Зубрэй крочыў i, здаецца, нічога не бачыў, без ніякага інтарэсу пазіраў на каляіны, на абабітае карэнне ды на абадраныя i засмаленыя сасновыя камлі, на шматкі сена, што нядаўна вырвалі з высокіх вазоў густыя асінавыя i бярозавыя галіны i што цяпер, зусім зрыжэлае, усё яшчэ вісела на дрэвах — адным словам, не ўзіраўся на лес, а вось раптам, калі быў ужо ля гары, ля Ям, дзе некалі, у вайну, вяскоўцы хаваліся самі i хавалі бульбу ды жыта, запыніўся i душою адчуў: чагосьці не хапае ў гэтым вялікім лесе...
Ён замёр i той рукой, якой за цвёрды брыль трымаў фуражку, пачасаў галаву, прыжмурыўся i пачаў узірацца, дзе i што тут знікла. Павёў вачыма на самы грудок, на рэдкія сосны i густое кустоўе i ўбачыў, што там чамусьці лысіцца вельмі вялікая прагаліна. У яго аж страпянулася сэрца: ды там жа яшчэ ўчора ўполудзень, калі ён праходзіў сюдою, стаяла старая, самая высокая i тоўстая тут паблізу, налітая смалой i ад таго, мусіць, цвёрдая што камень хвоя з зачасаным некалі ім жа камлём. Цяпер там гэтай сасны не было, як правалілася скрозь зямлю.
Пазіраў туды i не верыў сваім вачам, пасля збочыў з дарогі, прайшоў па папараці i густым, з яшчэ зялёнымі ягадамі чарнічніку i цяжка, нізка нахіляючыся ўперад, уссунуўся на гapy. Убачыў: не, хвою не вывернуў вецер (ды i як яна, сырая, цяжкая, магла паваліцца, калі не было на днях ні навальніцы, ні моцнага ветру?), яе не было зусім. На месцы яе ляжала невялікая, складзеная наўмысна кучка старога лому. Раскідаў яго нагою — паказаўся свежы шырокі смалісты пень, нізка, амаль ля самай зямлі, зрэзаны. Вакол яго сярод нацярушаных ігліц i аблушчанай кары бачылася белае i рудое пілавінне.
Галля, ні старога ды сухога, што было знізу, ні зялёнага верхавіння, паблізу не бачылася: яго, пэўна, параскідалі па лесе. Толькі добра было відаць, куды падала хвоя: падаючы, яна ламала, гнула ядловец i тонкія бярззінкі, папараць, a некалькі тоўстых сукоў, што былі спаднізу i зламаліся, яшчэ i цяпер сядзелі ў зямлі, бялеючы вострымі смалістымі канцамі-пікамі.
«I каго халера сюды ўвагнала? — i гнеўна i адчайна разгублена падумаў Зубрэй.— Здаецца, учора тут, у лесе, ні трактара, ні калёс не было. Няўжо нехта ўночы ўлез? Калі ўночы ўкралі, дык гэта свае, з вёскі».
Не сказаць, што ў яго абходзе часта былі пакражы: наадварот, яны здараліся рэдка, як кажуць, рады ў гады. Можа, i таму, што стараўся, глядзеў лес, поле, сенажаці, як сваю гаспадарку. А то i лепей. А можа, i таму, што да браканьераў i парубшчыкаў быў не толькі строгі, але i суровы. Новы ляснічы, Клімуць, хваліў яго, часта гаварыў астатнім леснікам: «Вучыцеся працаваць у Зубрэя. Не канчаў, як вы, вучылішчаў, няпоўную сярэднюю адукацыю мае, але лепш за вас, вучоных, спраўляецца...»
Праўда, сам ён, Зубрэй, пры такіх гутарках не так цешыўся ад гэтай пахвальбы, як саромеўся: лічыў малою пахвальбою ды заслугаю тое, што за яго плячыма толькі ўсяго пяць класаў, ведаў, што каб выжыў у вайну бацька i памог маці дагледзець ix, пяцярых дзяцей, дык у ix зусім іншае жыццё, канечне, было б... А цяпер позна ўжо брацца за навуку.
Зубрэй падаўся, куды валілася хвоя. Бачыў тоненькія сухія трэсачкі, што нападалі там, дзе абсякалі голле; прайшоўшы далей, згледзеў параскіданыя ў бакі галіны. Далей, у папараці, ляжала i адсечаная зялёная верхавінка.
Пад'язджалі сюды на машыне: на той бок гары, ад сенакосу, была паламаная коламі папараць, a між каляін на ўцалелую траву пачаплялася мазута. Каляіны вялі на край лесу — відаць, да дарогі. За папараццю, дзе не было травы, ляжала ўсыпаная ігліцамі зямля, адбіткі колаў амаль не бачыліся, i дзе праехала машына, можна было пазнаць толькі па зломленых старых галінках — пераціснутых папалавіне, а то i на некалькі кавалачкаў. А на самой тупка-жвірыстай дарозе сляды зусім прапалі: засыпаліся пяском.
Зубрэй падаўся гэтаю дарогаю, выйшаў ca старога, а пасля i з маладога лесу на гуляшчае поле, дзе сам па сабе сеяўся дзікі хвойнік, i, зусім стомлены, прыгнечаны, пайшоў напрасткі да блізкай ужо, нізкай i старой сваёй хаты, стараючыся прыпомніць, хто ў вёсцы будуецца ці думае падладзіць старую хаціну, хто загаворваў калі з ім пра лес.
