*
Усякая з'ява ў мастацтве адмаўляецца, абапіраючыся на вопыт гэтай жа з'явы, на т а м у, што яна ўжо ёсць.
*
Зерне, якое надта моцна трымаецца за глебу, не здолее адарвацца ад яе — прарасці. I думка, якая надта моцна трымаецца за рэчаіснасць, не здолее яе зразумець.
Каб прарасці, зерне, упадаючы ў глебу, «выпадае» з яе, і, каб зразумець, думка, прымаючы рэчаіснасць, «вымаецца» з яе.
Усё, што засвойваецца і зацвярджаецца «назаўсёды», дранцвее — становіцца догмай.
*
«Дзялянка», на якой паэт вырастае, «прафесія», якой ён валодае, і родавыя знакі, якімі ён надзелены,— гэта імкненне: да неабсяжнасці, да наступнасці, да іншасці.
Ён не валодае ні адменнымі ведамі, ні адменным красамоўствам, і ў крузе людзей, дзе кожны дужы і значны сваім заняткам, кажучы словамі верша, «быть может, всех ничтожней он».
Уся справа ў тым, што ён не асоба, ён — «адасоба», выйсце з круга, і трагедыя гэтага выйсця, і радасць гэтага выйсця. Ён жыве на мяжы часу і ператлумачвае на чалавечую мову, што кажа час.
*
Чалавек аблытаны нябачным ланцугом учынкаў, думак, жаданняў, якія не дазваляюць яму ўзысці «на неба». Адлегласць да яго ў кожнага свая, розная, і вымяраецца яна не чым-небудзь іншым, а якраз даўжынёй гэтага ланцуга і колькасцю звёнаў у ім.
*
Некалькі «паралельных» рысаў на даўнюю тэму — пра традыцыйнае і авангарднае.
...Традыцыйнае вядзе дыялогзтым, штоўжо было, — са сферай вядомага, авангарднае — са сферай невядомага, з тым, што можа быць;
традыцыйнае карыстаецца сфармуляванымі правіламі і прыёмамі, авангарднае фармулюе іх;
традыцыйнае лічыць, што яно ведае, што такое мастацтва, і атаясамлівае творы мастацтва з самім мастацтвам, авангарднае так не лічыць і так не робіць;
традыцыйнае творыць якасць колькасці, авангарднае — колькасць якасці.
Ва ўсякай творчай з'яве можна вышукваць і знаходзіць тое, што ўжо было, што пэўным чынам ёй папярэднічае. I хоць у кожнага творцы ёсць свае папярэднікі, свае Вергіліі, заўсёдны, самы першы і самы відушчы папярэднік — сама творчасць.
*
Цэнтр твора — ахвяра, зерне, якога няма. Яно — яго ідэя, яно раскрываецца і ўвідавочваецца ў ім.
Як зерне гіне ў парастку, так і ідэя, увасабляючыся ў твор, гіне ў творы; пакуль, хоць часткова, яна прысутнічае ў ім як нешта адрознае ад яго, датуль твор не спраўджаны, не цэласны, не жыццяздольны.
У паўнаце смерці, праходзячы самаахвярны шлях ад «глебы» да «неба», ідэя здабывае сваё поўнае ўвасабленне, а таму — уваскрэсенне.
*
Перашкоды — брускі, якія альбо востраць лязо чалавечай існасці, альбо — у залежнасці ад таго, як яно «ставіцца» да іх — шчарбацяць яго і тупяць.
*
Словы адрозніваюцца як і па тым, што яны азначаюць,— па сэнсе, так і па тым, як яны азначаюцца самі,— па фактуры. Гэта яна «вінаватая», што словы бываюць красамоўныя і невыразныя, сур'ёзныя і пацешныя, мудрагелістыя і простыя.
Фактура — «псіхалогія» слова.
*
Якая б мэта ні прыкладалася да жыцця, яна распазнае ў ім не самое жыццё, а сваю меру, сваю інтэрпрэтацыю і дэфармацыю жыцця і нагадвае сцежку, якая, у які бок ні вяла б, самім сваім рухам парушае і пакідае з боку ад сябе свой асноўны аб'ект увагі — першаісны абсяг, прыроду, зямлю.