MoreKnig.org

Читать книгу «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн.

Мы працавалі да вечара. Пачало ўжо змяркацца. Доўгі цень ад плота лёг на ўвесь агарод, на вербах загаманілі вераб'і. Пацягнула сырасцю.

У гэты час на нашай вуліцы і паказаліся паліцэйскія. Наперадзе важна крочыць Няўмыка. На ім ужо не цывільнае адзенне, а нямецкі мундзір, у руках тая ж гумавая палка. Вінтоўку павесіў на плячо ўгару прыкладам, быццам паляўнічы. За Няўмыкам валакуцца крывароты Ахонька і яшчэ адзін незнаёмы, чужасельскі. Чаго яны тут сноўдаюць? Раўчака нашага з жабамі не бачылі, ці што? А можа, самагонкі шукаюць?

Калі Няўмыка стаў пераходзіць вуліцу, а Ахонька паказаў свайму прыяцелю рукой на Міронаву хату, страшкая здагадка апякла мяне. Вынюхалі, сабакі. Па камісара ідуць.

Я кінуў мяшок на зямлю і, ледзь не збіўшы з ног ашаломленую бабулю, кінуўся па бульбянішчы ў Міронаў сад. Хутчэй! Хутчэй! Галоўнае — паспець раней, чым яны, галоўнае — папярэдзіць дзеда Мірона.

На маё шчасце, паліцэйскія затрымаліся каля раўчака. Няўмыка перамахнуў яго лёгка, а Ахонька скочыў у гразь. Цяпер ён абмывае запэцканыя боты, а яго спадарожнікі стаяць і рагочуць.

Рагачыце сабе, а я ўжо на плоце. Трохі разадраў кашулю, трохі насадзіў у жывот скабак, ды пакуль жаніцца — загаіцца.

У двары разляцеліся з-пад ног ашалелыя ад страху куры, шмыгнуў пад ганак кот, і вось я ўжо ў хаце лаўлю ротам паветра:

— Па-па-па-ліцэйскія...

А выскачыць не паспеў. Загрукалі на ганку боты, бразнула клямка, і парог пераступіў Няўмыка. За ім праціснуўся чужасельскі. Ахонька застаўся на двары.

— Добры дзень, Мірон,— прывітаўся Няўмыка і хуткім, зладзейскім позіркам агледзеў хату. Чужасельскі нічога не сказаў. Прымёрз у парозе і паглядае спадылба. Мяне вельмі здзівіў яго твар, быццам на ім чэрці гарох малацілі: яміна на яміне.

— Што, не чакалі гасцей? — здаволена хмыліцца Няўмыка, ляпаючы гумавай палкай па халяве.

«Во,— думаю,— руды сабака. Яшчэ ў госці набіваецца».

Дзед Мірон, які пры маім з'яўленні жвава злез з печы, цяпер хворы-хворы. За паясніцу трымаецца абедзвюма рукамі, дыбае да стала і стогне:

— А якія цяпер госці? Во скруціла ў барановы рог, хоць гвалт крычы. Ды вы сядайце, сядайце...

Няўмыка крыва ўсміхнуўся.

— А мы чулі, што вы прымаеце тут, корміце, поіце, на дарогу даяце... Дзе ваш пастаялец?

У гэты час у хату забегла баба Гапа, трымаючы ў руках бутэльку самагонкі. Паліцаі правялі пачастунак вачыма, а дзед мне ў гэты момант непрыкметна вокам — плюсь, а сам выдумляе:

— Ды які там пастаялец? Ішоў салдат з палону, ну пераначаваць пусціў. Дык ці мала што? Чалавек жа.

— А мы паглядзім.— У голасе Няўмыкі пачулася пагроза. Ен кінуў рабому: — Заглянь пад падлогу.

Сам Няўмыка адчыніў скрыню і пачаў ператрасаць ручнікі, абрусы, дзедавы споднікі.

У гэты момант я цішком, цішком і — за дзверы. Памкнуўся быў з сенцаў на двор, а на прыгрэбніку поркаецца Ахонька. Ну куды мне! Заўважыць — верне назад. Тады ўсё загіне. У хаце нічога не знойдуць, дык могуць і на агарод пайсці. А Аляксандр Карпавіч там сядзіць і нічога не ведае.

Я хуценька ўскарабкаўся па лесвіцы на гарышча, там у франтоне былі дзверцы ў сад.

Мяккія прыцемкі ахуталі вёску. На чыстым, халодным небе заблішчаў шчарбаты маладзік. Мы выпаўзлі з бліндажа і прыслухаліся: дзесьці на краю вёскі брэшуць, заліваюцца сабакі ды шуміць вецер у пажоўклым ужо лісці яблынь.

Камісар надзеў на гімнасцёрку старую ватоўку, нацягнуў на бінты шапку і стаў падобны на звычайнага вясковага дзядзьку. 3 кішэні штаноў ён выцягнуў наган, паклаў за пазуху і сказаў:

— Пайшлі.

Стараючыся не шамацець, па густым бульбоўніку выпаўзлі на ржышча, там па-за копамі саломы прашмыгнулі да плота і заляглі ў малінніку на мяжы. Зноў прыслухаліся. Адсюль было чуваць, як ляпаюць у Мірона дзверы, гудуць мужчынскія галасы.

Я пераскочыў цераз плот хутка і бясшумна: не першы раз. А камісар не змог. Ен узяўся быў за жардзіну, паспрабаваў і, скрыгануўшы зубамі, асеў. Не зажылі яшчэ раны. Давялося адкручваць дрот, якім была прымацавана дошка.

Калі камісар схаваўся ў нас пад павеццю ў саломе, я пайшоў у хату разведаць, што там чуваць.

Такая перасцярога аказалася зусім не лішняя. У хаце была госця. Цётка Скачыха. У апошні час яна нярэдка прыходзіць вечарамі. Прыйдзе, сядзе на ўслоне, возьме на прыпол свайго самага меншага Скачка Юрку і бясконца балбоча. Ляжыш на печы, а яны з бабуляй:

— Ла-ла-ла-ла... Кажуць, Міхей прыйшоў дамоў... Бу-бу-бу-бу... Гэта ж трэба, гэта ж трэба — немцы за дзесяць рублёў адну марку даюць, а я, дурная, аблігацыі выкінула, можа,і за іх што даваць будуць.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code