MoreKnig.org

Читать книгу «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн.

А потым павярнуў мяне да бабулі спіной і зноў спытаў:

— А гэта што такое?

— А ліха ж яго ведае, Аўдзеіч. Непісьменная. Птушка нейкая быццам намалявана, ці што.

— Я табе дам — птушка! — зноў раз'юшыўся паліцай.— Вось пацягну пару разоў — паразумнееш. Гэта сімвал нямецкай улады!

Бабуля вінавата разводзіць рукамі.

— Глядзі ж, каб не было!

I выйшаў з хаты. Вось тут бабуля і дала сабе волю.

— Каб цябе п'яўкі пілі, ірад. Берагла аратаму, дык вось выжлукціў, руды сабака. Ну і прычапіўся, сатана: імушчаства, імушчаства. У Ярманію збегала і купіла.

Потым пачала мяне зноў разглядаць, як на прымерцы, паціскаць плячыма.

— Хм, і чым яму тут паганае месца, сіньвалу гэтаму самаму?

Але штаны ўсё ж пафарбавала. Фарбу сама прыдумала: намяшала шалупіння з цыбулі, альховай кары, яшчэ чагосьці. Доўга ўсё гэта варыла, пераварвала, моршчылася ад непрыемнага паху. Потым узяла мае штаны, кінула іх у чыгун, сказала:

— Дай бог у добры час...

Штаны зрабіліся рудыя, як наша карова, і нават з такімі ж плямамі. У іх мяне спачатку і наш Жук не пазнаў, разы два гаўкнуў, а потым доўга прынюхваўся: не мог зразумець, я гэта ці не я. Але затое ў іх можна гойсаць цяпер дзе хочаш, пэцкаць у гліну, у попел — нічога не відаць. Хіба што ў дзёгаць залезеш, тады іншая справа.

25. Вечары на Скокавай прызбе

Я ўжо хлопец ладны, і няма чаго мне цэлымі днямі біць лынды. Калі бабуля была такая, яна пасвіла ўжо гусей і свіней у нейкага старога Вугнача. За гэта яе кармілі. Мне таксама нічога не зробіцца, калі ўскапаю якую граду, калі дапамагу выпалаць проса, калі пакапанічу бульбу, калі прывалаку крыху травы, калі прыцягну мяшок торфу з балота. Не Вугначу гэта ўсё, а сабе. Мне чужы дзядзька гэтага не зробіць, і на бацьку спадзявацца не даводзіцца: можа ён ужо там, дзе і матка. А пакуль бабуля жывая, яна не дасць мне вырасці лайдаком і валацугай. Вось калі яна памрэ, тады мне будзе воля, тады я магу і галаву сабе скруціць. Эх, і сумна ж гэта слухаць кожны дзень!

Затое вечарам я вольная птушка. На дварэ цёпла і суха. Можна бегаць і лазіць па раўчаку колькі хочаш. Адно кепска — цыпкі. Асабліва, калі вылезеш з вады і на вецер. Скура трэскаецца, і ногі сухімі кропелькамі крыві абсыпаны, быццам макам. Тады да іх і дакрануцца нельга. А калі бабуля вечардм памажа іх сырадоем, лепшай катаргі і не прыдумаеш. Тут і наскачашся, і наплачашся, прыпомніш і дзядзьку, і татку, і родную матку.

Праўда, ногі табе памажуць, калі ў цябе не хапае глуздоў і ты сам прыцягнешся дахаты ў той час, як дояць карову.

Я ж не такі дурань, каб лезці на ражон. Ды мне і некалі. I Саньку, і Міцьку-Манголу, і Колю Бурцу — Храбраму Зайцу таксама некалі. Усе мы вечарамі круцімся каля Скокавай прызбы.

Тут у гэты час збіраюцца падлеткі, што ўжо танцуюць з дзяўчатамі польку, кракавяк і сербіянку. Буслікаў Косцік, які да вайны быў у сёмым класе, брынкае на балалайцы, а кавалеры з дзяўчатамі таўкуць босымі нагамі пыл на дарозе. Мы ж блытаемся сярод танцораў, кідаемся ў дзяўчат хрушчамі, за што атрымліваем удосталь ад іх кухталёў, а ад кавалераў — выспяткаў.

На адпаліраваным спадніцамі бярвенні, якое ляжыць пад плотам, колькі я памятаю, чынна рассядаюцца цёткі і маладзіцы. Тут усім верхаводзіць сама Скачыха. Яе голас не сціхае ні на мінуту. Тра-та-та, тра-та-та — толькі слухай. Адначасова Скачыха паспявае хутка, як машына, лузгаць чорныя сланечныя семкі. Яна без семак, як і яе муж без тытуню. Гэта ўжо і ў прыказку ўвайшло: «А мае вы таечкі, мне ж у горад трэба пазарэз — семкі выйшлі».

Так усе і гавораць: важная справа, як у Скачыхі ў горадзе.

У жанчын размовы жаласлівыя.

— А мае вы таечкі, ці чулі вы, што Нінка Падроба пісьмо з Германіі прыслала?

Сёлетняй вясной немцы забралі ў Германію каля дваццаці хлапцоў і дзяўчат. Плачу было на ўсё сяло, як па нябожчыку. Хто ўхітрыўся сабе хваробу ці калецтва якое нажыць, той застаўся, а астатніх па Няўмыкаваму спісу пагналі пад канвоем.

— А што яна піша? — цікавяцца маладзіцы. Прыціхлі і мы, хлапчукі. Цікава ўсё ж, як там у Германіі.

— Ды піша яна добра,— уздыхае Скачыха, а прыпісвае так, што матка з бацькам ужо тыдзень роўма равуць. Жыву, маўляў, у ласцы, як у казцы. Мне, маўляў, і не снілася, што так жывуць людзі, а прыпісвае так: хутка сустрэну свайго брата роднага.

Слухаюць маладзіцы, уздыхаюць, а ў якой слёзы блізка — ражком хусткі змахвае. Брат Нінчын апалчэнцам быў, у сіласнай яме ад нямецкай кулі злёг. Значыць, сустрэне яго Нінка на тым свеце. I толькі ж учора мы з хлопцамі разглядалі нямецкія плакаты на сельупразе. На фотаздымку красуецца круглатварая, прыбраная, як на вялікдзень, прыгажуня. Яна на машынцы наразае хлеб і весела ўсміхаецца. А знізу надпісана: «Я працую ў фрау Шварцкопф. У мяне лёгкая праца, добрая ежа і высокія заработкі. Прыязджайце на працу ў Германію».

— А Сцёпка Ладыміраў,— паведамляе Скачыха,— відаць, памрэ, мае таечкі.

— Дык чаго ж гэта ён напіўся?

— Тытуню параілі добрыя людзі настояць. Маўляў, паваляешся, пакуль бяруць у Германію, і ачуняеш.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code