А з варожага акружэння выходзілі абозы, параненыя, тыфозныя і абмарожаныя чырвонаармейцы. Абмарожаных было шмат. Іх адпраўлялі ў Ідрыцу і ў Себеж. Адыход прыкрываў батальён Салаўя.
Апошнім з акружэння прабіваўся настылы і гулкі бронецягнік. На крутым пад'ёме з рэек сышла платформа. Байцы інтэрнацыянальнага батальёна скінулі яе пад адхон, паўмошчваліся хто куды і на цягніку вырваліся з варожага кола.
Пасля адліжных дзён і марознай штурмавой ночы з палка выбыла трыста шэсцьдзесят абмарожаных байцоў, многіх зваліў тыфус, параненых развезлі па тылавых шпіталях.
Рэшткі палка чырвоных камунараў зліліся з чатырыста семдзесят шостым палком пяцьдзесят трэцяй дывізіі.
6...
Пасля каляд вызверыліся маразы. Аж страляла па завуголлю. Перад заходам сонца неба налівалася чырванню, сняжынкі мільгалі ружовымі, сінімі, зялёнымі агеньчыкамі, а над лесам падымаўся вясёлкавы слуп.
— Гэта боскі знак на няшчасце, на пакуты і на слёзы,— боязна пазіралі кабеты і жагналіся.
Трывожна ў гэтыя дні было і ў рэўкоме. Не слуп на небе палохаў Максіма Ляўкова: пераказала Салаўёва Марылька, што ідзе на іх вялікая сіла, з конніцаю і пушкамі. І з Парыч пераказалі: «Наступаюць з Мазыра легіянеры, сцеражыцеся».
Як тут усцеражэшся ад гармат і кулямётаў? Але і здавацца не выпадала. Белапалякі дачакаліся, калі Пціч укрылася тоўстым лёдам і калі маразы закавалі балоты і азярыны, а на снезе відаць нават сарочы след. Вось і падцягнулі сілы, каб прыдушыць бальшавіцкую воласць.
Рэўком цяпер быў падобен на баявы штаб. Усім кіраваў Максім Ляўкоў. Атрад Ігната Жынко размясціўся непадалёк ад Пцічы, узвод Цімоха Валодзькі заняў Карпілаўку і Дуброву, Максім Ус з хлопцамі — Кавалі і Лаўстыкі. Добра, што ў кожным узводзе было па кулямёту, па скрынцы патронаў, а ў кожнага партызана — вінтоўка або карабін і за папружкаю пара гранат.
У атрады прыйшлі старыя і падлеткі, за зброю ўзяліся ўсе камуністы. Параска прывяла ў рэўком чатырох удоў.
— Дай, прысядацель, бабам хоць па якой ламачыне, абы страляла.
У самой за плячыма вісеў новенькі карабін. Кажушок Параска падперазала шырокай папругаю з двума патранташамі.
— Не баламуць жанок, Параска,— сунімаў яе Ляўкоў,— няхай смокчуць сабе кудзелю. Не бабскае ета дзела ваяваць. Табе сядзець дома не выпадае, што праўда, то праўда. Хоць ка дзень ускочаць палякі — не здабраваць. Шляхецкую і панскую зямлю дзяліла? Дзяліла. Камунаю запраўляла? Запраўляла. Значыць, ратуйся. А вы, маладзічку ідзіце дадому, малыя ўжо недзе скуголяць.
Параска засталася вартаваць рэўком. На зборні яна грэлася каля цёплай грубкі, часам выходзіла на ганак, чула, як лапоча залубянелы на марозе сцяг, і зноў успамінала Аляксандра. Дзе ён цяпер? Ці жывы хоць? Калі ўжо так няймецца, хай бы дома ваяваў. Цяпер усе ваююць, у любым засценку, у кожным куточку. А яго недзе носіць па свеце. Тут бы хоць на вачах быў... От прысушыў! Ні ўдзень, ні ноччу з галавы не ідзе...
Раніцою слаўся марозны туман. Досвітак быў сіні, і снег здаваўся сінім. Звонка, нібы драчыны крык, рыпелі дарогі і калодзежныя жураўлі. Раптам, як гром сярод яснага неба, цішыню світанка разарваў гулкі гарматны стрэл і пакаціўся над заінелымі лясамі і ціхім аснежаным полем. Нешта гахнула, аж зыбанулася зямля. Такога яшчэ Параска не чула. Яна тройчы стрэліла ўгору, ало яе сігналу ўжо ніхто не чуў — ішоў бой на ўзлессі каля Пцічы, сакаталі кулямёты каля Смыковіч і Лесак, па Дуброве біла артылерыя. Пачалося!
Здавалася, грыміць і калоціцца ўся зямля, бліскае сухім зеленаватым бляскам. Параска падцягнула цяжкую драбіну, прыставіла яе да ганка, порсценька ўзбегла па ёй і ўзялася адрываць кіёк, на якім трапятаўся сцяг. Цвікі заржавелі і не паддаваліся. Яна цягнула, тузала кій з боку ў бок. Нарэшце з піскам, нібы плачучы, вылезлі цвікі з намёрзлых дошак. Параска зняла з кійка цупкае палотнішча, склала яго ў некалькі рэдзяў, схавала пад кажушок, замкнула дзверы воласці і берагам Нератоўкі пабегла ў Карпілаўку. Там залёг узвод Цімоха Валодзькі. Нешта ж вельмі зрабілася светла. Параска азірнулася і ледзь не ўпала. Злева і справа калыхаліся і шугалі зыркія вогненныя слупы з чорнымі кутасамі дыму. Гарэлі Дуброва і Кавалі. Стаяў доўгі прарэзлівы гул, яго заглушалі гарматныя выбухі і вінтовачныя стрэлы. А над лесам узыходзіла вялікае чырвонае сонца, у бяздонным небе плылі і раставалі лёгкія хмурынкі, на голлі блішчаў пусты іней, ён палахліва асыпаўся ад кожнага вінтовачнага стрэлу. Параска ледзь не выскачыла пад партызанскія кулі.
