Але ходзяць па сялу і іншыя чуткі: немцы Маскву забралі. Пра гэта Няўмыка на кожным рагу менціць:
— Усё цяпер. Амба. Масква цяпер наша.
Толькі людзі гавораць рознае. Адны вераць, другія не вераць. Дзед Мірон, калі мы з Санькам яму паведамілі пра Няўмыкавы прамовы, чамусьці на нас раззлаваўся. Глянуў з-пад броваў, як з-пад стрэх, усадзіў сякеру ў калодку, выцер спацелы лоб і спытаў:
— Вы што, хлопцы? У Няўмыкі памочнікамі? Сабака брэша, а вы па сялу разносіце. Не можа таго быць!
Дзядзька Захар ходзіць хмара хмарай. Паткнуліся мы да яго са сваімі роспытамі, а ён як гыркне:
— Адкуль я ведаю? Адчапіцеся, смаркачы!
I паскакаў з вядром да калодзежа.
На шашы мы сустрэлі трох немцаў. Ідуць яны, цокаюць каванымі абцасамі па каменні і весела гергечуць. Тут Санька асмеліўся і здалёк крыкнуў:
— Пан, Масква капут?
Немцы спыніліся, змералі нас вачыма з ног да галавы і заржалі:
— Я-я! Москаў капут!
На другі дзень з самай раніцы ўвальваецца да нас ў хату яшчэ адзін фашыст.
— Матка, яйкі. Москаў капут!
— Якія табе яйкі-хварабайкі зімой? — адказала яму бабуля.
Калі ён выйшаў з хаты, буркнула:
— Бач, чэрці, раскапуткаліся...
Мінуў тыдзень ці два. I вось аднойчы прыбягае да нас Санька, радасны, усхваляваны. Не паспеў дзверы зачыніць, як адразу пахваліўся:
— Мне немец выспятка даў!
Бабуля засмяялася.
— Во, шчасце табе, мой хлопец, падваліла. I як гэта табе толькі ўдалося?
Санька абмятае ад снегу ногі і расказвае з пятага на дзесятае:
— Яны ў нас жывуць пяты дзень. Кожны дзень я ў іх пытаў: пан, Масква капут? Капут, кажуць, капут... А сёння раніцой я зноў: пан, Масква... А ён мне выспятка як дасць! Аж я аб ступу лбом! Во! — I Санька, сцягнуўшы шапку з галавы, паказаў гуз.— Памацай! — сказаў ён.
Я памацаў, гуз быў вялікі і цвёрды.
— Дык чаму ж гэта ён, ірад? — здзівілася бабуля.
— Таму,— шматзначна адказаў Санька.
Цэлы тыдзень усім хваліўся мой сябар нямецкім выспяткам. А тым, хто не верыў, дазваляў памацаць гуз. Дарослыя смяяліся. Скок цяпер не гыркаў на нас, а доўга распытваў, як яно было, і потым пляснуў у далоні:
— А мой жа ты татка, во і пачалося... А яны думалі...
Пахваліўся Санька сваім гузам і дзеду Мірону. Дзед таксама смяяўся, аж слёзы на вачах з'явіліся.
— Мабыць, ім пад Масквой далі выспятка,— сказаў ён, уволю нарагатаўшыся.
— Немец, напэўна, падумаў, што я дражнюся,— радаваўся Санька сваёй удачы.