Для мяне было i ёсць загадкай ацалелы i ўзвышаны да бога з усёй ленінскай гвардыі Сталін. 1) Свядома, па-злачыннаму вёў яе лінію? 2) Па-азіяцку пераседзеў, перахітрыў, знішчыў яе i падрыхтаваў нам «мужыка» Хрушчова? 3) Ці па непазбежнай дыялектыцы міжволі падвёў краіну, партыю i сацыялізм да непасільных рэформ? Альбо ёсць яшчэ чацвёртае ды пятае?
* * *
Маркс: «Дзяржава калечыць сама сябе, калі яна робіць з грамадзяніна злачынцу».
Як цяпер ведаем, марксісты-ленінцы i ведалі гэты наказ, i дзейнічалі згодна яму. Спачатку яны ўзвялі ў ранг злачынцаў цара i ягоную апору, пазней — сваіх апанентаў i былых саюзнікаў, а яшчэ пазней — дзесяткі мільёнаў з народа i многіх ca сваёй кагорты. Есць думка, што ў страшны лік «ворагаў народа» трапілі не толькі зламыснікі, але i генафонд краіны. Гэтыя «зэкі», фактычна савецкія рабы, у жудасных умовах — без сям'і, сяброў i сваёй любімай справы, без утульнага жылля, школ, бальніц i г. д. спаўнялі «буйнейшыя сацыялістычныя будоўлі».
Народная прымаўка кажа: «Як гукнеш — так i адгукнецца». Мала таго што ўзведзенае пад ружжом, са слязамі i крывёй, узведзенае кіркай, рыдлёўкай i тачкай было не зусім трывалае i гуманнае, дык яшчэ рана-позна павярнулася вялікай бядой. Адтуль, з турмаў i лагераў, хлынула на волю, зашалоніла ў прынцыпе падарваны ўжо народны арганізм скрыўленая псіхалогія: «залажыць», «сука», «шасцёрка», «прыдурак», «начальнік» («ты начальнік — я дурань, я начальнік — ты дурань»), «раскінуць чарнуху», «цямніць», «туфта», «шарашкіна кантора», «пахан», «бугор», «цягнуць гуму», «даюць — бяры, б'юць — бяжы», «не рабі тое, што можна зрабіць заўтра», «а мне ўсё да фені» i г. д., i г. д.
Глыбока памыляецца той, хто лічыць усё гэта за звычайны дасціпны «зэкаўскі» фальклор, не, тут-свой лад, свая філасофія жыцця i дзейнасць, яркая карціна маральнага калецтва адной шостай часткі зямнога шара.
* * *
Цяпер ужо не толькі ленінскія «скарпіёны», але i сам Ільіч многімі залучаны ў сонм сатанінцаў.
Але вось парадокс: жменька бальшавікоў-ленінцаў здолела зрабіць дзяржаўны пераварот, захапіць уладу, асядлаць грамадства i навязаць яму сваю волю, а вось 18-мільённая армія «нічым незаплямленых» членаў КПСС, маючы ўсе механізмы i рычагі непадзельнай улады, не толькі не здолела перабудаваць «казармавы» сацыялізм на «дэмакратычны», але...
У чым жа прычына паражэння такой агромністай сілы? Няўжо толькі ад таго, што яе галоўнае камандаванне складалася не з самых разумных, сумленных i смелых, а з хітрых i паслужлівых, няздольных да самастойнай дзейнасці, а то i маральна разбэшчаных, літаральна прыкаваных да свайго сытнага карыта? А астатнія, непрыкарытныя члены КПСС? Ведалі яны па-сапраўднаму, што такое гуманізм, што такое сацыялізм-камунізм, па-сапраўднаму маглі працаваць дзеля гэтай ідэі? Ці, можа, такім вялікім гуртам адмовіліся ад яе?
Наш пэўны вопыт, а таксама пэўны вопыт многіх краін свету паказвае: шматлікія сапыялістычна-камуністычныя ідэі, калі яны ажыццяўляюцца не гвалтам, а па-чалавечаму, вельмі i вельмі прыдатныя. Думаецца, таго, хто будзе не столькі баяць байкі пра суцэльнае святое мінулае, a дзелавіта распрацоўваюць тэорыю сапраўды дэмакратычнага i гуманнага сацыялізму, чакае будучыня.
* * *
«Старшы брат»... Гэты тэзіс, як разумею, сталінскай закваскі: па-першае, каб улагодзіць некаторых з вялікарускага асяроддзя, па-другое, каб пры яго дапамозе лягчэй падмяць «меншых» альбо «малодшых» і, урэшце, каб спрытней трымаць у руках на самай справе вялікі рускі народ.
Але нельга не задумвацца як след: а што ж гэта такое — Расія, велікарусы? З імі ж цесна звязаны i наш лёс.
Хочаш ці не хочаш, але мы маем справу з феноменам. Здарылася так, што лёс даў Расіі шанец не толькі ўзнікнуць, сцвердзіцца, але i ўвесь час пашырацца — туды, куды бачылі з-пад рукі «багатыры» альбо «землепраходцы» тыпу Ермака, сілай i ca згоды далучаючы да сябе невымерныя абсягі ды дзесяткі іншых, часамі зусім чужародных народаў i па ходу пералепліваючы ix на свой лад. «А ну, чертенок, говори по-русски!»
Агромністыя прасторы, гарачыня i люты мароз, мяцеліцы; багацце, што літаральна пад нагамі; працяглыя i не ўсюды ўпарадкаваныя дарогі, на якіх не толькі нязручнасці, але i перахоп дыху альбо, мякка кажучы, розныя свавольствы; вабнасць чаканага агеньчыку, шынкі, гулянкі, песні, бойкі; старанная праца i спадзяванне на славутае «авось»; знясільваючая цяга да праўды i сумленнасці; бясконцыя войны, перамогі i святы; самаахвярнасць, гераізм i апатыя; вялікія поспехі ў навуцы i культуры; фанабэрыя, душэўныя пакуты ад сваёй велічы i незразумелай місіі; самаўніжэнне i пакланенне перад Еўропай... Усё гэта i іншае не магло не выхаваць фенаменальны, часамі непрадказальны характар. На яго няпроста накінуць аброць, змайстраваную па мерках Заходняй Еўропы, дзе многае ўсё іншае, абмежаванае ў памерах, не столькі пачуццёвае, колькі рацыяналістычнае ды ашчаднае.
Невыпадкова вялікі рэфарматар расійскага быцця Пётр Першы прышчапляў заходнія мадэлі сілай i гвалтам (насіллем пазней дзейнічалі i Ленін са Сталіным). Невыпадкова i тое, што нават сам народ, адчуваючы сваю «шырыню душы», асцерагаецца «смуты» i наклікае на сябе «жалезную руку», «гаспадара», даючы магчымасць умацавацца розным культам. Нарэшце зусім невыпадкова ў свой час Маркс у лісце да Засуліч зазначаў: яго тэорыі на аснове Заходняй Еўропы i для яе, бо ў Расіі, падкрэсліваў, усё іншае. Але...
...Асабіста я i з вялікай трывогай, i з вялікім пытаннем гляджу на нашага спакутаванага ды ўсё ж багатага i здольнага суседа, які рана-позна павінен акрыяць, стаць на ногі i зноў зірнуць удалеч з-пад рукі...
* * *
Леў Талстой: «Нельга змусіць розум разбіраць i выясняць тое, чаго не хоча сэрца».
Дэпутаты «ад народа» у Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь, асобныя кіраўнікі аграрных гаспадарак.
