Каханая выявіла патэнцыю хлопца. Кранутая яго слабасцю, захацела ім апекавацца — абдарыла незямнымі шчадротамі. Наступіла збліжэнне.
Толькі ж рана хлопец узрадаваўся. Не скончыліся, далёка не скончыліся яго пакуты. Яму патрэбен стымул, калі мужчына змірыцца з усім, то табе ляжа і памрэ або сап'ецца. І жонка потым ўсё жыццё яшчэ пілуе, зліць мужа — будзіць у яго энергію да дзеяння: у інтарэсах сям'і, для барацьбы за праўду, на змаганне з ворагамі Радзімы. Няма дзяўчыны, у якую не закахаўся б хлопец. Бывае — ва ўсім свеце адно ён убачыць яе прывабнасць. Бо кожная Жанчына становіцца прыгажуняй у перыяд здольнасці да мацярынства. Мой гімн прыгажуні — гімн Маці. Няважна, што які-небудзь пустальга свой каштоўны дар выкарыстоўвае для іншай мэты; такія падобны на атлёта, што сілу траціць на ламанне саломінак.
То няхай у нас менш будзе векавухаў, якія точаць зубы на дзяўчыну, калі тая падкароціць спаднічку, лішні раз паглядзіцца ў люстэрка або сэканоміць на хлебе ды купіць модную кофтачку: гэта птушкам прырода раз і назаўсёды дала прывабныя пёркі, а прывабнасць кабеты залежыць і ад яе самой! З-за чароўнай Алены загінула Троя, з-за Евы праперлі Адама з раю, з-за прыгажунь былі братазабойчыя войны, але ж прыгажуні далі і пачатак шэдэўрам.
О сімпатычныя, усёмагутныя Яраслаўны! Покуль існуюць на Зямлі людзі, смялей давайце волю святому інстынкту прадаўжэння роду і — скарайце, на ратныя подзвігі натхняйце гэтых грубых, непаваротлівых, таўстаскурых і цельпукаватых мужчын, каб яны ўволю паспыталі: пакутаў сумнення, барацьбы, пошукаў!
Няхай у Вас ніколі не пакрыюцца пылам усе семдзесят тры шчадроты мудрых брамінаў — насіце «міні», апранайце «максі», выдумляйце прычоскі, так і гэтак чапляйце свае банты, мяняйце ўзоры на панчохах, а вашыя хітраватыя вочы няхай то падманваюць позіркам лані, то абдаюць холадам ільду, то прамянеюць сонцам рафаэлеўскай мадонны, то скоўваюць прыцягальнай сілай магніта — нават каханне без узаемнасці вельмі карысна нашаму брату!
Мамы, не бойцеся за сыноў! Няхай яны па вушы ўлюбляюцца ў прыгажунь! Няхай тыя цягнуць з іх залатыя ніткі, і тады болей стане Ньютанаў, Рэпіных, Курчатавых і Шолахавых!
Няхай не будзе скульптараў, якія страцілі пачуццё прыгажосці і запрудзілі, унь, нашы паркі спартсменкамі-сланіхамі!
Дырэктары тэатраў, артысты, стаўце п'есы пра сапраўдных Жанчын, і ў вас будуць перапоўненыя тэатры!
Пісьменнікі і паэты, пішыце творы з Наташамі Растовымі ды Аксіннямі Астахавымі — і вашы кніжкі не залежацца!
Мастакі, хочаце славы? Малюйце прыгожых жанчын!
Зняць усім шапкі перад Жанчынай! Яна на свет пусціла, выкарміла ды на залатых руках вынасіла сакратара абкома і настаўніка, інжынера і будаўніка, касманаўта і ўвесь свет — хвала ёй і павага мужчын цэлай планеты!
СОН
Апошні час я зусім нічога не рабіў. І было пра што пісаць. Мне ўдалося знайсці багаты матэрыял пра віцебскіх партызан і нямецкага штурмана. Матэрыял быў з вострым сюжэтам, нікім не крануты, але ж было вышэй маіх сіл пераадолець якісьці бар'ер ды ўзяцца за пяро. Я знаходзіў сабе прычыну — то непрачытаную кніжку, то прагледжаны часопіс, то чакаў пошту, спадзеючыся атрымаць які-небудзь выклік ды паехаць у камандзіроўку, каб адно не брацца за работу, то ўкрадкам ад сваіх хадзіў у кіно...
