— Не скажу,— праспяваў і ён, а затым абняў яе і пачаў цалаваць, і яна таксама абвіла яго рукамі і падалася да яго.
Юлька, лежачы, глядзела на іх, не краталася, а пасля голасна, з той чыстасардэчнай зацікаўленасцю, якая можа быць толькі ў дзяцей, запытала:
— А чаго вы так буськаецеся? У вас таксама салодкія буські?
Яны імгненна ацверазелі, адхіснуліся адно ад аднаго, пачырванелі, як падлеткі, а пасля засмяяліся нястрымна, весела і шчасліва.
ЛІСТАПАД 1965 ГОДА
Тым годам ён скончыў інстытут...
І тым годам у яго памерла маці...
Тады, калі паступаў, думалася, што дзень атрымання дыплома будзе для яго самым шчаслівым днём. Хлопчыкі вунь становяцца студэнтамі зусім юнымі. А ён трапіў у студэнцкую аўдыторыю ў дваццаць шэсць. Што ж, тым больш ён ганарыцца гэтым. Ён усё ж дамогся свайго, споўніў абяцанне, дадзенае калісьці маці. І дамогся сам. Без чыёй-небудзь дапамогі. Лера толькі памагла яму напісаць некалькі сачыненняў. Сяргей Ягоравіч, старшыня калгаса, пачуўшы, што ён будзе паступаць у інстытут, прапанаваў паслаць калгасным стыпендыятам. Але ён адмовіўся. Куды яму на стацыянар, калі займеў жонку! А яшчэ — хацеў паступіць без аніякіх накіраванняў і льгот. І паступіў. І вучыўся не горш, а лепш за многіх сваіх аднакурснікаў. Як ні цяжка было, а ні разу не спазніўся з кантрольнымі і ні разу не прапусціў ніводнага дня ў час сесій. Нават той, першай, калі ў яго нарадзілася Юлька.
І вось атрымаў дыплом. Стаў дыпламаваным інжынерам. Бо інжынерам без дыплома, па пасадзе, ён ужо быў. Увечары яны ўсім курсам схадзілі ў рэстаран, запрасіўшы і сяго-таго з выкладчыкаў — каго ўдалося адшукаць у інстытуцкіх сценах у той дзень і хто згадзіўся пайсці з імі, потым апошні раз пераначавалі ў інстытуцкім інтэрнаце, а назаўтра раз'ехаліся па хатах. Паехаў дахаты і ён. Дыплом ляжаў у кішэні, але асаблівай радасці ён не адчуваў. Як не адчуваў яе і ўчора, калі яму ўручалі гэтыя велікаватыя — на ўсю кішэню — цвёрдыя вокладкі.
Чаму? З якой прычыны? Было ў душы адчуванне споўненага абавязку, нават нейкай быццам павагі да сябе — адолеў, дайшоў да фінішу. А той радасці, якая мроілася, калі даведаўся, што залічаны студэнтам, не было. Доўга шукаў адказу на пытанне, чаму ж так, ажно пакуль у аўтобусе, па дарозе дахаты, не звярнуў увагі на вясёлую, бесклапотную, мо занадта шумлівую купку маладых хлопцаў і дзяўчат з рукзакамі, з гітарамі. Па ўсіх адзнаках яны былі студэнтамі. І вось тады нечакана падумаў пра тое, што ён усё ж сапраўдным студэнтам не быў. Быў завочнікам, а — не студэнтам. Завочнік — гэта чалавек, які завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю, а не студэнт. Студэнт — гэта маладосць, бесклапотнасць, гэта інтэрнат, танцы, тэатры, кіно. Гэта, у дадатак, і светлая галава, учэпістыя і задзірыстыя мазгі. А яны ўсе былі заклапочаныя, стомленыя, тугаватыя на слова і на думку, іх не хапала і не магло хапаць на тыя ж тэатры, музеі і кіно, на доўгія гадзіны ў бібліятэках, на ўсяночныя бязладныя гамонкі і жарты, якія таксама прыносяць сваю карысць — пераконваўся ў тым неаднойчы, сутыкаючыся ў інтэрнатах са стацыянарнікамі.
