— Рускі кнабе11 нікс карош. Рускі кнабе іст партызан. Партызан — пу!
Я іду дамоў і думаю пра тое, што бачыў і што перажыў у Санькавай хаце. Вядома, гэты Пауль крыху ненармальны, як гэта гаворыцца, цопнуты з-за вугла мяшком, а ў мяшку калун быў. Нават есці па-людску не ўмее: па цэламу яйку вылівае ў рот і хлеба забывае ўкусіць.
Ката Санькавага Пауль усё-такі павесіў. На другі дзень ён узяў тоненькі гнуткі дроцік, зрабіў пятлю і задавіў на галіне бэзу перад акном. Усім траім радыстам было вельмі смешна.
Кот, схіліўшы галаву набок і выскаліўшы тонкія вострыя зубы, цэлы дзень матляўся на халодным ветры.
23. «Навошта мне твой цурык? »
Неяк вясной, калі з палёў ужо збегла вада, а на двары раніцой яшчэ хрупалі пад нагамі кволым лядком рэдкія лужыны, у нашай хаце спыніліся два немцы-фурманы. У двор яны заехалі з падводай, распраглі коней і пачалі распараджацца, як гаспадары. Адзін з іх злазіў на гарышча, знайшоў курынае кубло, і ў хаце зашквірчала яечня.
Мы з Глыжкам сядзім на печы, выглядаем з-за коміна і думаем: няўжо яны ўсё падужаюць з'есці? З'елі.
— Каб ім шкулля ў бок,— сказаў на гэта мой брат і, уздыхнуўшы, лёг спаць.
Але Глыжкавы праклёны не дапамаглі. Скулле ў кемцаў не павыскаквала. Раніцой яны адкруцілі яшчэ галаву нашай рабой курыцы, засмажылі яе, з'елі і толькі пасля гэтага сабраліся ехаць. Адзін выносіць з хаты свае манаткі: шынялі, каскі, бляшанкі процівагазаў, а другі запрагае коней.
Калі падвода выехала за вароты, бабуля з палёгкай уздыхнула, паслала ім услед сваё «каб вас пераехала...» і, бразнуўшы вядром, пайшла да калодзежа. Мы з Глыжкам злезлі з печы і давай шныпарыць па хаце: можа, немцы што забылі. Але забылі яны небагата: пусты пачак з-пад цыгарэт ды скамечаную нямецкую газету. У газеце на фотаздымку быў Гітлер. Ён вешаў салдату на грудзі крыж. Пачак я аддаў Глыжку, а сабе ўзяў з яго толькі белую бліскучую паперку. Газету пакруцілі-павярцелі — нічога не разбярэш — кінулі ў парог.
Неўзабаве прыбягае дамоў бабуля, разгубленая, заплаканая і злосная.
— А дзе вядро? — пытаюся я.
— Адчапіся хоць ты! — злуецца яна.— Вядро паехала.
— Куды паехала? — цікавіцца Глыжка.
— Можа, у Ярманію, можа, яшчэ куды,—разводзіць рукамі бабуля і сварыцца сама на сябе.— Гэта ж трэба мне быць такой: старая, а дурная. Мазгі высахлі.
А ля калодзежа адбылося вось што. Толькі бабуля набрала вады, як пад'ехалі нашы начлежнікі. Адзін з іх саскочыў з падводы і да бабулі:
— Гіб!12
Выхапіў вядро з рук і панёс каню. Біцюг выжлукціў поўнае вядро за мінуту. Бабуля зачэрпала новае. А немец зноў:
— Гіб!
Другі біцюг таксама са смакам напіўся, паскрыгатаў зубамі. Пасля гэтага немец шпурнуў вядро на падводу, махнуў лейцамі. Бабуля спачатку разгубілася. Яна была ўражана такім нахабствам і не ведала, што рабіць, а калі схамянулася, пабегла следам:
— Пан, а вядро?
Немец смяецца.
— Вядро, кажу, давай,— не сунімаецца старая і працягвае рукі да падводы. Тут немец раззлаваўся.
— Цурык!
Бабуля не адстае. Яна не можа ўцяміць, што крычыць гэты пан. Ей шкада вядра. Яно амаль новае, ацыккавайае, перад самай вайной купленае ў сельмагу. Зараз такое днём з агнём не знойдзеш, ні за якія грошы не купіш.
— Аддай, нечысць, вядро! — настойліва патрабуе яна, а немец сваё:
— Цурык!
Тут бабуля таксама не на жартачкі раззлавалася.
— Навошта мне твой цурык? Ты мне, нехрысць, вядро вярні!
Немцу надакучыла крычаць, ён зняў з шыі аўтамат.
[11] Хлопчык (ням.)
[12] Дай! (ням.)