Я не знаходзіў сабе месца. Зрабіўся няўпэўнены, раздражнёны, сам сабе абрыд, а пры гэтым ведаў дакладна, што варта адно пераскочыць нябачны рубеж, акунуцца ў работу — і адразу апынуся ў атмасферы цудоўнага творчага ўздыму ды буду зноў насіцца па горадзе, бы закаханы, а знаёмыя, як заўсёды, будуць пытацца, куды так спяшаюся.
Мінуў цэлы месяц, а я ўсё не знаходзіў сабе месца.
І вось па тым, мабыць, прынцыпе, па якім галоднаму сніцца хлеб, у юнака бываюць палюцыі, а здароваму чалавеку, што жыве аднастайна, прысніцца, бытта ён ляціць з гары ці трапіў пад машыну,— і ў маім, гадамі прызвычаеным да творчасці арганізме спрацаваў засцерагальны механізм і ўскалыхнуў ссумаваную па рабоце душу: ноччу падкінуў незвычайны сон. Раніцой я прачнуўся шчаслівы і ўражаны — бачыў сваю першую настаўніцу, пані Стражынскую з мястэчка Гарадок!
Я і не падазраваў, што мая душа гэтак адданая гэтай польцы — бы роднай маці!
Дакладна так, як перад мамай, калі б яна раптам аджыла, я захацеў пахваліцца пані Стражынскай сваімі справамі, дзецьмі, сябрамі, поспехамі, кватэрай; захацеў расказаць ёй перажытае ды паскардзіцца на кепскіх людзей.
Прачнуўшыся, я пачаў успамінаць Стражынскую ды з жахам спахапіўся, што не магу сабе ўявіць яе твару. Кінуўся я да шафы, разгарнуў альбом з фатаграфіямі ды прыгледзеўся да настаўніцы праз лупу. Няўжо мой любімы чалавек меў такі вялікі рот, доўгі нос і няўжо была яна аж такая худая?!
Што ж, у тым узросце людзей запамінаюць па паху цукеркі, якую ён табе даў, па шаўковай кофце, бліскучай брошцы, пярсцёнку; мяне пані Стражынская падкупіла душой. Усе гады вучобы ў сямігодцы яна перажывала маё няўменне, радавалася поспехам, падбадзёрвала, нечага ад мяне ўсё чакала, бараніла і ратавала, і ні разу не абразіла.
Бараніць нас было перад кім; разам вучыліся дзеці багацеяў і чыноўнікаў, але пані Стражынская якраз была на баку пакрыўджаных і абяздоленых, слабых і знямоглых.
А вось пад лупай і я. Падстрыжаная галава з кірпатым носам ледзь выстае з-над плячэй школьніц. У класе я быў, бадай, самым малым, да таго ўсе астатнія вучні былі абутыя. Каб не відаць было босых ног і я не сапсаваў здымка, фатограф уціснуў мяне паміж Валяй Савіцкай і Соняй Цукерман.
Валін брат, Шурка, стаіць у другім радзе. Праз восем гадоў гэты самы Шурка з Цыклопам канваіраваў Соню Цукерман ды пані Стражынскую на конскія могілкі. Цыклоп для фашыстаў быў знаходкай, ад яго можна было спадзявацца ўсяго, але ж я не магу і да сённяшняга дня зразумець, як на ганебную службу да немцаў трапіў Шурка. Нармальны, здаецца, хлопец, сын прафсаюзнага дзеяча і «грамадоўца», паважанага ў Гарадку чалавека. Шурку не падвядзеш ні пад якія шаблоны.
Сонін бацька быў хірургам. Калі ў маёй вёсцы захварэў на заварот кішок Дзямідка і страшаўца без грошай не прынялі ў бальніцу, Цукерман зрабіў яму аперацыю бясплатна...
На фатаграфіі нас трыццаць двое — дваіх не захацелі. Сашку К. бацька забараніў фатаграфавацца, каб не плаціць за здымак трыццаць грошай.
