MoreKnig.org

Читать книгу «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн.

— Не будзем больш трэсці дзедаву грушу...

— I Рудзьку надаём, калі палезе,— дадаў я.

— Надаём! — падтрымаў мяне Санька.

Гэта прагучала як клятва.

Цэлы дзень мы поўзалі па акопах, па канавах уздоўж дарог, па жыце, але наганаў не знайшлі. Не трапіліся гранаты і кулямёты. Мабыць, позна хапіліся, і ўсё гэта пабралі ўжо іншыя.

— Нам трэба было яшчэ болей дома сядзець,— бурчыць увесь час Санька. Быццам я ў гэтым адзін вінаваты, быццам не сам ён прыдумаў перанесці дамоў школьныя кніжкі. Цяпер вось і будзем сядзець без наганаў.

I раптам нас напаткала ўдача. Ля самага калгаснага двара, калі мы ішлі, апусціўшы галовы, дахаты, у прыдарожным дзядоўніку Санька заўважыў зялёную жалезную скрынку. Адчынілі, а там патроны! Запраўленыя ў кулямётную стужку, яны пабліскваюць на сонцы! Дзюбачкі куль пафарбаваны ў розны колер. Цэленькія, некранутыя капсулі.

На душы ў нас стала весялей. Цяпер можна жыць. Няхай сабе пакуль што ў нас няма ні наганаў, ні вінтовак, затое на першы выпадак ёсць боепрыпасы. Нам застаецца занесці іх дахаты і схаваць у саломе або закалаць на агародзе. Праўда, зрабіць гэта не так проста — па вуліцах ходзяць немцы. Не станем жа мы ўзбройвацца ў іх на вачах.

I тут у мяне ўзнікла добрая думка. Я сцягнуў з сябе кашулю, зашпіліў гузікі і завязаў рукавы. Атрымалася нядрэнная торба. Мы напхалі туды крыху травы, потым паклалі скрынку з патронамі, а зверху зноў прыкрылі травой. Няхай цяпер здагадаюцца фашысты, што мы нясём. Яны падумаюць, што гэта корм для Санькавай казы.

Ношка аказалася не такая і лёгкая. Для мяне яшчэ дык нічога, а Санька, калі падыходзіць яго чарга несці, гнецца ў тры пагібелі. Трава, якой абкладзена скрынка, растрэслася, і з кашулі выпірае востры рог. Тым не менш, мы спакойна прайшлі міма сельмага, дзе сноўдаліся два немцы. Падумалі яны пра Санькаву казу ці не, але нас не кранулі.

Праз двор нам таксама ўдалося праскочыць непрыкметна. Цётка Марфешка штосьці шыла і на нас нават не зірнула.

На агародзе мы зноў адчынілі скрынку і доўга любаваліся патронамі, пералічвалі іх, мацалі рукамі, а потым закапалі на бульбянішчы і накідалі зверху сухога бульбоўніку. Дамовіўшыся потым патроны падзяліць, мы разышліся па хатах.

Сонца садзіцца за калгасным полем. На школьных таполях, уладкоўваючыся на начлег, бесклапотна гамоняць вераб'і. А за сялом на гары стаіць чалавек, стомлена абапёршыся на рыдлёўку, стаіць як акамянелы. Гэта дзед Мірой. Ён хавае нашых байцоў. Мы ніколі не будзем трэсці яго грушу.

13. Дзед Мiрон на нас спадзяецца

Наш агарод з аднаго боку Міронавага саду, а Санькаў — з другога. На Санькавым агародзе непралазны гушчар маку-самасею. Цётка Марфешка, полючы грады, заўсёды шкадуе яго рваць. Вясной маку не відаць, але потым, набраўшыся сілы, ён глушыць агуркі, памідоры, бульбу і капусту. У час цвіцення на нашай вуліцы няма прыгажэйшага агарода, чым Санькаў. Ен гарыць чырвоным полымем.

Калі мак паспявае, яго галоўкі шамацяць на ветры, і з акенцаў, што ўтвараюцца пад шапачкамі макавак, рассяваюцца па зямлі дробныя чорныя зярняткі. Мабыць, з-за гэтага маку ў Санькі і прозвішча такое — Макавей.

