— Вы начальнік сувязі ці оперны спявак? Чорт вас вазьмі! — раззлаваўся раптам капітан.— У вас заўсёды толькі вецер у правадах!
Лейтэнант вінавата змоўк. Так яму і трэба, дзяўчатніку гэтаму. Вось зараз ён яму дасць! На ўсялякі выпадак я падаўся на двор. Калі справа не ладзіцца — лепш не блытацца тут.
А на двары Сяргеіч выкапаў ровік, прымасціў на цаглінах вялікую каструлю і варыць штабу абед. Вось у яго спытаць бы. Дык бабуля тут душу злівае:
— Усё чыста забралі, усё пад венік вымелі. Якая бульбіна была, якая адзежына. Засталіся толькі ў чым стаім.
Сяргеіч крывіцца ад дыму, памешвае лыжкай кашу.
— Немцы, Матрона Яўсееўна, што ты хочаш?
— А і нашы добрыя,— не згаджаецца бабуля,— гэтыя самыя ласаўцы. Любяць ласавацца...
— Уласаўцы,— умешваюся я.
— Адчапіся,— ставіць мяне старая на месца,— дай з чалавекам пагаварыць. Дык вось я і кажу: увесь двор швайкамі ўспаролі, усё да зярнятка зглумілі...
— Эх, Матрона Яўсееўна,— уздыхае Сяргеіч,— палову Расіі зглумілі, не тое што...
— А Расія з каго састаіць? — пытае бабуля і тут жа сама адказвае: — 3 нас жа, вось з такіх сірот, і састаіць...
Яна хацела яшчэ нешта сказаць, але тут выбег на ганак сувязіст.
— Матаем вуды, Сяргеіч! — крыкнуў ён і пачаў адчэпліваць свае правады.
Так і не давялося мне спытаць у старога салдата пра добраахвотнікаў. Але я і сам не лыкам шыты: добраахвотнікі таму так і называюцца, што ідуць самі па добрай ахвоце. А мне яе не пазычаць. Выбраўшы зручны момант, калі ля штабной машыны нікога не было, я ўскочыў у будку, схаваўся пад лаўку і накрыўся не то брызентам, не то мяшком. Будзеш прасіцца — не возьмуць, а калі ад'едуць далека — не выганяць.
Скажу, дарогі дамоў не знайду. Так і застануся. Яны вымушаны будуць даць мне ўсё: і адзежу, і карабін. Вось тады я разлічуся і за Саньку, і за Міцьку, і за ўсе свае выспяткі, і за «русіш швайн».
Пад брызентам душна. Вельмі няёмка ляжаць пад лаўкай, скруціўшыся ў тры пагібелі. Пад самым носам тупаюць боты Сяргеіча. Ён увесь час нездаволена бурчыць:
— Чортава жыццё. Трэці дзень не даюць кашу зварыць...
— Немцаў вінаваць, Сяргеіч, што так уцякаюць.— Гэта лейтэнантаў голас. Вось ён зноў зацягнуў:
Кузаў пада мной уздрыгнуў, хістануўся на ўхабе, і машына пайшла. Добра, што я такі хітры. Стаў бы прасіцца — не ўзялі б. А цяпер — усё. Галоўнае, далей ад хаты ад'ехаць.
I раптам я войкнуў ад пякучага болю. Хтосьці наступіў мне на пальцы. Як я высунуў руку з-пад лаўкі — зразумець не магу.
— Што гэта яшчэ такое? — здзіўляецца Сяргеіч і сцягвае з мяне маскіроўку. Першае, што я ўбачыў, гэта вясёлага лейтэнанта, які сядзеў насупраць за прымацаваным да сценкі столікам. Спачатку вочы яго сталі круглыя, а потым бліснулі зубы, і вось ён ужо заходзіцца бязгучным смехам. Сувязісты заглядваюць пад лаўку і таксама перасмейваюцца.
— Вылазь,— строга камандуе мне Сяргеіч.
Тут нічога не зробіш, трэба вылазіць.
— Ну, што скажаш? — пытае стары салдат без ценю ўсмешкі.— Чаго ты сюды зашыўся?
Я стаю, пасапваю і маўчу. У мяне адна думка: высадзяць ці не? Што б ім такое сказаць, каб не высадзiлi?
— Можа, гэта шпіён? — не то сур'ёзна, не то жартам устаўляе Кузьмін, які ўсё выклікаў у парозе «рэзеду».
Лейтэнант аж задыхаецца. Твар яго стаў чырвоны, як пераспелая вішня.
— Які ён шпіён? — скрозь смех заступаецца лейтэнант за мяне.— Добраахвотнік ён...
Хтосьці пастукаў у сценку супраць кабіны. Машына спынілася. I тут я не вытрымаў.
— Яны Саньку забілі. Яны... Я з вамі паеду.