— Гэта не я сек, а мама, — засаромеўся Пецька.
— Мама твая магла б сама ў лес i не ездзіць, — сказаў Мікола, — мог бы ездзіць мужчына, каб маці...
Юля прамаўчала, адвярнулася, ускінула на дровы сена, пасадзіла сына i тузанула каня за лейцы.
— Я ўжо дужы, мама, — калі ад'ехаліся, азваўся Пецька.— Каб не я, то дзядзька Мікола не падняў бы саней.
— Ты ж мужчына, сынок, — усміхнулася Юля, — пяты гадок ужо табе.
— Я буду яшчэ больш есці, каб дужэць.
— Eш сынок.
— Тады буду адзін у лес ездзіць.
— Будзеш.
— I нікому не дам пакрыўдзіць цябе, — па-сталаму сказаў сын.
— Дзякуй, мой асілак, — Юля пацалавала Пецьку i накipaвала каня па коўзкай цвёрдай дарозе, баючыся, каб зноў не саслізнулі на пясок сані.
2
Конь цягнуў паціху сані, палазы слізгалі па лёдзе, рыпелі гужы — i Юля суцішылася, ішла, трымалася за бярозавы сук. Прыціх i Пецька, сядзеў на дровах, што верабей, i думаў аб нечым сваім.
Юлi ўспомнілася, што вось так было i раней: яе з сабою ў лес браў бацька, яна зносіла i паліла галле, а то гуляла па лесе, збірала ягады ці кветкі ці сядзела ля воза i чакала, калi паедуць дадому.
Бацька, зрабіўшы сваю работу, садзіў яе на воз, i яны ехалі дахаты. Ехала яна, а бацька ішоў, трымаўся за ўсаджаную ў палена сякеру, курыў i жартаваў. Працаваў ён моўчкі, любіў, каб яму не перашкаджалі, але пасля быў вясёлы.
Цяпер вось едзе на возе яе сын, a ідзе яна. Хоць, падумала, павінен ісці бацька гэтага дзіцяці, а цешыцца яздою — сын. Але ў Пецькі бацькі няма.
Юля спрабавала ўявіць, як жыла б яна з мужам. Відаць, не ездзіла б сама ў лес, не рэзала i не калола б дроў, не касіла i не арала б... Не памёр яе муж, жывы, працуе недзе; Пецька i не ўспамінае яго, відаць, забыўся, затое яна часта ўспамінае, думае, што нядобра разышліся. Не разводзіліся, паспрачаліся, яна сабрала чамадан, узяла дзіця i паехала да маці. Можа, i трэ было вярнуцца да мужа, але не дазваляе гонар: Генадзь не прыязджае i не піша ей, не просіць, каб вярнулася.
— Мама, мама, кветачка!
Яна прыпыніла каня i паглядзела, куды паказаў сын, на сонечнай палянцы ля старога, некалі абгарэлага, а цяпер цёплага лому відаць была блакітная пралеска. Юля зняла з дроў сына, i яны пайшлі да лому.
— Якая прыгожая! — здзівілася Юля. Як магла пры такім холадзе з'явіцца такая кволая кветка? Сарвала яе i падала сыну.— Не пахне, але колькі красы! Давай пашукаем яшчэ, збяром букецік.
Яны адышліся ад палянкі, абыходзілі лапіны снегу, але пралесак больш не знайшлі.
— Відаць, ты будзеш шчаслівенькі, мой мужчынка, — абняла сына за плечы Юля.
— Я буду дужы, — запярэчыў сын, — буду памагаць табе.
— I дужы будзеш, — супакоіла яго Юля, — але i дужаму, i нядужаму таксама шчасце трэба...
Сын, канечне, не разумеў яе, сядзеў на дровах i трымаў кветачку, кіравала канём Юля.
Калі выехалі з лесу, Юля ўбачыла маці. Тая, відаць, не магла дачакацца ix i выйшла насустрач.
— Трэ было не секчы столькі, — сказала старая.
— Прывязём, дык будзе, — адказала Юля.
— Я думала, заселі недзе. Якая пара, а вас няма.
— А я памагаў дзядзьку паднімаць сані, — пахваліўся Пецька.