MoreKnig.org

Читать книгу «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн.

Стары сасновы бор сустрэў мяне трывожным шумам верхавін. У нерашучасці я пастаяў крыху на паляне і нясмела падаўся па прасецы ў глыбіню. З дарогі не сыходжу, можна заблудзіцца.

Гучна патрэскваюць пад нагамі сухія галінкі, ад нечаканасщ я кожны раз уздрыгваю і потым падоўгу прыслухоўваюся. Начны лес поўны таямнічых гукаў. Крэкча старая сухастоіна. Вось штосьці піснула ў кустах, зашамацела па сушняку, і ў мяне мурашкі пабеглі па спіне.

Я пільна ўглядаюся ў цемрадзь, хачу ўбачыць партызанскія вогнішчы, лаўлю вухам кожны гук, кожны шолах, хачу пачуць грозны вокліч: «Стой! Хто ідзе?». Але не відаць агнёў, не чуваць партызанскага вартавога. Бясконца шумяць над галавой сосны, заблудзіўся ў маладым бярэзніку бесклапотны вецер, і раптам... Не, гэта мне не здалося. Было добра чуваць, як трэснула. Дзесьці ўбаку. Я аслупянеў. Хвіліна, другая. Вось зноў. Толькі ўжо ў другім баку. Мне стала страшна. Хтосьці ходзіць вакол мяне, сочыць за кожным маім крокам. Хто ён? Можа, чалавек, а можа, і воўк.

Я вярнуўся назад і за марынінскімі агародамі зашыўся пад стог. I сніцца мне Санька. Ён быццам бы прыйшоў да нас у госці. На ім шапка-будзёнаўка і чырвонаармейскі шынель. На баку пісталет, украдзены ў немца. Бабуля з гэтага выпадку пячэ пампушкі. Не тыя чорныя і цяжкія, нібы глей, з дранай бульбы і прымессю саматужнай непрасяванай ячменнай мукі, якія бабуля чамусьці называв «лапонікамі», а сапраўдныя, учыненыя на добрай рошчыне з пшанічнай мукі. Яна кідае пампушкі ў рэшата, а мы крадком хапаем іх з Санькам і ядзім. Толькі па адной праглынулі, аж глядзь — пампушкі пячэ не бабуля, а Няўмыка.

— Хальт! — крычыць ён на Саньку, а потым стаў на карачкі і забрахаў, як сабака: — Гаў, гаў, гаў!

Ад гэтага гаўкання я і прачнуўся. Проста мне ў вочы свеціць сонца, а ў вёсцы сапраўды заліваюцца сабакі.

36. Я здiўляю святых

Першым маім імкненнем было падхапіцца і бегчы ім насустрач. Неяк нават не верыцца, што мне ўсё ж пашанцавала. Добра, што я нікуды не сышоў з гэтай вёскі, а застаўся тут начаваць. Узброеныя людзі ходзяць па вуліцы, снуюць туды-сюды, з-за плятнёў відаць іх галовы і дулы вінтовак. Адзінае, што мяне крыху бянтэжыць,— чаму яны прыйшлі не ноччу, а раніцой. Як я ўяўляў, партызаны павінны дзейнічаць ноччу. Хаця чаму ноччу? Яны з'яўляюцца тады, калі іх вораг не чакае.

Каля стога расце нейкі бур'ян. Сухое бадыллё хістаецца ад ветру перад вачыма і засціць вуліцу. Каб расчысціць агляд, я высунуўся з нары і быццам абвараны шмыгнуў назад.

Яны стаялі за якія-небудзь пяцьдзесят крокаў ад мяне ў канцы агародаў, прыхіліўшыся да плятня. Адзін біноклем абводзіць лес, а другі паглядае на мой стог і ўжо скінуў з пляча вінтоўку. Немцы! Зараз ён сюды пекане, абальешся тут крывёю і загінеш, не паспеўшы нічога зрабіць. Паміраць неахвота.

Я выскачыў са сваёй нары і стаў скубці сена. Ліхаманкава мільгаюць у галаве думкі. Галоўнае — не хвалявацца. Калі я не буду ўцякаць, яны ў мяне не стрэляць. Трэба ісці проста да іх, на маім ілбе не напісана, што я шукаю партызанаў. А што потым? Што ты ім скажаш, калі спытаюць, чаго хаваешся пад стогам? Скажу, што вартую сена. Маці загадала вартаваць, бо ноччу хтосьці абскуб стог. А калі спытаюць, дзе твая маці? Тады павяду ў хату. Вось у гэтую хату, што стаіць насупраць у садзе. Над хатай з коміна ўецца сіні дымок. Гаспадыня паліць у печы, гатуе снеданне. Яна пацвердзіць, што гэта яе хлопец.

Калі вырашыў быць гаспадаром, дык трэба ўжо быць гаспадаром. Я не спяшаючыся падграбаю рукамі сена да апошняй травінкі, а немцы моўчкі назіраюць за маімі дзеяннямі. Нарэшце я згроб усё ў абярэмак і панёс у двор.

Перада мной пералаз у сад. Пакратаў я пераламаную жардзіну і паківаў галавой: ай-я-яй, усё развальваецца, трэба будзе неяк паладзіць. Уецца над комінам дымок. Гаспадыня, відаць, пячэ бліны або варыць шпонную кашу. А што, калі тут жыве паліцай ці стараста? Вунь якая даміна, і двор з бярвенняў.