Дома, аднак, ён не падаў выгляду, што радасць ягоная чымсьці азмрочана. Наадварот. І сам радаваўся, і падтрымліваў радасць дамашніх, найперш матчыну радасць. Ён нават горача пагадзіўся з тым, што з такой нагоды варта і трэба клікнуць гасцей, і госці — ад старшыні калгаса да суседзяў — да позняй начы весяліліся ў іхняй старой цеснаватай хаце: амаль гэтак жа, як і падчас іхняга, яго з Валерыяй, вяселля.
І Валерыя была рада. Але не так, як маці. Яе радасць была ягонай радасцю. Можа, не радасцю нават, а гонарам — муж яе ўмее трымаць слова, ён чалавек надзейны. Ёй падабалася тое, што ён, па ўсім відаць, зразумеў: не дыплом важны сам па сабе, а тое, што за дыпломам, што ў яго хапіла розуму перажыць, узвысіцца над цялячай радасцю сяго-таго са сваіх аднакурснікаў, тых, для каго ромбік на лацкане пінжака быў адзнакай вышэйшасці, адзнакай яго службовай і чалавечай годнасці.
У яго гэтага не было. Можа быць, не было б і без Леры. А з ёй — тым больш. Пачуццё кахання не прыглушыла, не прынізіла ягонага захаплення ёю, ягонай павагі да яе. Мо нават наадварот. З гадамі, чым больш пазнаваў яе, тым больш паважаў і абагаўляў яе. Тады, як ішоў з ёю з райцэнтра ў Чырвоны Бор, увайшло ў яго душу адчуванне таго, што гэтая новая настаўніца, гэтая тоненькая і зграбная, з пухлымі вуснамі і вялікімі шэрымі вачамі Валерыя Віктараўна — не такая, як іншыя, як ён сам, Кім Курловіч, як усе тыя, каго ён дасюль ведаў і сустракаў. Усе яны былі людзі звычайныя. Звычайныя па гаворцы, па хадзе, па адзенні, па паводзінах. А яна была незвычайная. Раней не чуў ён ад каго-небудзь, што назва іхняга сяла Чырвоны Бор чымсьці адметная, прыгожая, нават паэтычная. Людзі, у тым ліку і ён сам, нараджаліся, жылі тут гадамі, рабілі і паміралі і не здагадваліся аб тым, што ім пашанцавала нарадзіцца і жыць у такім слаўным месцы. А яна толькі што прыехала, пажыла тут літаральна некалькі дзён, пару тыдняў, а — адчула, убачыла, скінула з наваколля, з вёскі, з яе назвы прасцірадла звычайнасці, будзённасці і ўгледзела прыгажосць, паэтычнасць. А як яна гаварыла пра ўсё гэта?! Ён, слухаючы, і сам пачынаў глядзець на ўсё нібы іншымі вачамі, здзіўленымі і шчаслівымі вачамі. У яе гаворцы не было ніводнага брыдкага слова, якое б рэзала вуха, абражала слых. А як яна паводзіла сябе з ім, са звычайным вясковым хлопцам, які ўмеў толькі адно — круціць баранку? Яна не ўніжала яго, не паказвала ні словам, ні жэстам, ні рухам, што ён нікчэмнасць, нішто ў параўнанні з ёю,— яна гаварыла з ім, як з раўнёю, выклікала яго на спрэчку, каб даказаць сваю праўду, каб пераканаць яго, што ён памыляецца. І яму было лёгка з ёю, ён адчуваў, вядома, дыстанцыю між ёю і сабой, але не прыгнечанасць. Ды што казаць! Усё ў ёй было незвычайнае. Нават сукенка, звычайная квятастая сукенка, сядзела на ёй незвычайна, здавалася, што ні на кім іншым яна гэтак сядзець не будзе...
І вось яны сталі мужам і жонкай, у іх расце дачушка Юлька, ёй ужо чатыры гадкі з хвосцікам, а ён, Кім Курловіч, шчаслівы, што не растраціў тое сваё колішняе пачуццё, што пры ўсёй сваёй блізкасці і роднасці ягоная Лера застаецца па-ранейшаму незвычайнай.
