«Так што адпішыце, як вы там. Як сыны...»
— Рогі растуць,— уставіла старая,
«...як ты, Адарка...»
Тут і я шморгнуў носам, і ў горле нешта перасела, аж голас змяніўся.
Цётка зноў у слёзы.
«...як дзядзька Мікалай і цётка Матрона...»
— Дзякуй, напішы, што мацуемся,— загадаў дзед.
«Усім нізка кланяюся. А яшчэ перадайце, калі ёсць хто ў жывых, давялося мне сустрэць Івана Макавея».
— Гэ, дык гэта ж Санькаў бацька! — здагадаўся я.
«Мінулай вясной разам у шпіталі ляжалі. Праўда, ён выпісаўся раней і паехаў у сваю часць.
На тым застаюся К. Сырцоў».
— Усё?
— Усё,— уздыхнуў я.
— А Васіля майго ён не сустракаў? — спытала баба Гапа, быццам яна і не чула пісьма.
— Не піша.
— А ты, дзетка, будзеш адпісваць, то спытай,— папрасіла Міроніха.
Доўга я пішу бацьку адказ, да самага вечара. Мне падказваюць з усіх бакоў, ад каго перадаваць паклоны, пра каго яшчэ спытаць апрача Міронавага Васіля: пра мужа, пра брата, пра кума.
Пра Саньку я таксама паведаміў. Нядаўна з Ярылавіч пераказалі людзі, што Санька там і каб за ім прыехалі. Яго падабрала тады на парозе сваіх сенцаў адна старая жанчына і доўга лячыла гаючымі травамі.
Калі выпаў добры снег, цётка Марфешка ўзяла санкі і прывезла сына дамоў саматугам. Зараз мой сябра ходзіць па хаце. Мне спіну сваю паказваў: уся ў шрамах, а на левай лапатцы яшчэ і зараз сядзіць вялікі струп, з-пад яго цячэ сукравіца.
— Добрую яны табе пакінулі памяць, хай ім грэц! — гаворыць Санькава маці.
Дык хіба ж толькі яму? Усім людзям на доўгія гады.
Сяркоў, I. К.
С99 Мы з Санькам...: аповесці.— Мінск.: Мастацкая літаратура, 2015.— 477 с.
ISBN 978-985-02-1159-0.
Перевыданне шырока вядомых сярод юных чытачоў аповесцей Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага», «Мы — хлопцы жывучыя», «Мы з Санькам — артылерысты...». Праўдзіва і цікава, з уласцівым аўтару гумарам расказваецца ў трох творах, сабраных пад адной вокладкай, аб пакручастых жыццёвых сцежках вясковых хлопцаў Івана Сырцова і Санькі Макавея.
УДК 821.161.3-93
ББК 84(4Беи)-44
Літаратурна-мастацкае выданне
Сяркоў Іван Кірэевіч