MoreKnig.org

Читать книгу «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн.

План прыйшоў у галаву сам сабой, і, па-мойму, някепскі план. Трэба ўзяць на дорогу хлеба і бегчы хутчэй у лазу да партызана, можа, ён нас там яшчэ чакае. Далей разам з партызанам мы ідзём у атрад. Ноччу атрад нападае на немцаў, што размясціліся ў нашай вёсцы, і выручае Саньку. Галоўнае — не траціць часу.

Бабулі ў хаце няма. Глыжка сказаў, што яна пайшла да дзеда Мікалая.

— Яна кажала,— дакладвае Глыжка,— што дзед Мікалай табе пакажа. Яна кажала, што ён будзе бічча...

Што задумала бабуля, няцяжка здагадацца. Прыйдзе дзед, тады сёння не ўцячэш, не пусціць. Я адрэзаў лусту хлеба, паклаў яе за пазуху і ўжо на парозе папярэдзіў малога:

— Глядзі тут, Рыгор. Слухайся бабу. Калі бульба пад падлогу не ўлезе, закапайце ў капец.

Глыжка глядзіць на мяне і хоча заплакаць.

— А ты куды?

— Ты не плач. Я схаджу толькі ў адно месца і вярнуся. Скажы бабе, каб карову дамоў прыгнала...

Раскашлаціў напаследак непаслухмяны братаў віхор, як, ідучы на вайну, зрабіў гэта мой бацька, і падаўся на агароды. Што робіцца на душы, цяжка і сказаць: шкада кідаць старую з малым, і заставацца мне тут нельга. Санька ў небяспецы.

Да таго месца, дзе мы сустрэліся ўчора з партызанам, я дабраўся без прыгод. Хутка знайшоў і той куст, і тую купіну, але самога партызана няма. Крычу, свішчу, — не адгукаецца. Абышоў навокал у надзеі, што ён, можа, заснуў,— ні жывой душы. Толькі на сухой грыўцы пад развесістай вербалозінай знайшоў абярэмак прымятага сена ды побач з ім маленькі акурак са старой пажаўцелай газеты. Пайшоў. Не дачакаўся. Падмануў.

У роспачы я заплакаў.

Гэта былі горкія слёзы крыўды. Пры чужых людзях я іх глытаў, стараўся не паказацца слабым. Глытаў, калі памерла маці, калі ўпершыню пабіў Няўмыка.

Потым крыху аббіўся, зачарсцвела душа, акамянела сэрца. Калі крыўдзяць чужыя людзі, яно не так балюча. А тут свой. Не паверыў. Кінуў у той час, калі асабліва патрэбна яго дапамога, калі мы апынуліся ў бядзе.

Магчыма, яго можна яшчэ дагнаць. Ён пайшоў, напэўна, у бок лесу, трзба толькі не траціць ні хвіліны. Мне здалося, што я нават яго ўбачыў. Нейкі чалавек паказаўся на далёкім узгорку і знік у лагчыне за стагамі сена.

Купіны, пакрытыя мяккім зялёным мохам і асакой, зыбаюцца пад нагамі, угрузаюць у рудую твань. 3 патрывожанага тарфянога дна вакол іх падымаюцца шыпучыя бурбалкі. Балота шырокае, з кіламетр. Калісьці да вайны ў яго густых буйных асоках вадзілася процьма ўсялякіх птушак. Не раз мы хадзілі сюды па вясне збіраць яйкі дзікіх качак. Так што і зараз мне прабірацца па зыбкай, заросшай зверху травяным кажухом багне не ў навіну. Іншы раз, праўда, ногі саслізгваюць з купіны і правальваюцца па калена ў гразь. Там, спадыспаду, зямля цвёрдая, як ток, і халодная, быццам лёд.

Так-сяк я выбраўся на сухую грыву, абмыўся крыху ў травяністай калдобіне, павесялеў. Па дарозе ўзнік новы план: не даганю таго хлопца, пайду ў лес сам. Адна толькі перашкода — рака. Ды, можа, як-небудзь перабяруся. Знайду бервяно і пераплыву.

Як складуцца абставіны ў лесе, пакуль што цяжка сабе ўявіць. Але ў хлапечым сэрцы багата надзей. Зразумела, мне сустрэнуцца партызаны. I вось ужо ўяўленне малюе перад вачыма грозныя і радасныя падзеі самай бліжэйшай будучыні. Мы ідзём нячутна, як цені. Я — наперадзе, паказваю дарогу, за мной — камандзір атрада, за камандзірам — ліхія хлопцы з аўтаматамі, вінтоўкамі і гранатамі. На дварэ ноч, спяць сабе Няўмыка, Ахонька і ўся іх хеўра, спіць таўсташыі Санькаў фашыст, толькі ходзяць пад вокнамі вартавыя. Яны і не здагадваюцца, што іх чакае праз некалькі мінут.

I вось я даю сігнал узмахам рукі. Партызаны па камандзірскаму загаду рассыпаюцца па вуліцы, бягуць уздоўж платоў. I раптам — тра-та-та-та. Гэта стракоча наш кулямёт. Я ляжу побач з кулямётчыкам і падаю стужку з патронамі.

— Ці-у, ці-у,— спяваюць кулі. Кулямёт змоўк.

— Дзядзька, што з вамі, вы забіты? — падскакваю я.

— Не,— адказвае партызанскі кулямётчык словамi з песні,— я забіт не забіт, а цяжка ранены...

А немцы ўсё бліжэй і бліжэй. Яны думаюць, што іхняе ўзяло, весела гергечуць, але таго не ведаюць, што за кулямётам я.

— Тра-та-та-та. А, што? Не падабаецца, гады паўзучыя?

I вось я імчуся на добрым, баявым кані. Адкуль узяўся конь, пакуль што невядома. Ды гэта не так ужо і важна. Гараць хаты паліцэйскіх, а ўсе астатнія полымя не кранае. Людзі радасна сустракаюць вызваліцеляў.

— Глядзі ты? — здзіўляюцца яны.— Ды гэта ж Сырцоў Іван.

— Які?

— Ды Кірылаў большы хлопец!

— Вось і вазьмі яго за руб дваццаць. Яшчэ ўчора карову пасвіў, а сёння на табе, камандзір. Ці не галоўны ён у іх?

— Гэта ён за Саньку так помсціць.

I раптам варожая куля прабівае наскрозь мае мужнае сэрца. Нада мной схіліліся партызаны і аднавяскоўцы. Я нежывы, але добра чую, што яны гавораць:

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code