«Здзекуешся, так?»
«Ды не, праўду кажу. Павер».
«Тады адкажы мне — што са мною адбылося?»
«Хіба ты яшчэ не зразумеў?»
Пэўна ж, не пасміхалася. І не здзекавалася. Ад яе слоў павявала дабрынёй і пяшчотаю, і вылучала яна чароўную энергію. Гаварыў маўкліва з ёю, яе ж не бачачы, але адчуваў яе прысутнасць, яе дыханне. Ведаў, што яна бачыць мяне, сочыць за мной.
«Такое, спадар Антон Клімовіч, адбываецца напачатку...»
«Напачатку — чаго?! Нічога не разумею...»
Чую яе смех. Яна то злева, то справа. То ўзлятае ўверх, то каля самага вуха.
«Твайго новага нараджэння. А калі больш дакладна, то — пятага перараджэння. Ты — чалавек пятай расы. Суперсенс».
«Што гэта азначае?»
«Раскажу трошкі пазней...»
«Ты мяне бачыш, Яніна? Я цябе — не».
«Бачу. І нават адчуваю. Хочаш, я дыхну табе ў твар. Ну, пачуў?..»
Я сапраўды пачуў дыханне — такое знаёмае і роднае. Яна не падманвала мяне. Бо адчуў нават пах яе кос. Яны казыталі шыю, пахлі васількамі і жытам.
«Але я ўсё роўна не бачу цябе, як і не чую голасу, — скрушна ўздыхаю і зноўку спрабую дакрануцца да яе — і безвынікова, бо пальцы адчуваюць толькі паветра. — Чую цябе не вушамі, а нечым іншым. Ты недзе побач і так далёка ад мяне. Чаму — адкажы?»
«Любы мой, які ж ты неразумны... Ты не бачыш мяне таму, што я злілася з табою, стала табой. А ты — мной. Ты ж пакінуў сваю абалонку і ўсяліўся ў мяне. Тое з табой зрабіла тваё каханне да мяне. Я ж, даражэнькі мой, папярэджвала цябе, умольвала, заклінала нават, каб ты не запальваў таго агню. Бо ведала, што яно можа перарасці ў полымя. Прасіла?»
«Прасіла, не адмаўляюся...»
«Яшчэ прасіла не аддаваць мне сваё сэрца. Бо пасля горка пашкадуеш пра тое. Гаварыла? Гаварыла. Але ж ты настойлівы, як бык, нездарма ж ты Цялец. І Венера твая спадарожніца і натхніцелька. Але ты мяне не паслухаўся. І што цяпер? Шкадуеш? Шкадуеш, так?..»
«Ні аб чым не шкадую, каханая! Хто табе сказаў пра тое? — як не крычу на ўвесь свет. — Але мне ўсё роўна хочацца ведаць, што адбылося са мною. Мною авалодаў не страх, нават і не цікавасць, мяне прыгнятае незразумеласць майго становішча. Хто я — чалавек? Жывёліна? Ці ні тое ні другое? Аднак мне вельмі хораша. Мне нават незвычайна лёгка. Сам толькі не ведаю — чаму...»
Зноў я адчуваў прысутнасць жанчыны, яе подых і пах, але яна была няўлоўная і нябачная.
«Але ў словах тваіх слабыя ноткі страху і... шкадавання...» — чую не папрок, а прызнанне, нават перасцярогу.
«Прабач, Яніна, але я сам не адчуваю таго, пра што ты гаворыш... Ты няправільна чытаеш мае думкі... Хочаш пазлаваць мяне? Ты ж тое некалі рабіла з задавальненнем...»
«Прабач, калі крыўдзіла цябе. Мне здавалася, што мая гарэзнасць табе даспадобы... Ці я памыляюся, скажы?»
«Падабалася і будзе падабацца. Ты больш мяне не пакінеш?»
У адказ маўчанне, а потым прашаптала недзе звысоку:
«Не, любы мой! Цяпер ужо ніколі. Цяпер разам — на ўсё жыццё. Ты пачуў мяне?»
«Пачуў, але не голас. Нейкая вібрацыя...»
«Ты чуеш рытм нашых сэрцаў. Зліваючыся ў адно, яны і ўтвараюць амплітуду энергіі нашай размовы. За нас гавораць біярытмы. У цябе ад нараджэння ўменне чытаць людскія думкі.
Ды і не толькі людскія, а ўсіх жывых і нежывых істот. Вельмі рэдкае ўменне ў вас на зямлі. То дарунак Бога».
«Чаму — "у вас"? — насцярожваюся я, стараюся разгадаць сэнс слоў. — Хіба — ты...»