У Гарадоцкай сямігодцы заіклівы Сашка быў для мяне апорай. Сашкаў брат удзельнічаў у забастоўках, паходах на штрэйкбрэхераў, і ўсе гэтыя падзеі мы перажывалі разам. Потым Сашку ўзялі ў Чырвоную Армію. У першы дзень вайны на граніцы немцы яго злавілі і да дня Перамогі пратрымалі ў палоне. Вярнуўшыся дамоў, Сашка ажаніўся, пусціў на свет гурбу мурзатых дзяцей ды гэтаксама, як яго бацька перад вайной, ходзіць няголены, а падворак яго зарастае травой. Праўда, Сашка ўжо тым-сім розніцца. У яго велькай хаце вісіць заседжаная мухамі электрычная лямпачка. Сашкава поўная кабета карыстаецца пральнай машынай...
Бываючы ў ПНР, кожны раз я імкнуся ўбачыць сябра, але Сашка заўсёды ўхітраецца ўцячы ды схавацца. Я на сябра не крыўдую. У Сашкі не столькі зямлі, каб развярнуць гаспадарку на сорак кароў, купіць трактар, наняць работніка, што ў ПНР дазваляецца, але ж у яго няма і характару, каб кінуць бацькаў надзел ды куды-небудзь падацца. Зрэшты, з сямігадовай адукацыяй куды Сашка пайшоў бы?! І ён, бедны, цягне паныла лямку, зняверыўшыся ў сабе, як цягнулі яго продкі.
Стражынскую ў сне спаткалі мы разам. І вось мы водзім настаўніцу па Гарадку — адбудаваным, з новым гмахам Дома культуры імя Кастуся Каліноўскага, з фабрыкай трыкатажу... Водзім, шчаслівыя, бы імяніннікі, сябар перастаў нават заікацца і ўвесь час гаворыць. На гэты раз па-польску гаворыць чыста, мовай інтэлігента. Мы абодва ведаем, што ніколі не перайшлі б з класа ў клас, каб не Стражынская. Колькі ёй даводзілася змагацца за двух беларусаў на педсаветах, даводзіць, прасіць і ўгаворваць настаўнікаў!.. І малады, прыгожы Сашка ўзахлёб здае цяпер ёй справаздачу за гады выпрабаванняў. А чаму і не пахваліцца яму? Чыноў ён, праўда, не нажыў, ордэнаў не мае таксама, але, дзе б ні знаходзіўся, я ведаю пэўна, Сашка быў чалавекам і Стражынскую не падвёў. Мне вядома, што ў Стражынскай засталася сіратой дачка, трэба было б спытацца ў маці пра лёс малой, але мяне аж падмывае гаварыць пра сваё.
Мы абодва ведаем, што Стражынская расстраляна, ведае і яна сама, але пра гэта ніхто з нас не гаворыць. Пані Стражынская мамінай посцілкай прыкрыла на грудзях свежыя раны ад куль Цыклопа ды слухала Сашку так, як гэта ўмела рабіць толькі яна: з жывой, непадробнай і сардэчнай зацікаўленасцю, спагадліва і цярпліва. Бо яна, як маці, любіла ў нас свой боль, свой страх, начное ўставанне для нас. Яна любіла нас так, як скупы любіць сваю скарбонку. Любіла нас у сабе, сябе ў нас — мы мелі шмат супольнага, што нас яднала, а яе скарбонка дала потым плёны, і яна цяпер хацела ведаць якія.
...Я ўсё разглядаю здымак. Для цяперашніх дзяцей фота гэтае ўжо такой даўнасці, бытта для нас былі малюнкі з часоў Напалеона. Трыццаць два чатырнаццацігадовых хлапчукоў і дзяўчынак — палякаў, яўрэяў, немцаў, беларусаў, рускіх і татар — пазіраюць са здымка ў аб'ектыў зусім не так, як глядзелі б цяперашнія дзеці. Вочы і твары ў маіх аднакласнікаў не па ўзросту сур'ёзныя, у іх няма бяздумнасці і тупога самаздавальнення. Усе яны бытта ведаюць, што для пераважнай большасці з іх гэты пажоўклы здымак — адзіная магчымасць пакінуць па сабе след. Сямёра загінула ў гета. Пяцёра склалі свае галовы на фронце (двое ў нямецкай арміі, адзін у польскай, двое ў савецкай). Двое выпадкова трапілі пад бомбы. Чацвёра памерлі ад звычайных хвароб, Шурка Савіцкі ўцёк у Швецыю, яго праклялі свае людзі...