Вось і поплаў. Тут мне знаёма кожная купіна, кожны куст дзядоўніку, кожная калдобіна. Рэдкімі кудзелькамі пачаў клубіцца туман.
Мінуўшы поплаў, нячутнымі крокамі прайшлі цёмны, засаджаны вербамі правулак, а потым агародамі зрабілі вялікі круг, каб абысці Ахонькаву хату. Далей нізам, уздоўж канавы па тарфяному балоту, можна ісці спакойна.
За гарадзішчам на сцежцы, якая вядзе лугам аж да самай рэчкі, мы развіталіся. Аляксандр Карпавіч падняў мяне пад пахі і моцна прыціснуў да грудзей. Яго калючая барада апякла крапівой мой лоб і шчокі.
— Ну, Іван, геройскі ты хлопец,— сказаў ён.— Будзь такі заўсёды і цвёрда вер — наша возьме. I Санька твой малайчына. Да пабачэння, таварышы камандзіры. Мы яшчэ сустрэнемся.
Я доўга стаяў і глядзеў яму ўслед, пакуль яго высокая постаць не знікла ў начной цемры. Шчаслівай дарогі, таварыш камісар!
16. Пi, фашысцкая морда!
Санька вельмі шкадаваў, што ён не праводзіў камісара.
— Не мог паклікаць,— злаваўся ён на мяне. Адно толькі суцешыла хлопца — камісаравы словы, што Санька — малайчына.
Скачыха таксама была мной нездаволена. Неяк прыйшла да нас на бульбянішча, дзе мы капаліся з бабуляй, пагаманіла пра нейкіх курэй ды пра тое, што яе кабанчык, каб ён апух,— смактун нялюдны, а потым да мяне прычапілася:
— А ты, хлопец, брахлівы. Дзядзька з ног збіўся... Навошта збрахаў? Не сорамна?
Я моўчкі ўскінуў мяшок на плечы і панёс у хату. Зараз жа прызнаюся. А як жа!
Пакапалі людзі бульбу на агародах, пазграбалі бульбоўнік, пазацягвалі ў сухое мееца. Зіма ўсё падбярэ. Мы з бабуляй таксама ўправіліся. Цяпер стала вальней, і я часта бегаю да Санькі. Зашыўшыся ў дрывотнік, мы што-небудзь майструем. Сёння раніцой, напрыклад, пачалі рабіць жалезныя швайкі. Знайшлі кавалак тоўстага дроту, усадзілі сякеру ў калодку і куём ды плешчам. Гэта будзе грозная зброя, Швайкамі можна непрыкметна праколваць шыны фашысцкіх аўтамашын.
Мы не пападзёмся. Мы хітрыя. Санька будзе назіраць, ці не ідзе хто, а я падкрадуся і — раз! Паглядзім, ці далёка яны тады заедуць на сваіх тупарылых грузавіках. Для гэтага трэба толькі добра навастрыць швайкі. Таму мы старанна куём ды плешчам, шорхаем па цагліне дротам.
К абеду зброя была гатова, але ў вёсцы, як на тое ліха, не аказалася машын, а калі яны і праходзілі па шашы, то не спыняліся, быццам фашысты здагадваліся, чаго стаяць каля дарогі гэтыя два хлапчукі: адзін бялявы, з аблупленым носам, а другі чарнявы, з доўгай шыяй.
Пад вечар супраць старой школы адзін грузавік усё ж спыніўся. 3-пад брызенту выскачыла некалькі салдат, яны пачалі пахаджваць, размінаць ногі. А потым разбрыліся хто куды. Шафёр таксама пайшоў да калодзежа па ваду. Вось ён, самы зручны момант!
— Назірай! — загадаў я Саньку, а сам падаўся да машыны. Спачатку іду з такім выглядам, быццам машына мяне і не цікавіць. Проста чалавеку трэба прайсці міма — і ўсё. А сэрца, як злоўлены верабей. Рукі ў кішэнях, а ў спацелай далоні — швайка.
Калі засталося некалькі крокаў, з-пад брызенту высунулася нямецкая каска.
— Цурык! — гаўкнула яна.
А калі немец крычыць цурык — гэта ён не ў госці кліча. Тут варон не лаві, а ўцякай, пакуль цэлы. Ад нечаканасці я аж прысеў, а потым ірвануў з месца і пабег даганяць Саньку.
Адным словам, наша першая дыверсія не ўдалася.
— Каб не гэты пад брызентам,— уздыхнуў я.
— Нічога. Другім разам,— суцешыў мяне Санька, і мы пацягнуліся да Міцькі Малаха. Справы ў нас асаблівай да яго не было. Проста даўно бачыліся.
Аднак да Малаха не дайшлі. У правулку пад вербамі стаялі дзве вайсковыя пафарбаваныя ў зялёны колер фурманкі. Міма іх не пройдзеш — трэба паглядзець, чым нагружаны, тым болыл, што і салдат не відаць, і коні выпражаны.
Падышлі. Паглядзелі. На фурманках нейкія доўгія жалезныя скрынкі. На скрынках незразумелыя надпісы.
— Снарады,— сказаў Санька.
Немцы былі ў двары, і нам ніхто не перашкодзіў гэтыя скрынкі памацаць і нават панюхаць. Пахла не то фарбай, не то нейкім мазутам — не разбярэш. I тут Санька прыдумаў добры план.
— Давай мы загваздкі павыцягваем. Дарогай колы пазвальваюцца — во немцы пакрэкчуць!
Аднак з нямецкай фурманкі не выцягнеш загваздкі. Іх там і няма зусім, а ёсць гайкі. Голымі рукамі не адкруціш.
Мы поўзаем пад фурманкамі, абмацваем гайкі, можа, якая не вельмі туга закручана. Але нічога не выйшла, толькі ў каламазь запэцкаліся па самыя вушы.
Мы вылезлі з-пад фурманак, сталі воддаль і абмяркоўваем правал чарговай дыверсіі, праклінаем каламазь, як раптам: