MoreKnig.org

Читать книгу «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн.

— А вы ўсё ж паспытайце. Можа, і спадабаецца.

Паспыталі. Нішто сабе. Есці можна. I пачалі паціху налягаць. Але не так ужо, каб дзед падумаў, што мы век мёду не бачылі. А потым так захапіліся гэтым заняткам, што забыліся пра ўсё на евеце. Санька нават нос вымазаў. Але як ні стараліся, увесь мёд з'есці не змаглі, адваліліся ад стала. I тут дзед пачаў размову:

— Вось што, хлопцы, вы ўжо немалыя, і я прашу вас мне дапамагчы...

Мы сядзім, натапырыўшы вушы: чаго гэта ён ад нас хоча?

— А што зрабіць? — пытае Санька.

— Па-першае,— сказаў дзед, паскробшы ў барадзе,— было б вельмі добра, каб у вас былі кароткія языкі. Пра тое, што вы бачылі сёння ў бліндажы, каб ні адна жывая душа не ведала. I дома не гаварыце.

Нам нават крыўдна стала: за каго дзед нас лічыць? Нам што ні скажаш — магіла. Пра чартакож і зараз ніхто нічога не ведае.

— А па-другое,— працягваў дзед,— вы ўсюды бегаеце, усё бачыце. Калі заўважыце што-небудзь падазронае, мне скажыце... Ну, куды паліцаі ходзяць, што робяць...

— Учора Ахоньку чэрці насілі па агародах,— тут жа паведаміў я,— толькі не на нашай вуліцы.

— Вось бачыце, нам з вамі трэба трымаць вуха востра... Яны жартаваць не будуць. Загад іхні чыталі?

— Пра камісараў? Чыталі,— кіўнуў Санька галавой.

За варотамі дзед Мірон яшчэ раз строга нас папярэдзіў:

— Дык глядзіце ж, хлопцы, ані-ні...

I пайшоў. Дзед нам спадабаўся. Аказваецца, ён не такі ўжо і нелюдзімы, і не такі ўжо і скнарлівы. Вунь колькі мёду наваліў, еш толькі. I нам з Санькам паверыў. Дапамажыце, кажа, хлопцы. Як з дарослымі размаўляў. Цяпер мы не будзем спускаць вачэй ні з Ахонькі, ні з Няўмыкі і асабліва з Рудзькі — той хутчэй за ўсё можа пранюхаць што-небудзь. Заўжды па садах лазіць.

На абед я спазніўся. Бабуля, прыбіраючы пасуду са стала, сустрэла мяне са здзеклівай ветлівасцю.

— У вас папелі, а ў нас паелі,— сказала яна, а потым і зусім раззлавалася: — Дзе гэта ты швэндаешся цэлымі днямі?

Так я і скажу, што быў у Мірона, што бачыў там камісара. А як жа!

14. Камiсар i камандзiры

Дзед Мірон цяпер усім суседзям скардзіцца, што на яго напала нейкая хворасць: спіну разагнуць не можа. Чаго ўжо ён ні рабіў: і на чарэні грэўся, і ў печ на ноч лазіў, і шкіпінарам мазаўся — усё дарэмна. Вось цяпер фельчар ходзіць, банкі ставіць.

— I банкі-хварабанкі не дапамагаюць,— уздыхае дзед.

Толькі мы з Санькам ведаем, чаго Цімафей Іванавіч зачасціў да Мірона. Ведаем і маўчым, таму што скажы аднаму ды другому, дык і да Няўмыкі дойдзе.

Цяпер мы ў дзеда Мірона частыя госці. Прыйдзем, раскажам, што чулі, што бачылі, пачастуемся яблыкамі, заглянем у бліндаж. I тут таксама расказваем, што робіцца на свеце. Ранены ўжо крыху акрыяў і рад нас бачыць. За час, што ён ляжыць тут у дзеда, у яго адраслі густая барада і вусы. Толькі востры нос тырчыць ды запалыя вочы блішчаць.

Завуць яго Аляксандрам Карпавічам, і Санька вельмі задаецца, што камісар яго іншы раз называе цёзкам. Кожны раз ён сустракае нас адным і тым жа:

— А-а, гэта вы, таварышы камандзіры! Як справы, таварышы камандзіры?

Якія там справы? Справы не вельмі вясёлыя. Немцы зноў прыязджалі ў вёску, забралі ў Малахаў кабана, а Няўмыка з Ахонькам завіталі да майго дзеда Мікалая і папрасілі салёных агуркоў на закуску, затым выйшлі на двор, завязалі вяроўкай дзверы, каб дзед не выскачыў, і забралі гусей. Пакуль дзед вылез праз акно, дык іх і след прастыў.

— Яны заплоцяць,— крывячыся ад болю, супакойвае нас Аляксандр Карпавіч,— за ўсё заплоцяць...

— Ага ж, заплоцяць, калі рак свісне,— сумняваемся мы, а камісар на сваім стаіць:

— Чырвоная Армія прыйдзе — і заплоцяць...

— А калі яна прыйдзе?

Камісар доўга не адказвае. Ен заплюшчыў вочы ад знямогі і часта, няроўна дыхае. На зжаўцелай скроні б'ецца сіняя жылка. Мы думаем, што ён ужо заснуў, але раптам, не расплюшчваючы вачэй, камісар загаварыў:

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code