Мурло зноў кліча да сябе. Што ён, бясконца так будзе?
Нарэшце той, другі, не вытрымаў. Ён штосьці хутка і горача загаварыу свайму напарніку. Мурло не хоча яго слухаць, а хапае мяне за плечы і штурхае зноў да плота. Я з іх спрэчкі разабраў толькі некалькі слоў:
— ...гер-гер-гер... кляйне... гер-гер... кнабе...19
— гер-гер-гер... алее... гер-гер... швайн... гунд.20
Але больш чым са слоў, зразумела па вачах, па тварах, па ўзмахах рук: яны спрачаюцца страляць мяне ці не. Мурло, відаць, не перакрычыш. Ен стаіць на сваім. Значыць, мне — капцы. Не, другі хапае яго за руку з пісталетам.
I зноў:
— Ком.
На гэты раз за каўнер мяне бярэ худы. Ад моцнага штуршка каленам ніжэй спіны я ластаўкай лячу ў бабульчын бліндаж. Мабыць, таму, што пры палёце трэснуўся лбом аб бервяно, раскалваецца на часткі, як стары гліняны глёк, галава. Мабыць, ад таго, што доўга прастаяў на холадзе, мяне калоціць ліхаманка. Вы думаеце, я спалохаўся? Не, магу і ўсміхнуцца. Толькі ўсмешка нейкая касабокая.
Следам за мной залазіць у бліндаж бабуля.
— Хоць і немец, а чалавек,— гаворыць яна пра чарнявага.— Той бы застрэліў.
39. Іду добраахвотнiкам
Нашы прыйшлі ціха. Раніцой я вылез паглядзець, што робіцца на белым свеце, і здзівіўся: навокал глыбокая, цяжкая, дымная цішыня. Там-сям курэлі яшчэ галавешкі на пажарышчах, паветра было горкае ад пахаў попелу, ад сіняватай, едкай смугі. Белая, усыпаная снегам зямля ў чорных язвах варонак. Згарэла Міронава хата, пагарэлі і многія іншыя, некаторыя немцы разабралі на бліндажы. Вуліца стала шчарбатая: двор цэлы, пяць двароў — адны коміны. А наша жытло ўцалела. Толысі задняй сцяны ў сенцах няма — нязвыкла бачыць з агарода дзверы ў хату, абабітыя саламянымі матамі.
Бягуць па агародах людзі, вяртаюцца з бежанцаў. Вунь Малахі пайшлі, вунь яшчэ нехта — далека. Хто радуецца, хто галосіць, у залежнасці ад таго, што засталося ад двара.
— Няма немцаў, прагналі! — крыкнуў я ў бліндаж і трупіком пабег на шашу. Там грукоча войска. Паглядзець трэба. За мной паплёўся Глыжка, з плачам просіць пачакаць. Вось навязаўся на маю галаву! Без яго, як без солі.
Прыйшлі яшчэ хлапчукі. Стаім і глядзім, абменьваемся ўражаннямі.
— Ух ты! Во, машына! Ды не туды глядзіш — вунь, што пад брызентам.
— То, можа, «кацюша» тая!
— А ты думаў? Канечне, яна.
— Гранаты, глядзі, гранаты якія. Рабрыстыя.
— Гэта каб лаўчэй кідаць...
— Ведаеш ты! Гэта каб больш асколкаў было...
Але больш за ўсё нас уразіў хлопец у ладным кажушку, у шапцы, з зорачкай і нават... з карабінам.
— Хіба і такіх бяруць?
— Добраахвотнік гэта.
Хлопец ехаў у кузаве грузавіка і глядзеў на нас з гонарам, як і належыць глядзець чалавеку, якому абавязаны людзі сваім вызваленнем.
Я іду дамоў, а перад вачыма ўсё той хлопец, і крыўда мяне бярэ: хіба я горшы за яго?
Праз дзень у нашай хаце размясціўся штаб. У двары наблытана правадоў, у парозе на ўслоне, дзе раней стаяла ражка, сядзіць салдат і ўвесь час крычыць у тэлефонную трубку:
— Рэзеда! Рэзеда! Паглухлі там, ці што?
Памаўчыць крыху і зноў:
— Рамашка! Ало, Рамашка!
[19] Малы... хлопчык (ням.)
[20] Усе... свінні... сабакі (ням.)