MoreKnig.org

Читать книгу «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн.

— Праўда — крыўда. Памаўчы. Немцы ходзяць.

Яна як у ваду глядзела. Забразгалі жалезныя бляшанкі процівагазаў. Усё бліжэй і бліжэй. Спыніліся каля нашай нары. Відаць толькі дзве пары салдацкіх ботаў.

Адзін з фашыстаў нагнуўся, і я сустрэўся з ім позіркам. Гэта было рудое, даўно няголенае мурло, з нейкімі туманнымі, патухлымі вачыма. Ён махнуў рукой — вылазь.

Другі — чарнявы, худы. У каўняры салдацкага мундзіра змесцяцца дзве яго шыі. Ён пасвяціў у наш бліндаж кішэнным ліхтарыкам і, не знайшоўшы нічога падазронага, адышоў убок.

Мурло агледзела мяне з ног да галавы: вялікая дзіравая шапка спаўзае мне на вочы, звісаюць доўгія рукавы, на нагах буркі — ім ужо ідзе трэцяя зіма. Твар у мяне, як у качагара, адны вочы блішчаць. Тут кожны дзень не наўмываешся. Гэта ўсё дало падставу немцу зазначыць, што я «русіш швайн» — руская свіння. А пасля гэтага ён хутка, з пагрозай штосьці такое загергетаў. Я разабраў толькі некалькі слоў:

— ...Цвай русіш зольдатен...16

— Не разумею,— паціснуў я плячыма.

Мурло нібы звар'яцела. Яно загарланіла так, што ў мяне зазвінела ў вушах. На крык высунулася з бліндажа бабуля і запанкала:

— Пан, паночак, сірата ён, невінаваты ён, ён тут сядзеў...

I пачала плакаць.

Мурло толькі пакасавурылася на старую і ткнула мне пад нос пісталет:

— Пiстоль фарштэен?17

— Пiстоль фарштэен,— пацвердзіў я кіўком галавы. Я здагадваюся пра астатняе. Яны шукаюць двух нашых салдат. Магчыма, разведчыкаў.

Немец паказаў мне пісталетам у бок плота, і я пайшоу. Усё гэта як скрозь нейкі туман. Страляць ён хоча мяне, ці што?

— Айн... цвай... драй...— лічыць мурло мае крокі, а перад вачыма старыя, гнілыя дошкі плота. Яны бліжэй і бліжэй. На адной зялёныя лішаі, другая трэснута ўздоўж, ледзь трымаецца на ржавым цвіку. Пад плотам густы, мяккі мурог. Тут была высокая трава, ды бабуля сярпом павыжынала... Чаго яна там галосіць? Абы не балюча было. Абы адразу. Калі ў галаву, то добра...

— Хальт!

Стаю. Чакаю. Што ён там робіць? Цэліцца? Замест стрэлу зноў:

— Ком гэр!

I ўсё пачынаецца спачатку:

— Цвай русіш зольдатэн?

— Нікс фарштэен...

— Пiстоль фарштэен?

— Фарштэен...

Ізноў:

— Форвэрц!18

I зноў:

— Айн, цвай, драй...

А бабуля ўсё лямантуе, ламае рукі.

— Мяне застрэльце, дурную,— просіць яна.— Гэта я тут прыдумала застацца. Мяне забіце. Я нажылася, мне і так паміраць. А яго за што?

А ім трэба, каб было за што? Захацелася ім.

[16] Два рускія салдаты... (ням.)

[17] Пiсталет разумееш? (ням.)

[18] Наперад! (ням.)

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code