— Геройскі быў чалавек, даваў немцам прыкурыць...
Праўда, я паміраю не зусім і хутка ачуняю.
Пад такія прыемныя думкі легка ідзецца. Далека за спіной засталася родная веска. Яна схавалася ў кучаравых шатах вербаў, і толькі школа стаіць на гары як на далоні, глядзіць мне ўслед пустымі вокнамі.
Да лесу засталося трэць дарогі. Здалёк ён здаваўся сінім шчарбатым парканам, цяпер можна разгледзець медныя, магутныя ствалы соснаў. Асабліва тых, што стаяць на самым пясчаным беразе.
Там, за ракой, ужо другая зямля, там, у густым бары, жывуць мае надзеі. Мне хочацца ўбачыць людзей, якім я нясу свае крыўды, але колькі ні ўглядаюся, пакуль што кічога не відаць. Не ходзяць між соснаў партызаны, не глядзіць іх разведчык на мяне ў бінокль.
На беразе старога рэчышча, уздоўж якога ідзе ўжо зарослая травой лугавая дарога на Старую Рудню, я падкасаў штаны і пайшоў шукаць броду. Вада ўжо халодная, пад нагамі распаўзаецца ліпкі глей. Ступіш убок і зусім загразнеш па пояс. Але пераправа прайшла удала. Намокла толькі адна калашына. Я выйшаў на супрацьлеглы бераг здаволены сам сабой. Адным водным рубяжом менш. Застаўся яшчэ адзін, але самы галоўны.
— Хальт! — аперазаў мяне бізуном па спіне нямецкi воклiч.
Iх было двое. Яны стаялі на той самай дарозе, дзе я толькі што падкасваў штаны. На грудзях аўтаматы, рукамі трымаюць веласіпеды. Дагнаць яны мяне не дагоняць, пакуль перабяруцца цераз раку, мой і след прастыне. Але дагоніць куля, тым больш што мне трэба будзе яшчэ ўзбегчы на круты бераг. Для кулі рэчка не перашкода.
I я думаю: «Ну, што яны зробяць малому? Скажу, што прыйшоў лазы нарэзаць. Кошык трэба сплесці».
33. Уцёкi уначы
Немцы не сталі дапытвацца, чаго я бадзяюся па лузе. Яны загадалі мне ісці па дарозе, а самі селі на веласіпеды і, ледзь перабіраючы нагамі, паехалі следам. Мне давялося бегчы трушком. Адзін з іх увесь час наязджае на мяне колам, цаляе трапіць у босыя пяткі і камандуе:
— Шнэль, шнэль!
Якое там шнэль, калі і так дыхаць займае. Збягаючы з узгорка, я няёмка ступіў у глыбокую, зарослую травой каляіну і распластаўся на дарозе. Гэта рассмяшыла фашыстаў.
Кіламетры за два ад Старой Рудні, каля крутой пясчанай гары мяне спынілі. Хацелася зваліцца на зямлю і хоць крыху аддыхацца, але мне загадалі падымацца на гару. Следам карабкаюцца немцы, валакуць свае веласіпеды.
На схіле гары процьма народу капае акопы. Тут распараджаецца пажылы, у нейкім рудым абмундзіраванні салдат. Вінтоўка за плячыма, а ў руках бліскучы жалезны метр. Ён крытычна аглядае маю хліпкую постаць і падводзіць да кучы рыдлёвак.
— Лапата. Лапата. Арбайтэн. Фарштэен зі? — тлумачыць ён і вядзе да вялізнай ямы. А тыя двое расселіся на траве і не звяртаюць больш на мяне ўвагі.
— Варона ты, варона, а не партызан,— лаю я сам сябе.— Гэта ж трэба так уліпнуць!
Нас у яме чацвёра. На дне сівенькі сухарлявы дзядок і тоўстая рыжая дзяўчына. Яны бяруць гліну шуфлямі і кідаюць яе на выступ, падобны на прыпечак, па якім залазяць на чарэнь.
3 прыпечка яе шуфлем выкідвае наверх хлопец гады на тры старэйшы за мяне. Мы адразу пазнаёміліся: яго завуць Максімам.
— Цябе гэты татальнік схапіў? — ківае ён на немца ў рудым мундзіры, які ўвесь час вісіць над нашымі галовамі і лаецца на дзяўчыну, бо тая не гладка аскрабае сценку.
— А што гэта за татальнікі такія? — цікаўлюся я.
— Цю-у! Не ведае! — здзівіўся Максім.
Тут у размову ўмешваецца дзядок. Ён выцер далонню пот, абапёрся на рыдлёўку і растлумачыў:
— Вось не хапае, скажам, у чалавека бульбы. А голад — не цётка. I вось пачынае ён, скажам, есці тую, што пакідаў на насенне. Так і тут: падмятаюць пад венік сваю Германію.
— Ды пры чым тут бульба? — нездаволены дзедавым тлумачэннем, адгукваецца Максім.— Грабуць старых і малых, бо не хапае ўжо ў іх салдат.
— Арбайтэн, арбайтэн! — перапыніў немец гэтую дыскусію і сам рассеўся на свежым пяску над нашымі галовамі.
— А нам, скажам, не на пажар,— з насмешкай адказаў татальніку дзядок, але заварушыўся.
Вечарам нас прыгналі ў Старую Рудню. Насустрач па дарозе праехалі два грузавікі, гружаныя бярвеннем. Бярвенне не новае, пачарнелае ад дажджоў і вятроў, на ім папрыліпаў спрасаваны мох.
Дзядок дыбае побач са мной і ўздыхае:
— Вось разбураюць хаты, закапваюць у зямлю. Відаць, зімаваць збіраюцца.