Селівончык, выпускаючы дым з рота, сказаў:
— Што ты, Кім, як апраўдваешся? Трэба дык трэба!
— Ну, то дзякую, Рыгор,— сказала маці.
— Еш з маслам,— ашчэрыў ён зубы ва ўсмешцы.
Абрадзілася Валерыя ў пяць сорак раніцы. Хоць — якой раніцы? Калі б улетку, дык, вядома, была б раніца. А то — пачатак лютага. Ноч яшчэ, самая што ні ёсць ноч. Абрадзілася дачкою. Вагою тры кіло сто пяцьдзесят грамаў і ростам сорак сем сантыметраў.
Гэтыя лічбы абыякавым, сонным голасам паведаміла ім сястра, пяты ці мо шосты раз па іх просьбе падымаючыся і выходзячы з прыёмнага пакоя кудысьці туды, у глыбіню бальніцы, дзе кідалася недзе ў схватках Валерыя, прытым не ў цёплым мяккім ложку, а на нейкім... бр... стале! І пачуўшы нарэшце гэтыя лічбы, зразумеўшы, што тое, чаго яны чакалі, адбылося, Кім неяк нават і не адразу паверыў у гэта. Ага, думаў ён, значыць, дачка, як ён і казаў. Яшчэ сказалі, што важыць яна тры кіло сто пяцьдзесят грамаў і росту яна сорак сем сантыметраў. Усяго сорак сем? Во столечкі? Ён, прымерваючыся, звёў рукі. А Лера? Чаму пра яе нічога не сказала гэтая маўклівая, сонная сястра?
— А што з Лерай? — паўтарыў ён уголас.— Чаму пра яе нічога...
— Пра жонку пытаешся? — здагадалася жанчына.— А што пра яе казаць? Нармальна. Спіць, пэўна. Яны спяць пасля гэтага...
Патаптаўшыся яшчэ колькі хвілін у прыёмным пакойчыку, быццам не ведаючы, ёсць ім тут што рабіць яшчэ ці няма, яны пайшлі на вуліцу, да машыны. Селівончык, зачыніўшыся, драмаў, прыкрыўшы твар шапкай. Кім пстрыкнуў пальцамі па шкле, гукнуў:
— Усё, дзядзька! Дачка ў мяне!
Селівончык быццам і не драмаў, паправіў шапку на галаве, адчыніў дзверцы:
— Дачакаліся? Ну і што?
— Я ж кажу, дзядзька: дачка ў мяне! — паўтарыў Кім.
— Партач! Не мог змайстраваць хлапца! Але на радзіны ўсё роўна паклічаш, нідзе не дзенешся... Ну што, Кацярына, паехалі? Ці пачакаем, пакуль чайная адчыніцца? — Селівончык зноў паказаў жоўтыя пракураныя зубы.
— А бадай цябе, Рыгор! Лепш ужо дома чаю таго знойдзем! — засмяялася маці.
— То сядай. Ванзэлак можаш у кузаў укінуць. А не — пад ногі пакладзі.
Пакуль маці ўмошчвалася ў кабіне, Кім скокнуў на кола, перагнуўся цераз борт і ўхапіў свой чамадан. Маці, перш чым ляпнуць дзверцамі, яшчэ раз сказала:
— Не перажывай і не марнуйся, сам ужо глядзі там... А я і заўтра над'еду, і паслязаўтра...
Машына, стрэльнуўшы белым клубком дыму, скранулася з месца, зарыпеўшы скатамі па свежым снезе, і пакацілася. Кім пастаяў, паглядзеў ёй услед, пакуль былі відаць чырвоныя агеньчыкі, а пасля вярнуўся ў прыёмны пакой. Сястра падняла ад стала галаву, паглядзела на яго запытальна.
— Можна, я ў вас пасяджу, пакуль ноч?
— Сядзі...