Іншы год цётка Марфешка збірае маку амаль цэлы пуд. Але заўсёды мы выходзім на збор ураджаю раней за яе. Мы з Санькам не чакаем, пакуль макаўкі высахнуць і пачнуць шамацець, а рвём, калі яны крыху пажаўцеюць. Адкруціш адну галоўку, абкалупаеш зверху брыжкі, і церушы сабе чырванаватыя зярняты на далонь.

Калі хапае цярпення, іх можна назбіраць цэлую жменю. А тады ўжо ўсе адразу ў рот. Лепшага смаку і не знойдзеш!

Санькавай маці нашы вылазкі ў агарод не вельмі падабаюцца. Звычайна, прагнаўшы нас старым дзеркачом, яна доўга крычыць услед, што мы — саранча, што ад нас махалам не адмахаешся, што Санька дулю цяпер з'есць, а не корж з макам.

Праз некаторы час, калі мы вяртаемся ў двор, яна пачынае нам расказваць розныя жахі. 3 яе слоў выходзіць, што мак — самая небяспечная рэч на свеце. Калі яго наесціся багата, можна заснуць і не прачнуцца. Як Санька быў малы, дык крычаў дзень і ноч. Думалі, надарвецца, давалі макавы адвар, каб заснуў. Але колькі давалі? Адну кропельку. Мы з Санькам слухаем ды хмыкаем самі сабе. Дай нам зараз маку па цэламу рэшату, дык мы не то што не заснём, а нават не задрэмлем.

На другі дзень пасля паходу ў поле мы вырашылі паглядзець, ці не ўкраў хто нашы боепрыпасы. Ішлі агародам і непрыкметна для саміх сябе пачалі есці мак. Спачатку Санька сарваў адну макаўку, а потым і я. Аднак вельмі параскашавацца нам не ўдалося. Рыпнулі варотцы, і на агарод выйшла цётка Марфешка. Пачуць нас яна пачула, а вось убачыць не ўдалося: мы шмыганулі ў бульбу, а там паўзком дабраліся да Міронавага плота і прыселі ў бур'яне. Цётка доўга падазрона аглядала агарод, бурчала нешта сабе пад нос, потым падвязала фартух і пачала збіраць агуркі-насеннікі. А гэта значыць — надоўга.

Мы ляжым у траве і ціха перашэптваемся. Калі б прыйшлі партызаны, мы першыя паказалі б ім, дзе жыве Няўмыка. Ен цяпер стаў важнай птушкай, начапіў на рукаў павязку і ходзіць па вёсцы з нямецкай вінтоўкай. На ім новы, з іголачкі касцюм, хромавыя боты, у руцэ гумавая палка. Ляпае ён той палкай па халяве і смяецца з людзей:

— Хопіць з вас, нажыліся пры бальшавіках. Дайце цяпер і мне пажыць.

Сустракаючы старых мужчын, Няўмыка крычыць на іх, каб здымалі шапкі, а на жанчын, каб нізка кланяліся.

— Што, забыліся пры бальшавіках, як гэта робіцца? Не пазнаць цяпер і рудога Няўмыканёнка: у новых крамных штанах, у шаўковай кашулі. На дварэ лета, а Рудзька ў чаравіках ходзіць — так распанеў. Праўда, адзін раз, калі ён паткнуўся да нашага раўчака, мы яго абляпілі гразёй, але, відаць, дарма зачапіліся. Пагражаў бацьку сказаць пра савецкія кніжкі.

Паліцэйскіх у нас зараз пяць. Трое нашых, а два нейкія чужасельскія прыблуды. Бліжэйшы памочнік у Няўмыкі — крывароты Ахонька. Мая бабуля гаворыць, што ён усё жыццё нягеглым быў, а тут, бачыш, у людзі выбіўся.

У мяне да крываротага Ахонькі асаблівы рахунак. Ен пабіў маю бабулю, патрабуючы самагонкі. Самагонкі ў нас не было, а каб і была, дык не для гэтага крывароцькі. Бабуля яму так і сказала:

— Ідзі ты адсюль, гіцаль.

А ён размахнуўся ды кулаком ёй у грудзі. Бабуля і сёння яшчэ стогне.

— Эх, хутчэй бы партызаны,— уздыхаем мы з Санькам, а па той бок плота пабліскваюць на сонцы сакавітыя хрусткія антонаўкі. Калі глядзіш на іх, аж слінкі цякуць. Адна бяда — нельга нам трэсці і Міронавы антонаўкі, бо таксама абяцалі. Але Санька знаходзіць выйсце.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code