2
Падхапіўся Зубрэй раненька, яшчэ на світанні.
—Чаго ты ўспароўся? — прачнуўшыся ўслед за ім, запытала жонка, спрасонак пазірала, як ён сядзіць паблізу на зэдліку i накручвае на нагу анучу i яшчэ гэтаксама спрасоння не можа абмацаць пад ложкам з сагнутаю халяваю бот.
Ён прамаўчаў, стараючыся паадолець санлівасць, знайшоў нарэшце бот, абуўся, кіўнуў жонцы, каб маўчала: дзеці ж паблізу спяць.
Падышоў да ложка, што стаяў пры стаяку, i накрыў лёгкім коцам сыноў — пяцікласніка Янака i трэцякласніка Гіполіка; жонка моўчкі накрыла маленькую дачку, накінула на сябе халат, пагладзіла рукою сонны, але прыгожы твар, закруціла ў «куклу» валасы i прыткнула ix грэбнем. I, босая, поўная ды цяжкаватая ўжо ў свае сорак гадоў (яны былі равеснікі), пайшла са спальні, a ўслед за ёю падаўся i ён, прыпаднімаючы i ціха зачыняючы за сабою дзверы.
—Крадуць людзі, бо лепей хочуць жыць...— сказала ўжо на кухні Ядзя. Здагадалася, чаго ён так рана падхапіўся.— А ты ляснік, лічы, гаспадар лесу, а яшчэ ў бацькавай перасыпанцы жывеш... Трасешся за кожную хвоечку...
Ён змаўчаў, узяў з падаконніка пачак цыгарэт i закурыў. Падумаў: жонка гаворыць праўду — у старой ды халоднай хаце яны жывуць. Даўно час новую ставіць. Сёлета дык ужо абавязкова трэба выпісаць лесу на новы дом.
—« Пахвалу», «выгоду» вялікую атрымаеш за сваё старанне... — мыючыся, папікнула Ядзя.— Як i ў таго ляснічага... Вось упрэшся на сваім, не ўгодзіш, раз-другі не даўшы самому дзерава, дык перастане хваліць, а пачне чапляцца за ўсякую дробязь. Кажуць людзі, i гэты ласы на дармавое...
— Надта ты ды твае «людзі» многа ведаюць! — буркнуў ён.— Ды хіба я раблю дзеля пахвалы ці выгоды?!
Ядзя не адказала, уздыхнула, нібы сказала: дзе цябе перайначыш! Які нарадзіўся, такі i памрэш. Падалася на двор — даіць карову. Праз акно было відаць, як яна зняла з частаколу росную ад ночы даёнку i пайшла да хлява.
Зубрэй накінуў на плечы паношаны форменны фрэнч, надзеў фуражку i гэтаксама выйшаў з хаты.
Янковічы толькі прачыналіся: развейваючы густы, як дым ад сырога сасняку, бела-сіні туман, выплывала з-за зямлі ружовае сонца; спрасонку адзін за адным гарланілі пеўні; гулка паблізу i воддаль па вёсцы стукалі дзверы i звінелі вёдры; недзе ў далёкім засценку затрашчаў матацыкл.
Зубрэй выйшаў ca двара, абгароджанага старым, дзе-нідзе падпёртым каламі плотам, прайшоў па загуменні i павярнуў на сценку, хочучы яшчэ раз папрыглядацца да чужых загуменняў: а можа, хто ўжо выцягнуў ca схованкі дзерава i пачаў яго абкорваць ці пілаваць? Учора пад вечар, вярнуўшыся з працы, гэтаксама праходжваўся, але нічога падазронага не заўважыў, a распытваць паасцерагаўся: баяўся насцярожыць парубшчыка.
Сценка была сыпкая ад пяску i бязросная; ён ішоў, падбіваў гэты пясок, i той ледзь не пыліўся ўслед за ім.
«Сваяк ці не сваяк украў — складу акт, — думаў, напружваючы зрок, — няхай не скупіцца, капейку заплаціць, не лезе, як свіння ў чужы агарод. Няхай не лічыць, што ў дзяржавы можна браць як сваё... Будуць пасля гэтага, любіць ці не любіць — такой бяды... Але затое адаб'ю ахвоту красці».
Зубрэй прайшоў усю сценку. Як i ўчора, не ўбачыў нічога падазронага. Другую палавіну вёскі пачаў абыходзіць гэтаксама з агародаў, ідучы крайком аселіцы: тут блізка не было ні поля, ні лесу, a шырока раскінулася сенажаць, a ўздоўж яе цягнулася аброслая лазовымі кустамі старая канава.
Ён ішоў, расіўся да каленяў. Вось убачыў пенсіянера Асташонка. Той выкошваў за сваімі градамі, ля самай аселіцы, абгароджаную лапіну травы. Нізенькі, тоўсты, у паношанай сынавай салдацкай форме. Агледзеўшы яго, запыніўся i пачаў чакаць, калі ён падыдзе.
Прывіталіся.
—Ці не згубіў што? — усміхнуўся Асташонак.
—Шукаю...— адказаў Зубрэй, пазіраючы на траву — яе той не выкасіў, a нібы выгаліў брытваю да самых белых карэньчыкаў.