Яму пашчасціла ў жыцці. Спачатку пашчасціла на маці. Маці, вядома, ніхто не выбірае, і таму іх не бывае добрых і благіх. Маці ёсць маці. Гэта ён разумее. І тым не менш з пэўнай пары, калі пачаў думаць, што такое ён, Кім, у гэтым свеце, з чаго і дзеля чаго прыйшоў ён у жыццё, усё больш і пераконваўся, што лёс да яго паставіўся спагадна. Найперш тым, што падараваў яму такую маці. Такую ласкавую, добрую, пяшчотную, спагадную. Для яго гэта не пустыя словы. Цяпер ён ведае, што да канца дзён сваіх зберажэ ў душы мяккі матчын голас, цеплыню яе рук, пяшчоту вуснаў на сваім ілбе. Зберажэ тое даўняе і салодкае адчуванне ўтульнасці, цеплыні і абароненасці ад усялякага ліха і бяды, якое ён зведваў у хвіліны, калі маці туліла яго да сябе, абдымала яго, малога, рукамі і ўсім сваім цёплым, мяккім, вялікім целам. Ад маці, а не ад каго-небудзь, навучыўся ён усяму, што ўмее і ведае. Калі і не ўсяму, дык, прынамсі, вельмі і вельмі многаму. Яна перадала яму ўсе свае веды і ўмельства, уяўленні і разуменні і тым самым стварыла грунт, на якім яму было лацвей і лягчэй браць веды і ўмельства ад іншых людзей, лацвей і лягчэй ісці па жыцці. Ягоная маці, меўшы за плячамі толькі пяць класаў адукацыі, была надзелена высокай прагай духоўнасці. У яе ў душы заўсёды жыла мара аб лепшым, прыгажэйшым жыцці, жыла здагадка аб тым, што чалавек павінен узвышацца над будзённымі клопатамі, што ягонае прызначэнне на зямлі больш высокае, чым можа падацца, калі зыходзіць з яго нялёгкага пакуль што жыцця-быцця. Маці наўрад ці магла б сказаць пра ўсё гэта цвяроза і выразна, але што такое адчуванне і разуменне жыло ў ёй праз усё жыццё, ён, яе сын, не сумняваецца. Бо, не ўмеючы сказаць, яна ўсё ж змагла і яму перадаць гэтае душэўнае парыванне, сваю неспатольную прагу духоўнасці. І гэта не выхвалянне. Яму заўсёды хацелася нечага незвычайнага, таго, што ўзвышалася б над будзённым, што было б непадобнае на паўсядзённае, звычайнае, множымае. Смешна казаць, але, яшчэ будучы хлапчанём, ён рабіў сабе цацкі не такія, якія былі ў ягоных сябрукоў. Яго аўтамат быў не кавалкам сяк-так абчасанай дошкі, а адмыслова выразаны, абгабляваны і адшліфаваны, старанна выштукаваны і апалены, каб быў чорненькі, з мушкай, з курком і затворам, з бляшкамі для рэменя, з выгляду амаль як самы сапраўдны, і ў дадатак да яго была прымацавана драўляная трашчотка, пры дапамозе якой ён страляў-стракатаў аглушальна. І рагатка ў яго была не звычайным рагачыкам з дзвюма гумкамі і скурацікам, а хутчэй арбалетам з прыкладам, прыцэльнай мушкай і спускавым кручком. Нават звычайная вярбовая свісцёлка, якія яны, хлапчукамі, рабілі вясною, калі ў дрэвах абуджаўся сок, у яго была адметная — аздоблена інкрустацыяй, выпальваннем, а затычка была выразана ў выглядзе птушынай галоўкі з разяўленай дзюбкай...