— Назад! Куды цябе гоніць! — крычаў невялічкі ростам, але галасісты Валодзька.
Параска ўпала, сцягнула з пляча карабін і некуды стрэліла. Яе пругка тнула ў плячо, сэрца білася так моцна, што, здавалася, ад яго ўдараў калоцяцца рукі і дрыжыць усё цела. Па шорсткім снезе Параска адпаўзала назад, бліжэй да партызанскага ланцуга. Цяжка было разабраць, дзе страляюць свае, а дзе — легіянеры. Артылерыя біла аднекуль з Завалёнаў і толькі па Дуброве. Відаць, нехта падтыкнуў, дзе стаяць партызаны, таму і садзяць снарад за снарадам.
З ветрака, што стаіць на кавалёўскім полі, стракоча польскі кулямёт. У чыстай марознай сінечы, як свечкі, гараць хаты ў Дуброве, Лаўстыках і Кавалях. Партызаны пасоўваюцца да лесу, але не бягуць, не ўцякаюць, хоць сілы і не роўныя, хоць курчацца і канаюць на снезе прабітыя варожымі кулямі таварышы. Не ўстаў і не паварушыўся Майсей Раговіч, распластаўся на цвёрдым шарпаку Віктар Вотчыц, ткнуўся тварам у невялічкі сумёт Васіль Званковіч.
Можа з дзесятак легіянераў скасіў Грыша Макавецкі, ускочыў, каб кінуць гранату, і кінуў-такі, але адразу ўхапіўся за жывот, перагнуўся, нібы зламаны ветрам, закруціўся на месцы. Другая куля скасіла яго.
Упершыню на Парасчыных вачах адзін за адным паміралі маладыя хлопцы. Яна іх ведала з маленства. І так проста, у адну хвіліну, няма ні Васіля, ні Віктара, ні Рыгора. Слёзы душылі яе. Параска страляла з адчаем і адпаўзала з узводам на Рудню. Там недалёка і лес.
Чуваць была страляніна ў Старой і Новай Дубровах. Гэта адбіваўся ўзвод Максіма Уса.
— Адыходзіць на Шкаву,— загадаў камандзір.
А па вуліцы ўжо беглі легіянеры. Яны то выскоквалі, то знікалі за хмарамі дыму. Роўна, як свечкі, у цішыні марознага дня дагаралі саламяныя стрэхі, асядалі счарнелыя сцены падпаленых хат, як сухія рэбры, тырчалі чорныя кроквы. Яны скручваліся, хіліліся набок, асядалі і падалі. Ніхто не тушыў пажару, ніхто нічога не выносіў, нічога не ратаваў. Людзі пазашываліся ў склепы, паўцякалі ў лес, пахаваліся на поплаве ў стажках сена.
Наўкол ішла страляніна. Легіянеры ў вогнішчы пажару кідалі гранаты. Яны рваліся са страшэнным грукатам, раскідаючы ў розныя бакі галавешкі.
Высокі мажны Максім Ус прыціснуўся да сцяны стопкі і без промаху біў з вінтоўкі па жаўнерах. Яго ўзвод прабіваўся ў хвойнік, што рос непадалёк ад вёскі. Максім, відаць, хацеў, прыкрываючы адыход хлопцаў, падпусціць бліжэй легіянераў, шарахнуць у іх гранатаю, а самому за азяродамі праскочыць у хмызняк, а там і да лесу рукой падаць.
Але Максіма заўважылі пілсудчык і пачалі страляць толькі па ім. Кулі дзынкалі і глуха білі ў пачарнелую сцяну стопкі.
— А трасцу! — крычаў Максім і страляў, страляў. Вось нешта штурхнула назад і апякло, гарачыя струменьчыкі пабеглі па руцэ і пад паху. Ён шчыльней прыціснуўся да вугла, прыцэліўся і стрэліў, але раптам страшэнны боль разануў па рабрыне, закруціліся снег і полымя над хатамі, у вачах паплылі белыя, ружовыя, сінія кругі. А Максім шчыльней прыляпіўся да вугла, не выпускаў вінтоўкі, хоць і не бачыў, куды страляе.
Белапалякі пачалі акружаць камандзіра. Ён ужо не адстрэльваўся, але ўсё яшчэ стаяў, прыпёршыся шырокімі плячыма да сцяны. Пад нагамі дымілася лужына крыві. Асцярожна падкрадаліся легіянеры. Ім хацелася схапіць партызана, хоць параненага. Калі яго акружылі і паручнік крыкнуў: «Рэнкі до гуры!» — Максім Ус не паварушыўся. Ён так і стаяў, прыпёршыся плячом да сцяны. Боты прымерзлі, вінтоўка звалілася ў снег.