19. Як нас падвеў кот
Аднойчы Коля Бурэц пахваліўся, што ў яго ёсць дзве гранаты. Мы з Санькам і прычапіліся да яго, як сляпы да плота: або дай, або прадай.
— А навошта в-в-вам? — хітра жмурыць Коля свае цьіганскія вочы.
— Рыбу глушыць будзем,— выдумляю я.
— І-і-і я буду,— упіраецца Коля.
— Мы табе рагатку дадзім,— абяцае Санька.
Бурэц крыху падумаў, паскроб патыліцу і адрэзаў:
— Н-не. Мне с-с-самому трэба.
Ну і хітры ж гэты Заяц: цягнуў з нас жылы, пакуль увесь процівагаз за адну гранату не выцыганіў. Давялося аддаць, хоць і шкада было. Але без процівагаза можна абысціся: газаў пакуль што не пускаюць. Ды і процівагаз не такі ўжо і ўвесь. Пару лямак на рагаткі мы ад яго адрэзалі.
Дык і граната была не бог ведае якая. Праўда, з рабрыстым кожухам, з ручкай, але без капсуля. Толькі, што ні кажы, граната ёсць граната. Боепрыпас.
Мы занеслі гранату на гарышча Санькавай хаты. Цяпер там захоўваецца ўсё наша снаражэнне. Патроны яшчэ восенню адкапалі і перахавалі ў салому.
Санькава маці, цётка Марфешка, не любіць, каб мы па гарышчы хадзілі, бо тады ў хаце рыпіць старая столь і ў шчыліны паміж дошак сыплецца кастрыца.
— Ціха! — шэпча Санька, прыкладаючы палец да губ, і першы бярэцца за лесвіцу. Ен лезе па ёй асцярожна, каб не стукнула, не грукнула. Вось зніклі за апошнім бервяном яго буркі, і тады пачынаю я: стану на адну перакладзіну, паслухаю і зноў.
На гарышчы цемнавата, салома прыцярушана дробным сняжком, а пад стрэхі дык цэлыя гурбы намяло. Ды ўсё ж тут не так, як на вуліцы,— больш зацішна. А ля коміна і зусім добра — можна пагрэць рукі, крыху пасядзець і пашаптацца без лішніх сведак.
Санька прывалок сюды скрынку з патронамі, і мы ў дзесяты, можа, раз любуемся імі і пералічваем, ці не ўбавілася. У партызаны мы пойдзем ужо хутка. Знойдзегя толькі вінтоўкі. Спачатку заглянем у Стараселле да майго дзеда Цімоха, пераначуем, адпачнём, разведаем сёе-тое і далей. Калі дзед спытае, чаго мы прыйшлі, мы адкажам, што хацелі ведаць, як ён тут жыве.
Свішча пад стрэхамі вецер, шуршыць аб сцены сухім, калючым снегам. Грукае ў сенцах цётка Марфешка, валачэ ў хату ступу. Вось ляпнулі дзверы, і неўзабаве ў хаце пачалося:
— Гук-гук, гук-гук...
Аж вядро, што вісіць на сцяне ў сенцах, бразджыць. Значыць, узялася за проса. Цяпер і нам можна смялей.
— Давай праверым мяшкі з сухарамі,— кажа Санька. Ён доўга корпаецца ў саломе, чхае ад пылу і ніяк не можа іх знайсці.
— Можа, не тут паклаў? — стаю я над душой.
— Ды тут! — злуецца Санька.
Раптам ён заверашчаў не сваім голасам і з круглымі ад перапалоху вачыма адскочыў убок. Я і сам ад нечаканасці ледзь не зляцеў у сенцы на падлогу.
— Што там?
А Санька аж калоціцца:
— Штосьці жы-жыв-жывое... Мяне ахапіла злосць.
— Ну і партызан! — I па прыкладу Міцькі Малаха цыркнуў слінай скрозь зубы. Праўда, атрымалася не вельмі ўдала, сліна павісла на падбародку, але я выцер непрыкметна яе рукавом і сам рашуча палез у хованку.
Санька стаіць убаку, а я асцярожна мацаю ў саломе. Вось пад руку трапілася супонька, пацягнуў за яе, і з саломы выскачыла шэрая тлустая мыш. Яна глянула на мяне чорнымі бліскучымі пацеркамі, спалохана піснула і хуценька шмыгнула зноў у салому.
На нашы торбы было горка глядзець. Дзірка на дзірцы. Ад сухароў засталася адна толькі пацяруха, перамешаная з мышыным памётам. Папера, у якую былі запакаваны бінты, таксама прыйшлася мышам да смаку. А ў Санькавым мяшку яны ўхітрыліся нават звіць сабе кубло. Толькі бутэлечкі з ёдам і засталіся цэлыя.
I тут нам на вочы трапіўся кот. Ен сядзеў за комінам, натапырыўшы ад холаду густую шэрую поўсць, і салодка драмаў. Кот быў стары, лянівы і глухі як пень.
План помсты ўзнік сам сабой. Мы толькі паглядзелі адзін на аднаго і ўсё зразумелі без слоў. Вось мы зараз пакажам мышам. Яны будуць доўга памятаць нашы партызанскія сухары.