А немцы ўжо комгэркаюць, пальцам ківаюць. Ах, гэта паны, а я і не бачыў, думаў, што тут нікога няма. 3 сенам падыходжу да іх.

— Пан, сена карове нясу...

— Гут, гут,— пахвалілі яны мяне і наперабой залапаталі: — Лапата, лапата. Фарштэен зі?

— Якая лапата? — здзіўляюся я.— Не лапаце сена, а скаціне.— I замычаў бычком: — Му-у!

Я прыкідваюся цялём і быццам не разумею, што ім патрэбна ад мяне. Нарэшце адзін з іх не вытрымаў, рассыпаў маё сена на дарогу і павёў завулкам у вёску. Другі застаўся з біноклем назіраць за лесам. Баяцца ўсё ж такі, каб ім партызаны не падсыпалі гарачых вугалькоў.

На душы ў мяне стала лягчэй. Не здагадаліся, хто я такі. А што на акопы гоняць, дык там будзе відаць, колькі я ім накапаю.

У канцы вуліцы пад бярозамі стаяць дзве падводы. Каля іх ходзяць дзяўчаты, жанчыны, падлеткі. Усе з рыдлёўкамі. Штосьці камандуе, размахваючы рукамі, немец у касцы. Мой канваір лянівы, як біцюг, ісці яму да тых бяроз не хочацца, і ён, склаўшы далоні трубой, загарланіў на ўсю вёску:

— Петэр! Петэр!

Ад падвод адгукнуўся Петэр. Яны перакінуліся парай слоў, і я атрымаў штуршок у спіну: бяжы, маўляў, сам, вадзіцца яшчэ тут з табой. Добра з хрэнам, добра і так, як гаворыць мой дзед Мікалай. Петэр махае рукой — хутчэй. А мне што, на пажар? У мяне не гарыць. Петэр адвярнуўся. Я валакуся, як нежывы, нага за нагу чапляецца. Азірнуўся назад — немец, які прывёў мяне сюды, таксама не глядзіць у мой бок.

«Знайшлі дурня»,— падумаў я, у адзін момант сігануў за вугал і пабег з усіх ног. Зараз добра было б заскочыць у які двор ці агарод, пераседзець гэтую навалу, а там ужо буду больш асцярожны. Навучылі. Хопіць.

Мне на вочы трапілася царква. На паперці то адчыняюцца, то зачыняюцца дзверы. За імі хаваюцца бабкі ў чорных, напушчаных на самыя вочы хустках, у доўгіх святочных спадніцах, падпяразаных белымі расшытымі фартухамі. А хто мне не дае забегчы крыху памаліцца?

— О госпадзі,— шарахнуліся ў бакі дзве старэнькія багамолкі, якіх я ледзь не збіў з ног, і нават перахрысціліся. А мне не да іх, можа, там за мной ужо бягуць. Я рвануў за клямку і, нарабіўшы грукату, нібы чорт, уляцеў у храм.

На клірасе маладзіцы і два белабародыя дзяды распяваюць малітвы. Пахне воскам і яшчэ нечым прытарна-салодкім. На грукат аглянулася адна з жанчын і праняла мяне з ног да галавы строгім позіркам. Мабыць, хацела адгадаць, чый я: Хрысцінін, Маланчын ці Парасчын. Здзівілася, што не ведае такога, і бязгучна заварушыла губамі — зашаптала малітву.

Трэба і мне маліцца, а то, чаго добрага, прагоняць. I па прыкладу строгай цёткі таксама старанна заварушыў губамі. Я шапчу, што ў галаву прыйдзе: і немцам пагражаю, і партызанаў прашу, каб хутчэй выйшлі з лесу, і нават песню мармычу. Ды, мабыць, крыху перастараўся, бо на мяне пачалі ўсё часцей азірацца. Каб як-небудзь выправіць становішча, я перахрысціўся, але, мусіць, не ў той бок або не той рукой. 3 кліраса адзін з дзядоў пускае ў мой бок маланкі. Са здзіўленнем глядзяць на мяне са сцен посныя твары святых: што гэта за багамолец такі знайшоўся?

Не дачакаўшыся канца богаслужэння, выйшаў на вуліцу. Немцаў у вёсцы ўжо не было, і гадзіны праз дзве я ўжо далека за Марынінам пёк у прысаку бульбу.

Цэлы тыдзень я блудзіў па лясных дарогах, начаваў пад стагамі то каля адной вёскі, то каля другой, разоў дзесяць адседжваўся ў прыдарожных хмызняках, калі на шляху раўлі нямецкія машыны, а партызанаў знайсці не мог. Аднойчы, пачуўшы страляніну, я кінуўся цераз хмызнякі туды, дзе грымеў бой, але заграз у балоце. Давялося вярнуцца назад. Калі, абышоўшы багну, я выбраўся на дарогу, там ужо ўсё скончылася. У канаве коламі дагары ляжала чорная легкавая машына, а крокаў за дзесяць ад яе дагараў бронетранспарцёр. У яго стальным чэраве трашчалі патроны. Забраўшыся ў густы сасоннік, я доўга плакаў ад злосці, праклінаючы свой нешчаслівы лес.

На другім тыдні ледзь жывы прывалокся дамоў. Бабуля доўга плакала, яна думала, што я пару ўжо дзе-небудзь зямлю, а потым пачала грэць у свіным чыгуне ваду, каб, хоць збольшага, абмыць з мяне бруд.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code