А пасля яму пашчасціла на жонку. Валерыя Віктараўна (нейкі час, нават пасля вяселля, ён у думках працягваў зваць яе менавіта так) сталася бы працягам маці. Але, але. Прынамсі, у ягонай улюбёнасці ў Леру было трошачкі нечага і такога, чым вызначалася ягонае пачуццё да маці. Мо ўдзячнасці? А мо адчування таго, што яна як бы сталейшая за яго? Не ведае. А толькі ён з радасцю і лёгкасцю пахінуўся пад яе крыло, як калісьці хінуўся пад матчына. І Лера прыняла гэтае яго памкненне гэтак жа натуральна, нязмушана і тактоўна, як маці, нічым не крыўдзячы, нічым не выстаўляючы свайго апекавання над ім, нічым не прыніжаючы яго хлапечай, мужчынскай годнасці і разам з тым незаўважна, непрыкметна выкіроўваючы яго, калі трэба было, на правільны шлях, асцярожна, між іншым папраўляючы яго, калі ён памыляўся, падтрымліваючы ў слабасці і супакойваючы ў запальчывасці. Ён разумеў і разумее гэта і лічыў бы неразумнасцю, калі б было іначай. Яму лёгка несці гэты свой крыж, бо дарогу яму паказвае не хто іншы, а ягоная Лера, бо ён верыць, што яна ведае гэтую дарогу лепш за яго. Бо яна падхапіла той факел, тую паходню, якую несла перад ім маці.
Гэта ён адчуў асабліва, калі маці раптам — страшэнна, недарэчна раптам! — не стала...
Стаяў гарачы жнівеньскі дзень. У самым разгары было жніво. Той парою ён выходзіў з дому адразу пасля шасці — як пачынала гаварыць радыё. Пачатак рабочага дня на час уборкі быў перанесены на дзве гадзіны раней — на сем, але ён выходзіў з дому загадзя. Клопату хапала. Трэба было, каб тэхніка, у першую чаргу камбайны і аўтамабілі, была на хаду.
У гаражы і на машынным двары ён затрымліваўся яшчэ на нейкі час і пасля нараду — чакаў, пакуль механізатары раз'едуцца на работу. Тады ішоў у кантору. Звычайна ненадоўга — падпісаць, аформіць, разабрацца з паперамі. А пасля сядаў у машыну і ехаў у раён, у «сельгастэхніку», ці ў поле, да камбайнаў. Абедаў калі дома, а калі ці ў сталоўцы, ці проста ў полі, куды падвозілі абеды.
Тым днём ён таксама не змог заскочыць дадому, абедаў у полі. Пасля абеду прыселі ў ценю камбайна адпачыць хвіліну, перакурыць. Неўзабаве пад'ехаў Пецька Яскевіч. Выйшаў з машыны, падышоў да іх. Сказаў да яго досыць спакойна:
— Вікенцьевіч, Віктараўна твая прасіла, каб заехаў.
— Добра. З'езджу зараз на Падлужжа, там Хвясюк дажынае, і назад едучы.
— Не, Вікенцьевіч, прасіла, каб адразу ж.
— А што?
— Не сказала.
Ён, бадай, і не ўстрывожыўся. Недаўменне трошкі ўзяло, Лера без прычыны наказваць не будзе, але каб падумаў пра што-небудзь благое, дык не. Не было падстаў думаць пра благое. Зранку выходзіў з хаты, дык усё было добра. Лера з Юлькай спалі, а ён падняўся і маці. Маці яйка яму спякла, малака кубачак наліла, хлеба лусту адрэзала, вялікую лусту, наўкруг буханкі. Ён яе ледзьве з'еў. Не хочучы з'еў. Па даўняй, яшчэ дзіцячай звычцы. Маці навучыла, каб адрэзаны хлеб з'ядаў, не пакідаў чорту лысаму сваю сілу.
Падняўся, пайшоў да машыны, да свайго «козліка», сеў і паехаў напрасткі, на ржышчы.
Ля хаты спыніўся, як заўсёды, ля самага плота, у ценю ліпы, саскочыў на зямлю, ляпнуў дзверцамі і пайшоў у двор. З хаты паспешна выйшла Лера. Ён зірнуў на яе і запаволіў крок. Жонка відочна была чымсьці ўстрывожана. Нават заплаканая? З Юлькай што-небудзь? Дзе яна? Чаму не відаць?
— Лера, што здарылася?
Яна зрабіла да яго тры ці чатыры крокі, не абняла, а цяжка прыпала да грудзей, зарыдала: