Цьмяныя нашы мэты, і, асягаючы ix, пярэчым шчырым сваім памкненням: усё-ткі мы трацім усякі раз болей, чым здольны набыць.
Мы ў спрэчцы з сабой.
Але, быццам багіня кранае рукой за касмык валасоў, незаўважна для ўсіх астатніх, угневанага Ахіла, нас раптам кранае спакой —
i мы пазіраем з надзеяй, якая не мае патрэбы ў абгрунтаванні, у тое, што мае быць.
Два святары — адзін у светлым, як дзень, адзенні i ў чорным, як ноч, другі – разам ідуць па вясновай стрункай дарозе i разам нясуць зіхатлівы, з ружовых кветак, вянок.
Яны пазіраюць далека наперад — i ціхая радасць іграе на іхніх тварах: яны ўжо бачаць таго, хто ім сустрэнецца самапершы i каго яны ўзнагародзяць сваім вянком.
Гэта — Ганна-Марыя.
I калі святары аддаюць ёй вянок, ёй мроіцца, што прастора супала з лёсам i што ўжо калісьці з ёю такое было...
«Тое, што я вам сустрэлася першаю, - выпадкова»,— нібы апраўдацца за нешта, хоча яна ім сказаць, а словы ўсё роўна складваюцца па-свойму i вымаўляюцца ўголас: «Das ist kein Zufall» .
Удзельнічаем у падзеях i назіраем падзеі.
Ды той, на каго мы ўскладалі ўсе свае спадзяванні, забыўшы, якою ўладаю ён істотны, пагас.
І мы ўжо нічога не можам зрабіць, a ўсё, што раней рабілі i што мела сэнс i мэту, цяпер выглядае памылкай i мітуснёй.
Мы разыходзімся.
Будучыня не з намі.
Мы нехаця адпускаем свой змарнаваны шанц.
І з безуважнай пагардаю заўважаем, як у пакінутым намі, спустошаным, спітым, няспраўджаным нашым бозе зноў абуджаецца i знаходзіць усіх нас жывы i знаёмы позірк.
Мы разыходзімся.
Позна.
Нічога ўжо нельга змяніць: ужо неба не тое, ужо не тая зямля...
Але — позірк... Позірк...
Яны як дзве кроплі вады падобныя між сабою, i я называю міжволі малодшага брата імем старэйшага: Анатоль.
Ён толькі што выйшаў з лодкі i адчувае сябе на сушы не дужа ёмка, бы рэкі, якімі ён плаваў, зрадніліся з ім i не хочуць яго яшчэ адпусціць.
Старэйшы быў лётчыкам, i ўжо цяжка злічыць, колькі гадоў мінула, як ён ca сваім самалётам, уцягнуты ў вір апраметнага віражу, разбіўся.
Але аднекуль прабілася i пасялілася між людзей упартая дзіўная чутка, што ён не загінуў зусім, a займеў не вядомую людзям магчымасць вярнуцца назад, на зямлю, у сваё жыццё.
Каб нешта сказаць, пытаю малодшага брата, ці вучыцца ён, ці працуе, ці проста застаўся дома i ці мяне пазнае, а ён на мой роспыт адказвае з нейкай унутранай неахвотай, бы тое, што адбылося, не да канца яшчэ адбьшося i мусіць чакаць свайго завяршэння, i зноўку мне здасца, што гэта старэйшы брат.
Далёкія сінія вербы гнуцца пад ветрам.
Рэкі, напоеныя разводдзем, поўніць спакой.
Падуладныя нам перададзенаму загаду ідзём парадзелым сваім атрадам у далёкую вёску Лукомер, дзе нас чакае расстрэл.
Нам хочацца жыць, але мы на вайне, i вышэйшая непазбежнасць трымае ў руках наш лес.
— Гэта апошні наш бой,— кажу я, падтрымліваючы сівога, у скрывянелых бінтах байца i адчуваю з усімі разам, што ўсё наўкола для нас насамрэч пачало быць апошнім i поўніцца невыказнай спагадай да нас.