— Ты, Лявонка, як той Саламон, разважыў. Лепш і не прыдумаеш,— не стрымаўся Цярэшка.
— Папраўдзе, Лявон добра ўсё распланаваў,— пасвятлеў у твары: і ўсміхнуўся Ляўкоў.— Збірайце мужчын, камандзіры. Разыходзьцеся па сёлах, пагаварыце, каб кожны ведаў сваё месца.
— А бабы хіба зломкі? — ускочыла Параска.— Ці ж я сваім галапузым ліхадзей? Пішы і мяне, Андрэй Сцяпанавіч,— звярнулася яка да Пуцяты.— Пакуль страляць навучуся, кашаварыць буду, кашулі і зрэбнікі вашы мыць. Можа і па лесе бадзяцца прыйдзецца, дык і я дармаедам не буду.
5...
Праз тыдзень у кожным атрадзе ўжо было чалавек па дзвесце. Партызаны занялі Старую Дуброву: злева — шлях за Пціч, справа за двое гоней ад сяла пачынаўся лес, глухая панская пушча — зялёная крэпасць, пераплеценая непрыкметнымі сцежкамі. У яе нетры, на глухі востраў, зарослы асінамі, дубняком і ляшчыннікам, штодня хадзілі мужчыны з узвода Максіма Уса. Яны валілі асіннік і ельнік, калолі яго на доўгія плахі. У адной высякалі «вуха», у другой выразалі шып і ставілі вялікія буданы. Накрывалі іх дзёрнам, яловымі лапкамі, а то і мохам.
— От і фацеры на зіму е,— любаваўся работаю Максім Ус.— Калі часам выкураць з Дубровы, адсюль будзем смаліць у егамосцяў.
На востраў прывезлі скрыню мукі, мяшэчак солі, нават кацёл, выдраны з панскай кухні. Пра тое, што робіцца на востраве, ведалі толькі рэўкомаўцы і хлопцы з Усавага ўзвода.
Знікла з Харомнага і Салаўёва Марылька. Сказала, што ідзе за раку ў водведкі да цёткі. Цішком пагаварыў Ляўкоў і з пастушкамі, што ганялі тавар на лукавіны каля Пцічы.
— Калі што якое запрыкмеціце, пасылайце падпасвіча. Няхай барзджэй бяжыць у алешнік да нашых пастоў, а мы ўжо тут ведацьмем, што рабіць,— тлумачыў хлапчукам старшыня рэўкома.
Разы са тры з Перакалля прыходзіла маленькая, кульгавенькая Ліна, Марыльчына стрыечная сястра. Абчапляецца торбамі, накладзе ў іх акрайцаў і скарынак, кіёк возьме і шкандыбае, дзе па дарозе, дзе па раллі — ні даць ні ўзяць убогае жабрачаня. Зойдзе да Параскі, рызманы паскідае, не дзеўчына — лялька: вочы сінімі іскаркамі гараць, валасы льнянымі хвалямі на плечы збягаюць. Падкурчыць скалечаную ножку на ўслончыку і слова ў слова пераказвае, што загадала перадаць Марыля.
— У Касарычах, Харомцах і ў Парэччы легіянеры стаяць. Не многа, чалавек па дваццаць. Афіцэр у Парэцкага папа ў доме жыве, з пападзянкамі пад ручку ходзіць, а ноччу ўсё каравулы правярае. Сыскаўся ж і Казік Ермаліцкі; казалі, у Харомцах каля вахмістра аціраецца. Усё лазіць па балоце ды на рэчцы броду шукае, каб як цераз Зацішша сюды палякаў правесці. З лесу неспадзеўкі думаюць наскочыць на вас.
Калі прыходзіла Ліна, Параска пасылала свайго большанькага Васілька па дзядзьку Максіма або Лявона. Часцей прыходзіў Адзінец і так ужо ўсё выпытваў, нібы дапрос знімаў: і дзе ў іх пасты стаяць, і колькі кулямётаў у кожнай вёсцы, і як з людзьмі абыходзяцца.
Раніцою Ліна зноў нацягвала свае лахманы, крыж-накрыж чапляла торбы. Параска непакоілася, каб не схапілі яе палякі.
— На той бок каля хутара на чоўне стары Кашпар перавязе, а там не зачэпяць — жабрачка, латышка, а нас яны чамусьці сваімі лічаць.— І Ліна, кульгаючы і ківаючыся, ішла з сяла.
Партызаны верылі дзяўчыне і рыхтаваліся сустрэць белапалякаў каля Зацішша. Расставілі пасты, цікавалі на кожнай лясной сцежцы. Цішыня была трывожная. З-за ракі даходзілі чуткі, што ў маёнткі і сёлы прыходзяць новыя часці, па полі гарцуюць уланы, сякуць лазу і выхваляюцца, што вось так паздымаюць галовы ўсім «рудабельскім бандытам» і вызваляць ад бальшавікоў маёнтак барона Урангеля. Але канчалася лета, а яны нешта не спяшаліся ісці на Рудабелку.