Потым, раніцаю, пакінуўшы тут, пад лаўкай, чамадан, Кім збегаў у магазін, купіў слоік кампоту з яблык і чарнасліву, пячэння, цукерак. У пакунак, які папрасіў перадаць Курловіч Валерыі Віктараўне,— у прыёмным пакоі сядзела ўжо новая сястра,— паклаў пісульку. Хацеў папісаць шмат, але напісаў урэшце толькі тры кароценькія слоўцы: «Я люблю цябе...»
КАСТРЫЧНІК 1964 ГОДА
Яна ніколі не звярталася да вучняў са словам «рабяты». Не падабалася ёй гэтае штучнае, незразумелае слова. Чаму — рабяты? Адкуль яны ўзяліся, гэтыя рабяты? Ад якога кораня паходзяць? Адказу яна не знаходзіла. А тут яшчэ пры слове «рабяты» ёй адразу ж чулася рыфма — «жарабяты». Ці — «жабяняты». І язык не паварочваўся вымаўляць яго.
Да малодшых яна звярталася проста — дзеці, а старэйшых называла таварышамі. Яны, васьмікласнікі, дзевяцікласнікі і дзесяцікласнікі, ужо не дзеці. Яны разумеюць, што вучоба — гэта іхняя работа. У школу яны прыходзяць на работу. Яна, настаўніца, таксама прыходзіць на работу. Значыць, яны таварышы. Таварышы па рабоце, таварышы па адным клопаце і па адной турбоце. Урэшце, слова «таварыш» і абавязвае. Цябе, таварыш, лічаць дарослым, сталым чалавекам, дык, будзь ласкавы, адказвай за даручаны ўчастак агульнай работы — за сваю вучобу, за свае поспехі ў вучобе. Гэтую работу ніхто за цябе рабіць не будзе, ты абавязаны рабіць яе сам.
На жаль, яны толькі ростам наблізіліся да дарослых. А яшчэ ім хочацца быць дарослымі. На самой жа справе яны дзеці. Рослыя, роўныя з ёю і нават вышэйшыя, з дарослымі прычоскамі і ў дарослых строях дзеці. І клопату з імі больш, чым з вучнямі малодшых класаў, сапраўднымі дзецьмі.
Яна ўзіралася ў іхнія тварыкі, у іхнія разумныя, дасціпныя вачаняты і бачыла процьму добрых, харошых якасцей. Здавалася, дастаткова толькі паклікаць іх, падахвоціць, пахваліць, падтрымаць, і яны ператворацца ў дружны калектыў старанных, выхаваных хлопчыкаў і дзяўчынак, стануць радасцю настаўніка і ўцехаю бацькоў. І яны ўмелі быць такімі. Многія ўмелі. Але маглі быць і іншымі. Хітрымі, злымі, зайздроснымі. Маглі адзін аднаго пакрыўдзіць, зняважыць, давесці да слёз. Маглі пабіцца, і досыць жорстка, часам да крыві з носа. Многія не выконвалі хатніх заданняў, дэманстратыўна не працавалі на ўроках. І яна думала і думае, пакутліва шукала і шукае адказу на тое, чаму яны такія, дзе прычыны такіх іхніх паводзін і дзе адшукаць залаты ключык, які адмыкаў бы іхнія душы насустрач добраму, чыстаму, светламу.
Яна выкладае ў школе літаратуру і адзін з такіх ключыкаў справядліва бачыць у ёй, у літаратуры. Яна лічыць злачынствам патрабаваць на ўроках літаратуры фармальнага завучвання. Бяздумнае завучванне фактаў і з'яў толькі адштурхоўвае вучняў ад самой літаратуры — незаменнага падручніка жыцця. Перадаць дзецям сваю любоў да літаратуры — важнейшы і галоўнейшы абавязак настаўніка. Важна падрыхтаваць глебу, а тады парастак цікавасці, захаплення незвычайным цудам, якім з'яўляецца кніга, мастацтва слова, сам пойдзе ў рост...
— Добры дзень, таварышы! — сказала яна, зайшоўшы ў свой дзевяты клас і паклаўшы на стол класны журнал,— Як вы памятаеце, на мінулым уроку мы дамаўляліся, што пяць першых мінут...
У гэты час расчыніліся дзверы і ў клас зайшоў Іван Фёдаравіч.