна, чытаў вячэрнюю газету. Пасля заплюшчыў вочы i хацеў заснуць. Але сон не ішоў: думаў пра сваю працу, пра сям'ю. Адплюшчваў вочы, калі на прыпынках дзверы адчыняліся i ўрываўся клуб белай халоднай пары, што паўзла долу, ледзяніла ногі, мігам абросвала жалезную абіўку вагона i затуманьвала вокны. Ведаў: жонка накрычыць, што не носіць цёплых шкарпэтак, напалохае, якімі хваробамі ён можа захварэць. Яна — фельчар, ведае пра гэта.
Русовіч працёр далонню запацелае акно i зірнуў у яго. На дварэ ўжо сшарэла — ссінеў снег, пачарнелі цені на ім, гусцеў змрок, што, здавалася, напаўзаў з прыціхлага цёмнага лесу. Неба не відаць было — зусім нізка, адразу за верхавінамі прыдарожных прысад, звісала густая шэрань. Няйначай павінен быў восв-вось пасыпацца снег.
Неўзабаве ў вагоне, як толькі цягнік зноў крануўся, бліснула, рассеялася i з'ярчэла святло, высветліла кожны куток, але праз акно зараз нічога не было відаць. Русовіч пазіраў i бачыў толькі свой круглаваты, з невялікім, загнутым носам твар — за апошнія месяцы, здаецца, стомлены, з сумнаватым водсветам у вачах. Неяк нечакана зморшчыўся яго лоб, паглыбіліся залысіны i пацямнелі ўпадзіны пад вачыма.
«Можа, дарэмна я ўздумаў перабірацца ў горад? — падумаў Русовіч.— Можа, трэба было застацца ў вёсцы, загадваць тутэйшым клубам. З раніцы, калі вяскоўцы былі б на рабоце, a дзеці вучыліся ў школе, сядзеў бы ў вялікай i ціхай, прапахлай старымі кнігамі бібліятэцы, чытаў бы ці што-небудзь маляваў для клуба, а то гуляў бы ў шахматы ды гаварыў пра вясковыя навіны з маладым старшынёй сельсавета. Пад вечар, зноў вярнуўшыся пасля полудня ў клуб, пускаў бы радыёлу i ставіў на яе пласцінкі, «шумеў» бы на ўсю вёску, вечарам выдаваў бы дзецям кнігі i гуляў з імі ў шашкі. Пa суботах i нядзелях іграў бы на баяне — былі б танцы.
Яніна працавала б зусім паблізу, на медпункце, што праз вуліцу ад клуба. Калі яна не ездзіла б па вёсках, сядзела ў сваім пакойчыку i чакала хворых, замкнуў бы клуб i схадзіў бы да яе. Увесь час былі б разам. А то во: я тут, у горадзе, а яна вунь дзе...
Хоць не, можа, i добра, што пакінуў вёску: i ён, i Яніна ў Вішнёўцы былі прыезджымі. Дык мусілі апытаць прасторную хату i заняць у ёй адну палавіну. Жылі там, пакуль не ўзяла сабе прымака пажылаватая гаспадарова дачка. Тады прыйшлося шукаць новую кватэру. Вось i прыйшлі да адзінокай старой кабеты, у яе невялікі, з адным акном, пакой».
Русовіч уздыхнуў, успомніўшы гаспадыню i яе хату.
«Колькі я там чаго зрабіў! Паправіў грубку, памяняў у адпушчаным пакойчыку падлогу, паклеілі новыя шпалеры — i ўсё роўна не дагадзіў гаспадыні. Паглядзела яна на новую жоўценькую падлогу, патупала па ёй, на свежыя сцены — i аж заблішчалі ў яе вочы. А тады пачала загаворваць, каб перакрылі за свае грошы i хату.
«Аджывяце за гэта, — казала яна.— Бо ў дождж цячэ ў хаце, рудзеюць сцены, мокне i гніе столь. Ды i добра было б у сваім двары i студню мець...»
«Не ўжывёмся мы з ёю...— пабедавала тады Яніна.— Не будзем слухацца яе — будзе гудзець кожны дзень, як чмель. Падмалодзім яе хату — прагоніць... I веска добрая, i людзі талковыя, але, мусіць, не прыжывёмся мы тут. Сваей жа хаты няма за што яшчэ купіць, саўгас толькі праз пяць гадоў думае вялікі дом ставіць, дык прыйдзецца некуды пераязджаць. Ці ў другую вёску, ці ў горад нават... Едзь, можа, пакуль што ты адзін куды, уладкуйся на работу, апытай кватэру, а я з Анькаю пакуль што тут застануся, параблю яшчэ на медпункце ды буду чакаць, калі нас забярэш да сябе».
...Прыехалі ў райцэнтр позна. Калі выйшаў з вагона, Русовіч зноў убачыў знаёмы гарадок — вузенькі пры пероне скверык, збоку яго — жалезныя вароты, праз якія трэба ісці ў горад, пустыя скрынкі з-пад піва, што былі складзены ля сцяны буфета. За варотамі разлягалася шырокая белая плошча. Збоку на ёй стаяла паблізу таксі. Шафёр сядзеў у машыне i курыў.
—Падвязі, сябра, у Вішнёўку, — папрасіў вадзіцеля Русовіч.
—Не, не, — замахаў той рукою.— Езджу толькі па горадзе. Туды дарога благая.