Калі адшумела жаўталісце і марозікі прыхапілі палі і дарогі, эскадрон залапаў ноччу заняў Зацішша, неспадзеўкі хацеў ускочыць у воласць, арыштаваць рэўкомаўцаў і адкрыць дарогу пяхоце.
Але партызанскія вочы і вушы былі за ракою ў кожным сяле і на кожным хутары. Атрад Ігната Жынко сабраўся ў хмызняку, каля гнілое багністае канавы.
Яна зарасла аерам і лапухамі, зверху зашэрхла тонкім лядком. Над канаваю вісеў хісткі жардзяны масток. Толькі праз яго можна было пераправіцца на Рудабелку. Узвод Цімоха Валодзькі перайшоў на той бок, адкуль павінны былі ехаць уланы, і залёг у кустах ракітніку. Максім Ус са сваімі хлопцамі астаўся на другім беразе канавы. Яны ў самым пачатку мосціка пакінулі некалькі жардзін, на сярэдзіне рассунулі іх так, каб конскія ногі якраз правальваліся паміж імі, а ў канцы зусім паскідалі жардзіны. Самі ланцужком рассыпаліся ўздоўж канавы, пахаваліся за пажоўклым чаротам і хмызняком. Гэта яны звалі «Салаўёўскай засадай».
Нудна шапацела сухая асака, нібы серп аб серп скрыгатала чаратовае лісце, па небе вецер гнаў раскудлачаныя хмары. За імі то хаваўся, то выбліскваў тоненькі халодны маладзічок, і тады ўся балацяная нізіна залівалася сіняватым святлом. Цягнуліся доўгія цені ад кустоў, паблісквалі тонкім цёмным лядком лужыны і канава.
Па скаванай першымі замаразкамі дарозе гулка зацокалі капыты. З лесу папаўзла, закалыхалася доўгая калона коннікаў. Маладзічок асвятляў блішчастыя рулі карабінаў, зіхатлівыя страмёны і шпоры. Уланы ехалі ціха і асцярожна. Як толькі першыя коні ступілі на жардзіны мастка, з ракітніку бліснула полымя, цішыня разарвалася, як настылае прасцірадла. Коні рвануліся наперад, заднія адскочылі ўбок, узняліся на дыбкі, каб пераскочыць канаву і, ламаючы тонкі лядок, з усяго размаху ляцелі ў густы жужаль. Пярэднія правальваліся паміж жардзінамі на мастку, біліся аб іх пысамі, тузаліся, сілячыся ўстаць. Жаўнеры хапаліся за карабіны, але залп ззаду, нібы страшэнны віхор, пагнаў коней да канавы, і яны з разгону ўвальваліся ў густую сцюдзёную твань. Спераду ўдарыў узвод Максіма Уса.
Лямант, стогны і крыкі, здавалася, далятаюць аж да неба. А маладзічок выплываў паміж касмылёў хмарак і здзіўлена пазіраў, як б'юцца і паміраюць на зямлі людзі.
У гнілой канаве булькалі і храплі коні. Нехта сіліўся выпаўзці з жужаля, хапаючыся за сухі чарот. Несуладна стралялі ўланы і рудабельцы.
Калі ўсё сціхла, партызаны перакінулі цераз канаву знятыя з маста доўгія жардзіны; зыбаючыся на іх, нахіляліся, пераразалі рамяні і выцягвалі з жужалю слізкія карабіны. Ад марозу яны блішчалі, як зашклёныя.
Каля самага берага, па пахі ў багне, ляжаў Казік Ермаліцкі. Рукі прымерзлі да рудое асакі, каўнер новенькага мундзіра быў заліты крывёю.
Пасля бою каля канавы партызаны акрыялі духам, пасмялелі, сталі больш дзёрзкія. А тут якраз аднекуль з-пад Капаткевіч прабіваўся да сваіх эскадрон чырвоных коннікаў і завярнуў у Рудабелку.
— Нашы прыйшлі! Нашы прыйшлі! — бегучы па вуліцы, крычалі дзеці.
— Шапкі з пікамі, і на сёдлах усе! Далібог от з такімі пікамі.— І хлапчукі над галовамі падымалі пальцы.
Кабеты, старыя і малыя высыпалі на вуліцу. Маладзіцы на прыпечках смажылі яечні з вялікімі скваркамі і радаваліся, што зноў прыйшлі свае і не пусцяць цяпер сюды белапольскую навалач.
Камандзір эскадрона, невысокі, з пабітым воспінамі тварам дзяцюк сядзеў у рэўкоме, расказваў, як яны прабіваліся па варожых тылах, і дзівіўся, што тут няма белапалякаў.
— Як толькі паткнуцца сюды, мы іх адразу ў праваслаўную веру перакручваем,— пасміхаўся Максім Ус.— Вадохрышча ім у канаве зрабілі.