Якога яшчэ там Сусаніна? Пра такога мне чуць не даводзілася. Пра Гастэлу яшчэ да прыходу немцаў радыё гаварыла, пра кулямётчыка Жукава таксама чулі, нават верш пра яго склалі:
А пра Сусаніна штосьці не чуваць было.
— Эх, ты! — з папрокам паківаў галавой Санька і выцягнуў з-за коміна кніжку, якую прынёс з раскіданай Няўмыкам школьнай бібліятэкі. Гэта быў падручнік гісторыі.
Аказваецца, і сапраўды жыў калісьці такі Сусанін, гадоў, можа, дзвесце, а то і трыста назад. Тады на Маскву ішлі палякі. Яны заблудзіліся і хацелі прымусіць аднаго селяніна, каб той паказаў ім дарогу. Селянін завёў іх у густы лес, у балота. Чужаніцы засеклі яго шаблямі, але і самі не знайшлі дарогі назад. Звалі таго селяніна Іванам Сусаніным.
Сапраўдныя героі — людзі сціплыя. Яны не любяць гучнай славы.
— Дык хіба ж мяне засеклі? — аднекваюся я.— I ў лес я іх не завёў. А што ўцёк, дык першы раз, ці што?
I тут я цыркнуў скрозь зубы. Хацелася, каб выйшла, як у Міцькі-Мангола, але сліна павісла на падбародку.
29. Размясцiўся ў Плёсах атрад
Ура — немцы капаюць акопы! I робіцца гэта, вядома, не так сабе. Ідуць нашы. Першым гэтую навіну прынёс у хату Няўмыка. Неяк раніцой ён прыйшоў у наш двор і забарабаніў сваёй гумавай палкай у шыбу.
— Эй, вы! Адзін чалавек на акопы!
Бабуля бразнула патэльняй і выбегла на ганак.
— Ды які з мяне капач, Аўдзеіч?
— Няхай хлопец ідзе! — буркнуў Няўмыка і падаўся ў другі двор.— Карміць будуць! — паабяцаў ён напаследак.
Я ім таксама не капач: прыкінуўся хворым і не пайшоў.
А ў хуткім часе пасля гэтага дня, як сказала мая бабуля зусім перавярнуўся свет. Немцы — туды, італьянцы — адтуль, аж дрыжыць шаша пад бясконцымі калонамі машын, падвод, гармат. Цяпер у вёсцы ўсе ведаюць, што набліжаецца фронт.
Немцы рыхтуюцца да абароны, рыхтуецца да баёў і мая бабуля. Перш-наперш мы з ёю зрабілі рамонт нашага бліндажа: новым ламаччам умацавалі накат, абставілі сцены снапамі саломы — не так будзе сыра і холадна.
Людзі пачалі капаць ямы і хаваць у іх збожжа. Гэта было зусім не лішнім: пшаніцу дык пшаніцу, ячмень дык ячмень — немцы бяруць, што трапіцца на вочы, і высыпаюць коням. Схавалі і мы з бабуляй свае запасы: два мяшкі закапалі пад падлогай у сенцах, адзін зацягнулі пад печ. Ну, думаем, цяпер іх і сам чорт не знойдзе.
Прыйшлі ўласаўцы. Іх бабуля не любіць больш за немцаў. I хоць я ёй сто разоў тлумачыў, што ўласаўцы — тыя ж белагвардзейцы, яна не можа зразумець, як гэта свае пайшлі на сваіх. У тым, што ўласаўцы «свае»,— галоўная бяда. Немец так добра нашых хованак не ведае, нашых хітрыкаў так не разумее, як свой чалавек, рускі. Яны прайшліся па двары з доўгім вострым шворнем, успаролі зямлю, заглянулі ў сенцы, і вось ужо іх коні мелюць нашу пшаніцу.
Калі ўласаўцы паехалі, бабуля са слязьмі падмяла рэшткі збожжа каля карыта, падабрала збожжа да апошняга зярнятка проста з зямлёй.
— Гэта ж трэба так згнюшчацца з хлеба! — не можа супакоіцца яна.
Праўда, уласаўцы зглумілі не ўсё.
— Што, у мяне рукі адсохлі? — абураецца бабуля.— Гэты ідал вядро — коням, а я вядро — у дзежку, пакуль ён у хляве.
Сапраўды, у дзежцы аказалася з мяшок збожжа. Цяпер мы і яго зацягнулі пад печ.
А вось карову пад печ не схаваеш. Міронаву немцы ўжо зарэзалі, пакінулі дзеду толькі шкуру, капыты і вантробы. Дабяруцца і да нашай. Вось тады мы паскачам. Толькі яна нас усю вайну і карміла.
— А ты ж кажала, што ты наш колміш,— сказаў бабулі Глыжка.
— Мы з ёй разам,— удала выкруцілася старая.
Цэлы вечар мы з бабуляй трымалі нараду і вырашылі, што мне трэба гнаць Рыжую ў Плёсы і пасвіць, пакуль трохі схлыне гэтая саранча.
Плёсы — гэта такое ў нас за вёскай ёсць месца: ні луг, ні лес. У лагчынах летам расце асака і густыя кусты лазы да алешніку, на сухіх грывах — бярэзнік, трапляюцца маладыя кучаравыя дубкі і крывыя, развесістыя сосны. Там можна не адну карову схаваць. Зацішнае месца.
I вось раніцой, яшчэ на досвітку, Рыжая і я выйшлі з двара. За маёй спіной зрэбная торба з харчамі, за поясам сякера, бо трэба ж будзе зрабіць сабе нейкае жыллё.
У Плёсах хлопцаў паўвёскі, усе з каровамі. Яны тут жывуць не першы дзень. Нарабілі буданоў, паляць вогнішча, пякуць бульбу. Тут ужо і Міцька, і Коля Бурэц. Не відаць толькі Санькі, бо ў іх каровы няма, а толькі каза. Але апоўдні з'явіўся і Санька з казой.