MoreKnig.org

Читать книгу «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн.

— А навошта нам трэсці? — разважае ён.— Назбіраем на зямлі ападкаў. Усё адно гніюць.

Падумалі і вырашылі, што так будзе сумленна і дзед Мірон не будзе злавацца.

Ёсць у Міронавым плоце адна наша запаветная дошка. Цвік, якім яна прыбіта да ніжняй жэрдкі, амаль зусім пераела ржа, а што яна не даела, мы абцугамі перакусілі яшчэ вясной. Цяпер гэтая дошка лёгка адыходзіць убок. Пацягнеш яе рукой і лезь, калі ласка.

I вось Санька і я пад антонаўкай, поўзаем па бульбянішчы, шукаем яблыкаў. Санька ўжо схаваў за пазуху штук пяць, а я толькі два. Мне крыўдна і не хочацца адставаць ад яго.

I раптам Санька шэпча:

— Мірон.

I сапраўды, я ўбачыў Мірона, які ішоў у наш бок. У руках ён трымаў гладыш і яшчэ штосьці абматанае чыстай анучкай. Уцякаць праз свой ход позна. Калі дзед заўважыць, сораму не абярэшся.

— Давай сюды! — сказаў Санька і шмыгануў у Міронаў бліндаж. 3 перапуду ён ляпнуўся лбом аб бервяно, якое падтрымлівала накат, аднак нават не войкнуў. За Санькам скаціўся ў бліндаж і я. Разлік у нас просты: дзед паходзіць па садзе і паверне назад, а мы спакойна адсядзімся тут і потым уцячом.

Пасля яркага сонечнага святла ў бліндажы цёмна хоць вока выкалі. Чамусьці моцна пахне лякарствам. А чаму — разбірацца няма калі. Мы жвава рынуліся ў самы цёмны куток. У гэты момант пачуўся чыйсьці хрыплы голас:

— Вады-ы...

Мы з Санькам абамлелі — хто тут яшчэ апрача нас? Памкнуліся былі да выхада, і зноў позна. У бліндажы стала зусім цёмна — святло засціў дзед Мірон. Сагнуўшыся ў дугу, каб не ўдарыцца галавой аб бярвенні, ён прайшоў міма нас і схіліўся ў цемры над чалавекам.

— Стой! Стой! — раптам закрычаў незнаёмы.— Арлоў, глядзі справа! Справа глядзі! Бліжэй падпускай... Агонь!

Я і дыхаць перастаў, прыліп да сырой глінянай сцяны. Але праз хвіліну незнаёмы сціх. Чуваць, як стукае карэц аб зубы, цурчыць на салому вада ды дзед сам сабе мармыча пад нос:

— Госпадзі, божа мой, твая воля...

Паступова вочы прывыклі да цемры. Цяпер я добра бачу дзеда. Ен стаіць на каленях каля раненага, папраўляе пад галавой падушку, падбівае салому пад посцілку. Ранены ў гімнасцёрцы, з зоркай на рукаве, галава абкручана белымі анучкамі, пад расхрыстаным каўняром таксама бінты з чорнымі плямамі. Кроў.

Я ківаю галавой Саньку:

— Пакуль дзед нас не бачыць, давай ціхенька выйдзем.

Санька прыклаў палец да губ:

— Маўчы! Не заўважыць.

Але Мірон нас заўважыў. Спачатку разгубіўся, уздрыгнуў і ледзь не выпусціў гладыш, а потым, разгледзеўшы, што за госці, сярдзіта нахмурыў бровы і сурова буркнуў:

— Ану выходзьце!

Дзед дыбае наперадзе і не азіраецца. Нам можна тысячу разоў уцячы. Аднак мы чамусьці гэтага не робім, а пляцёмся следам паслухмянымі авечкамі. Толькі перад тым як зайсці ў двор, Санька быў прыпыніўся ў нерашучасці. Тут стары расчыніў варотцы і прапусціў нас у двор.

У Міронавых сенцах прыемны хададок. Смачна пахне спелымі яблыкамі і мёдам. Толькі нам не да гэтага. А што, калі дзед здыме з крука вунь тыя лейцы ды дасць добранька? Будзем тады ведаць.

3 хаты выйшла Міроніха, баба Гапа, ветлівая і гаваркая жанчына.

— А-а, хлопцы,— сказала яна, быццам даўно чакала такіх гасцей.— Вы чаго-небудзь прыйшлі?

3 клеці адгукнуўся Мірон:

— Гэта я іх прывёў. Справа ў нас важная.

Ён прынёс некалькі вялікіх чырвоных яблыкаў, паклаў іх на стол, паставіў талерку мёду.

— Частуйцеся... Ды вы не саромейцеся, сядайце.

Для прыліку мы крыху панекалі, маўляў, не хочам,так сказаць, толькі што ад стала, ды і мёд мы не вельмі любім.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code