Рушылі да Масквы. У першай слабадзе з прыдарожным шынком спыніліся спатоліць смагу.
— Нібыта, нарэшце, хмара… — Мацей выцягнуў нізкалобую галаву і глядзеў наперад. — Можа, і дождж будзе?
Шэра-попельнае воблака расцякалася па небакраі, варушылася, гусцела, і нехта з лоўчых, хто яшчэ не паспеў злезці з каня, сполашна прашаптаў:
— Божухна, гэта ж пажар…
Масква згарэла.
Згарэлі царскія і баярскія палаты Крамля, Успенскі сабор, казна, арсенал, два манастыры з цэрквамі, дзевяць бліжэйшых слабодаў.
Згарэлі амаль дзве тысячы гараджанаў. Мёртвы попел пакрыў дарогі і смярдзеў паленай чалавечынай.
Цар схаваўся ў паляўнічым дамку на Вараб’ёвых гарах і нікога да сябе не пускаў. Ні еў, ні піў. Праз драўляную сценку быў чуцён ягоны няспынны шэпт: малітвы, трызненні. А потым загадаў паклікаць да сябе мітрапаліта Макарыя.
— Гасудар, ён увесь нямоглы, — баючыся патрапіць пад гнеў, мякка мовіў Мацей. — Ледзь не згарэў у саборы. Цяпер яго ў Дольнім манастыры выходжваюць.
— Едзем туды!
Мітрапаліт яшчэ не хадзіў. Убачыўшы цара, прыўзняўся на лежаку і прыхінуўся да сценкі. У вачах — спакой і дабрыня.
— Прабач, што не магу стоячы вітаць — ногі пабітыя…
Але цар нібыта і не чуў і не заўважаў анічога наўкол.
— Уладыка! За што пекла такое?! Што мне, акаяннаму, рабіць? — і ён асунуўся на падлогу каля мітрапалітавага лежака. У келлі больш нікога не было.
— Ад нараджэння жыццё чалавечае — пекла, калі Богам не мацуецца. За грахі, за страсці нашыя пакаранне…
— Тысячы жывымі згарэлі — усе грэшнікі?!
— Аб тым толькі Бог ведае.
— А ты… Ты, хто надзеў на мяне цярновы вянок царавання, што-небудзь ведаеш?! — у голасе цара абудзілася злосць.
— На царства вянчаў я цябе ў Божым доме з Божымі запаведзямі. Толькі яны ўратуюць і цябе, і царства тваё… — голас мітрапаліта асіп, з грудзей вырваўся кашаль. Убачыўшы, што госць прыўзняўся і наструніўся, супакоіў: — Нічога, гэта ад агня… Пройдзе.
Але цар, думаючы пра сваё, як не пачуў:
— Дык што ж рабіць мне?
— Не прынось на алтар улады сваёй смерці бязвінныя! — словы мітрапаліта прагучалі ўпэўнена і выразна. — Выпусці з цямніцаў бязвінна асуджаных. За што зланцужаны старац Максім Грэк? А дзед твой Міхайла Глінскі? А сотні іншых?!
Цар нібыта сам хапануў полымя. Глядзеў на Макарыя, на яго густыя абпаленыя бровы, што зрасталіся-сыходзіліся над пераноссем, і ўтрапёна міргаў. А затым быццам абудзіўся і кінуўся да дзвярэй:
— Маліся за мяне, уладыка!
— Пастой… Пастой хвіліну. — Макарый паклікаў паслушніка і папрасіў прынесці цару кнігу. Іван прысеў на лаву і правёў даланёй па драўлянай шкатуле, раскрыў. У скураной вокладцы з трыма зіхоткімі спражкамі быў візантыйскі рукапіс Святога Евангелля ад Яна. — Гэта табе падарунак. Яшчэ Максім Грэк мне пра яго цудадзейнасць казаў. А надоечы сам у тым спадобіўся пераканацца: калі сабор гарэў, яно на аналоі стаяла, разгорнутае… Аналой у агні, абваліўся — а на ім ні знаку. Дык хай мацуе дух і справы твае…
Яшчэ там, у Макарыя, у цёмнай келлі Іван прачытаў першыя радкі Евангелля: На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам… Так, прачытаў! Сам!!! Чорныя літары рукапіснага «паўустава» з павеўным нахілам нарэшце склаліся ў ягоных вачах у словы… Словы — у сказ! На цэлы радок!!! Наколькі хапіла руху вачэй і дыхання прашаптаць прачытанае…
Ён з малалецтва баяўся напісанага, кніжнага. Не мог чытаць. За яго тое рабілі нянька, пасцельнік, затым — пісар, дзяк, духаўнік. Яму чыталі ўслых — Біблію, Пчалу, Ступенную кнігу. І ён, сціскаючы вусны ды мружачы павекі, злёту вымагаўся запамінаць пачутае. Сам жа… Сам жа не мог скласці-злучыць літары ў слова. Ведаў іх, мог пісаць і перапісваць. А чытаць, знітаваць — не!
Ён баяўся аб тым прызнацца, саромеўся аб тым гаварыць. І страшэнна пакутаваў. Як нешта адрэзана было ў вачах і галаве. Як перагарэла. Тыкаў пальцам на слова — і запінаўся. Спрабаваў па літарах. Агучваў першую, а як даходзіў да другой — некуды сплывала з вачэй і памяці першая. На іх, блытаючыся, наступала трэцяя, наплывалі, узбіваючы паніку і ўнутраную дрыготку, астатнія… Ён нерваваўся. Калацілася галава. Рукамі сціскаў яе — і тэкст, нават самы невялікі, расплываўся перад ім. Кніга, а таксама стол і табурэт пачыналі хістацца. Станавілася блага, і ён закрываў вочы ды крычаў…
Думалі, у княжыча аслабнуў зрок. Клікалі лекараў, правяралі — усё добра. Пісалі на паперы тыя ж самыя літары — называў-пазнаваў. Пісалі слова — і анічога! Падносілі кнігу — ліхаманкава дрыжэў і ці хаваўся, ці ўцякаў1.
А тут — як вочы ў ім наноў выраслі. І ў вечаровым прыцемку, і ў сполыхах свечак ён чытаў і не мог спатоліцца: І святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго. Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яму Ян; Ён прыйшоў дзеля сведчання. Каб сведчыць пра Святло, каб усе ўверавалі праз яго… — перагарнуў некалькі старонак і працягнуў: Пілат сказаў Яму: значыцца, Ты Цар? Ісус адказаў: ты кажаш, што Я Цар; я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб засведчыць ісціну; кожны, хто ад ісціны, слухае голасу Майго…