— Ком гэр!3
Гэта з двара выйшаў салдат. У адной руцэ ён трымае вядро, а другой за повад вядзе каня.
Мы стаім і прыкідваем: уцякаць ці ісці? Бачыў ён, што мы рабілі, ці не?
Біцюг загрукаў капытамі аб парог варотцаў і высунуўся на вуліцу. Гатовыя ў любы момант кінуцца наўцёкі, мы ўсё ж падышлі.
— Васэр, васэр4,— паказаў фашыст на калодзеж і сунуў мне ў рукі вядро, а Саньку повад.
Да чаго мы дажыліся! Замест таго каб змагацца супраць фашыстаў, вымушаны паіць іхніх коней. Рыпіць журавель, звонка падаюць у калодзеж кроплі сцюдзёнай вады, а мяне разбірае на Саньку злосць.
— Вось дык герой. Не паспеў яго гэты бугай паклікаць, як ён рад старацца.
— А ты чаго не ўцякаў? — агрызаецца Санька.— Ты смелы, ну і ўцёк бы.
— А можа, я цябе выручыць хацеў?..
Фашыст знік за варотамі. Біцюг фыркае, аж пырскі ляцяць ва ўсе бакі, і так матае галавой, што повада не ўтрымаць. Тут Санька паглядзеў навокал ды як дасць біцюгу кулаком па храпе:
— Стой, Гітлер няшчасны!
Біцюг задраў галаву, падаўся назад, ледзь з рук не вырваўся і, толькі ўбачыўшы ваду, супакоіўся і пацягнуўся да вядра. Санькаў прыклад натхніў і мяне.
— Пі, фашысцкая морда!
I вядром біцюгу ў зубы.
Конь зноў задраў галаву, а потым пастаяў, паклацаў зубамі, быццам набраў у рот камення, і другі раз пацягнуўся да вядра. А я яму яшчэ раз:
— Пі, фашысцкая морда!
Праўда, цяпер атрымалася не вельмі ўдала — паў-вядра вады плюхнулася Саньку на галаву. Цяпер фыркаюць двое — фашысцкі конь і мой таварыш. Санька да ўсяго яшчэ і лаецца:
— Ты ж глядзі, куды льеш, чорт сухарукі.
Затое, калі немец прывёў другога біцюга, першы ўжо і глядзець не хацеў на ваду. Ён пужліва адварочваўся ад вядра і, ідучы задам, цягнуў за повад Саньку.
Другога мы напаілі такім жа чынам і далажылі фурманшчыку:
— Гатова, пан! Не хоча болей.
— Гут, гут5,— пахваліў нас немец, і мы пабеглі ад калодзежа здаволеныя. Будзем мы іх коней паіць. Знайшлі дурняў.
17. Кулямет пад крыжам
Я з Глыжкам яшчэ ляжу на печы, чакаю снедання, а бабуля падаіла ўжо карову, бразгае даёнкай па ўслоне, цэдзіць у гладышы малако. У печы дрэнна разгараюцца дровы. Яны шыпяць на розныя лады і гучна страляюць. Бабуля праклінае іх страшнымі праклёнамі і ўсё здзіўляецца, чаму гэта ў багатага поўная печ дроў і ўсе гараць, а ў беднага адна палка і тая толькі куродыміць. У гэты момант рыпнулі дзверы, загрукалі ў парозе боты. Я выглянуў з-за коміна — Ахонька, а з ім мардады немец у касцы. На касцы дзве літары «SS».
— Збірайся,— прагугнявіў бабулі Ахокька.
Бабуля ў плач, у слёзы:
— А куды ж гэта, мой ты галубок? А я ж старая, і ў мяне вунь у печы гарыць, кінуць нельга...
— Не скуголь, ведзьма! — рыкнуў Ахонька і да мяне: — А ты чаго сядзіш, шчанюк!
Я злез з печы і стаў апранацца, думаючы, што б гэта магло азначаць.
— А ты чаго разляглася? — гыркае ўжо Ахонька на маці.
[3] Ідзіце сюды! (ням.)
[4] Вада (ням.)
[5] Добра (ням.)