Люба слухаць, калі яны супраць «амбіцый», за «зберажэнне прыроды i зямлі, за лад ды кавалак хлеба для людзей», але, з другога боку, не можа не ўразіць іхняя агрэсіўнасць, катэгарычнасць i, выбачайце, чыста беларуская правінцыйнасць i абмежаванасць. Да слова, Беларусь i яе народ яны гатовыя бачыць без беларускага, як адно вялікае дагледжанае поле, як адну буйную наладжаную ферму з паслухмянай i больш-менш апранутай ды накормленай рабсілай пэўнага народнагаспадарчага рэгіёна. Клопат пра «усякую культуру» яны пакідаюць «на пасля», «калі пад'ядзім i апранёмся».
Не хочацца нікога абражаць, але ствараецца ўражанне: некаторым аграрыям (зрэшты i кіраўнікам прамысловых прадпрыемстваў) варта найперш займацца сваёй канкрэтнай справай i не імкнуцца ў вялікую палітыку, дзе трэба іншы, шырэйшы, дзяржаўны, кругагляд. Тым больш, што вопыт цяперашніх перадавых i квітнеючых краін свету паказвае: там быў i ёсць аднолькавы клопат як пра цела, так i пра душу, i гэта неабходная зарука ўсеагульнага цывілізаванага поспеху.
* * *
Яшчэ пра народных дэпутатаў-ветэранаў.
Цяжка, горка пісаць непачціва пра пажылых людзей. Але, на вялікі жаль, досыць вялікі атрад гэтых нашых парламентарыяў пакуль што яшчэ не праявіў як след уласцівых іхняму ўзросту вопыту i мудрасці: спачатку запета адстойваў былыя «святыні», што не ўсе былі такімі, паслужліва выконваў ганебныя даручэнні кіруючых партыйных структур i з усіх сіл не даваў вынырнуць з балота нашай рэчаіснасці «нефармалам» i «нацыяйалістам», а пасля пад ходам падзей увабраў галаву ў плечы, трацячы пазіцыі i грамадзянскае аблічча. Шкада, што ў многіх салідных людзей пад дарагімі касцюмамі, пад ордэнамі i медалямі так i не ажывілася чалавечая душа, замест яе як быў, так i застаўся высечаны на камені кодэкс былых догм i стэрэатыпаў, што выключалі думку, сумленне i спачуванне, сапраўдны клопат пра беларускую нацыю. Зразумела, не ўсё мінулае трэба ахайваць, (некаторых якраз яно, у тым ліку i цёмнае, падняло на паверхню), не ўсё новае — перадавое, трэба мець разумныя прынцыпы, але ўсё ж трэба пазбаўляцца... не, не ад ідэі, а ад былога ідэйнага ідыятызму.
* * *
Незалежнасць Беларусі... За яе, гэтую волю, у свой час паплаціліся жыццём, цкаваліся i пасля гвалтоўнай смерці лепшыя сыны народа — i тыя, хто ўтвараў ВНР, i тыя, хто ладзіў БССР.
Цяпер гэтая незалежнасць літаральна звалілася з неба. Ды... не адзінкі, сотні i тысячы, a многія i многія, у тым ліку i нашы кіраўнікі, здаецца, разгубіліся, азіраюцца вакол ды абмацваюць позіркам нядаўні цэнтр: што рабіць? Я к жыць без загадаў?
Цяжка, а то i страшна выціскаць ca сваёй душы паслужлівага выканаўцу ды няма вопыту адчуваць сябе, рэспубліку дзяржаўнымі. Нават ужо тое, што ў наш Вярхоўны Савет ніяк не можа ўвайсці гаспадыняй (а пакуль што толькі падчарыцай) беларуская мова, паказвае: у многіх няма элементарнага разумення, што гістарычная памяць, нацыянальныя каштоўнасці — адна з умоў сцверджання дзяржаўнасці, а сама дзяржаўнасць — не прыхамаць «нацыяналістаў», а жыццёвая патрэба кожнага развітага народа. Калі гэтага не разумець i не дабівацца, то гэта найпершая адзнака таго, што нацыя i яе сілы не зусім здаровыя. Лячэнне дзяржаўнасцю (агромністай каштоўнасцю, што выпрацавала чалавецтва) — надзейны паратунак ад пагібельнай для народа немачы.