MoreKnig.org

Читать книгу «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн.

— Каб ты ўтапіўся ў гэтым вядры, ідал! — крыкнула бабуля ўслед падводзе і пайшла дамоў. Цяпер сядзіць і журыцца.

— Вось дурная дык дурная! Трэба было хоць той цурык узяць, пакуль даваў. А цяпер ні вядра, ні цурыка.

Я, як умею, тлумачу бабулі, што такое гэты самы цурык. Калі кемец крычыць цурык, тут варон не лаві, а ўцякай, пакуль цэлы. У іх розуму хопіць: бабахне — і ўсё табе. Бабуля крыху збянтэжылася, але ўсё ж знайшла сабе апраўданне.

— Дык чорт іх разбярэ, калі яны гавораць не па-людску, а гергечуць.

— Як гэта гергечуць? — дапытваецца Глыжка, і бабуля з ахвотаю тлумачыць:

— Вядома як, мой унучак. Збяруцца — і гер-гер-гер, што сабакі.

А сама спрытна хапае вілкамі чыгунок з печы і ставіць яго на ўслон. Смачна пахне адцэджаны ў міску бульбяны адвар. Як карова перастала даіцца, бабуля яго не вылівае ў ражку, а накрышыць у яго цыбулі, і мы лыжкамі сярбаем гэтую юшку з бульбай. Ежа не панская, ды ўсё ж лепш, чым есці нішчымную бульбу.

Пакуль мы зверху чыгунка здымалі і елі пахкія, саланаватыя прыгаркі, бабуля схадзіла ў сенцы і прыйшла адтуль з... нямецкай гранатай. Я, як абвараны, выскачыў з-за стала.

— Баб, што гэта? Дзе ты ўзяла?

Яна хітра паглядзела на мяне і, здаволеная сама сабой, пахвалілася:

— Ды прыхавала, пакуль яны курыцу ганялі. Вядро забралі, дык няхай хоць гэта будзе. Добры таўкачык!

Не паспеў я і рота раскрыць, як граната была ўжо абмыта ў вадзе, выцерта ручніком і раз ці два паспела таўкануць гарачую бульбу ў чыгунку.

— Гэта ж граната! — закрычаў я, кідаючыся да стала, каб выхапіць з рук таўкачык.

Бабуля войкнула і адскочыла ў парог. Выгляд у яе разгублены, рукі цярэбяць зашмальцаваны фартух, а вочы з жахам глядзяць на стол. Там дыміць бульба і з чыгунка тырчыць драўляная ручка гранаты. Глыжка залез пад стол і маргае там спалоханымі вачыма.

Я выхапіў гранату з чыгунка і выбег на двор. Да шэрай металічнай бляхі прыліпла камякамі таўчонка. За хлевам я выцер гранату саломай, схаваў яе ў кучу леташняга бульбоўніку, а бабулі сказаў, што выкінуў у раўчак.

— I правільна,— пахваліла яна мяне.— Трэба было, каб ніхто і не знайшоў. Гэта ж дзіва, што робіцца на свеце: гляджу — рэч такая акуратная, ну, думаю, бульбу добра таўчы, аж яно вунь што!..— усё ніяк не можа супакоіцца бабуля.

У той жа дзень граната была перахавана. Яна апынулася на гарышчы Санькавай хаты разам са скрынкай патронаў.

Дзякуючы бабульчынай прамашцы мы з Санькам цяпер узброены значна лепш.

24. Штаны з арлом

Гэта я маю на ўвазе свае новыя штаны. Але і старым штанам будзе крыўдна, калі не ўспомніць іх добрым словам. Таму я раскажу ўсё па парадку.

Мае старыя штаны мне купіў бацька, калі яны былі зусім новыя. Гэта адбылося яшчэ да вайны, перад Першамайскім святам. Вельмі спадабаліся мне ў іх кішэні: шырокія, глыбокія. У гэтыя кішэні можна пакласці паўвоза розных гаек, старых цвікоў, каменьчыкаў для рагаткі і ўсялякага іншага дабра.

Штаны спадабаліся мне яшчэ і сваёй незвычайнай трываласцю. Бацька ўмеў выбіраць матэрыю. Ен не звяртаў асаблівай увагі на колер тканіны, абы не маркія, а спрабаваў на разрыў. Дзябёлыя, не трашчаць — значыць, добрыя. Аднойчы я павіс, зачапіўшыся штанамі, на плоце і правісеў там з паўгадзіны, пакуль не зняў дзед Мірон. I вы думаеце, штаны разадраліся па жывому? Шчога ім не зрабілася, толькі па шву трэснулі.

Праўда, другі раз, калі я напароўся на цвік, яны ўсё ж паддаліся. Але Санька прыладзіў на дзірку добрую латку, і штаны сталі лепш за новыя.

Аднак бабуля лічыць, што калі б у мяне былі і жалезныя штаны, дык, мабыць, і тым бы я даў рады. Я думаю, што ў яе цэлая скрыня адзежы, што яна зараз выцягне мне абнову і скажа:

— На, насі, Іван!

А дзе яе ўзяць, у мяне галава не баліць.

Толькі дарэмна бабуля мяне папракае: баліць галава, яшчэ і як баліць! Ад старых магазінных штаноў засталіся адны добрыя ўспаміны. На іх нават латкі латаныя. Яны ледзь ліпяць і свецяцца, як сіта. Зараз яшчэ нічога сабе, на печы можна коўзацца, а летам і на людзі не выйдзеш. Гэта зараз самая галоўная перашкода на маім шляху ў партызаны. Без штаноў, мабыць, не прымуць. Дык як жа тут не балець галаве?

I вось аднойчы прыносіць бабуля ў хату нямецкі мех, рассцілае яго на стале і кліча мяне з печы, дзе я чытаю кніжку пра дзеда Талаша.

— Паглядзі-тка, мой хлопец! — просіць яна.

Я гляджу. Мяшок новы, шчыльны, трывалы. Крыху дзябелаваты, праўда, але ж немцы не ведалі, што такому пану, як я, будуць з яго шыць адзежыну. Дзе бабуля здабыла гэты мяшок, яна не гаворыць. На ўсе мае пытанні толькі адмахваецца:

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code