— Гм... Гэта — граф? — перабіваю я перакладчыка ды паказваю на высокага і статнага малайца, які расхаджвае па пероне, нібы ў сябе на двары, бестурботна пазіраючы на свет карымі вачыма.
— Што-о вы, гэта — шафёр з Мілана, камуніст!.. Ідзём, пакажу графаў!
Узбіраемся ў вагон. З аднаго купэ на ўзроўні ніжняй паліцы высунулася маленькая галоўка са зморшчаным і абязвечаным старым шрамам тварам, з паўідыятычнымі вочкамі.
— Гэты! — шэпча перакладчык.— А там далей — графіня. Пойдзем, пазнаёмлю, ёй надта падабаецца, калі звяртаюць на яе ўвагу!
— Не-е, хопіць гэтага! — адхацелася мне ўжо ісці далей.
Вырадзіліся графы, ці што?
Начальнік поезда адзывае мяне:
Калі ласка, у мяккім вагоне амерыканка штось лапоча і лапоча, а мы аніяк не зразумеем, што ёй трэба...
Ужо ў гадах, але яшчэ бадзёрая і вельмі рухавая жанчына з тых, якія ніяк не могуць развітацца з думкай, што хм даўно не дваццаць, сустракае мяне весела:
— Гэлло, містэр, вы з «Інтурыста»? Вельмі добра, вельмі добра! — па-панібрацку ляпае мяне па плячы і задаволена рагоча на ўвесь ярка нафарбаваны рот.— Хачу абмяняць грошы. Дзе гэта ў вас робіцца?
Прычоска, сукенка, туфлі — апошняй моды, сама яна ўсыпана бліскучымі брошкамі, калье, як скіфская княгіня, аж рэжа ў вачах. Гляджу яе праязныя дакументы. Багатая міс едзе па класу люкс у падарожжа па СССР.
Ідзём да Быхада. Убачыўшы правадніцу, амерыканка мяне спыняе і трашчыць:
— Скажыце ёй, хай пачысціць мне манто, покуль буду мяняць грошы. Учора ў Парыжы ліў неміласэрны дождж, заляпала цалкам па лужах ля Сены!..
Ад такой нахабнасці я сумеўся. Можа, я няправільна зразумеў? Гаворыць бесталкова, хутка, дзе трэба слова, сыпле дваццаць, і вымаўленне ў яе невыразнае — відаць адзін з амерыканскіх дыялектаў. На ўсялякі выпадак маўчу.
У банку дама прыліпае да акенца. Да мяне падлятае перакладчык італьянцаў:
— Таварыш загадчык агенцтва, у нас адзін стары сур'ёзна хворы! Змералі цяпер тэмпературу, а ў яго — 39! Што будзем з ім рабіць?
Выклікаем «хуткую дапамогу». Урач вырашае: у хворага іншаземнага пасажыра крытычны стан, яго трэба неадкладна высадзіць з поезда і здаць у бальніцу на лячэнне! Санітары вядуць пад рукі бездапаможнага, як дзіця, і слабога старога, твар яго гарыць — нібы ён толькі што з лазні. Раней ён ведаў крыху па-французску, а наша касірка Вера Аркадзеўна жыла гадоў дваццаць у Францыі, гэтай мовай валодае выдатна, і цяпер яна спрабуе выпытаць у сеньёра, чым ён хварэў раней, якія прымаў прывіўкі. Ад гарачкі ён забыў усе замежныя словы і мармыча штосьці незразумелае ды час ад часу паўтарае: — Мама міа, мама міа!..
Вера Аркадзеўна разводзіць рукамі. Перакладчыка з групы не можам знайсці. «Хуткая» вязе старога ў гарадскую бальніцу, і я думаю, як цяжка будзе нашым урачам дагаварыцца з капрызным іншаземцам. І тут спахопліваюся: Васіль Быкаў піша новую аповесць «Альпійская балада», у ёй галоўная гераіня — італьянка, і таму аўтар прасіў яму пазваніць, калі будуць турысты з Італіі. Як жа я забыў?! Шкада, дня не вернеш!.. Ладна, мо заўтра?..
Вяртаюся да амерыканкі, ідзём з ёй у поезд. Яна пытае:
— Ці пачысціла правадніца мне манто?
Зноў тое самае!
Па катэгорыі люкс ездзяць да нас багацеі. Яны плацяць толькі за гасцініцу па 6 рублёў ды за харчаванне па 7.20 у суткі! Плацяць, вядома, замежнай валютай, і гэта нам вельмі выгадна. Па-першае, яны пераконваюцца, што на Ахотным радзе не бродзяць белыя мядзведзі, у магазінах поўна хлеба і ў СССР няма агульных жонак. Па-другое, яны прывозяць нашаму Дзяржбанку долары, фунты, ліры, франкі... Гэта зразумелі і нашы фінорганы, таму колькасць турыстаў па люксу ў савецкіх паяздах рэзка ўзрасла.
Палітыка палітыкай, фінансы фінансамі, але дзівацтва багатай гультайкі мяне ўзарвала. З абурэннем заяўляю, што патрабаваць ад паязднога персаналу пачысціць манто — нахабнасць, у праграму абслугоўвання «Інтурыстам» такія рэчы не ўваходзяць, слуг у СССР ёй не знайсці! Растлумачваю нашы звычаі: у нас гэта лічыцца знявагай! І дзіва! Жанчына спачатку слухае мяне збянтэжана, а потым — з захапленнем. Нарэшце просіць прабачэння ды апраўдваецца:
— У нас так прынята!..
Развітваемся мірна. Правадніцы цікавяцца, з-за чаго мы спрачаліся. Расказваю. Дзяўчаты смяюцца і абяцаюць у дарозе яе правучыць. Яны гэта могуць зрабіць так, што не падкапаешся! Уяўляю сабе такі малюнак, і мяне разбірае смех.
7 жніўня
Прывозяць з бальніцы старога. Гэта — камерсант з Венецыі, ён жа і камуніст аж з 1922 года. Тэмпература ў яго спала, аднак італьянец яшчэ слабы. Ён упёрся ехаць дамоў — што б ні стала,— і давялося нашым медыкам яго выпісаць. Развітваецца з урачамі, плача і не знаходзіць слоў удзячнасці. Перакладчыкам са здзіўленнем бачу свайго суседа, доктара Кахоўскага. Мы з ім жывём у адным доме і ў адным пад'ездзе ўжо восем гадоў, пяць разоў у дзень спатыкаемся, і толькі цяпер даведваюся, што ён валодае італьянскай мовай так, як я сваёй роднай!..
Італьянца вядуць у купэ, чула з ім развітваюцца.
— Арэвідэрчы, компаньё! — крычаць ды сунуць яму сетку з апельсінамі: — На дарогу!
9 жніўня