— Вы заманілі мяне ў пастку! — закрычаў ветэран. — Гэта вам не пройдзе! Я ў абком пайду, у ЦК буду скардзіцца! З заўтрашняга дня я жыву на дачы — аб'яўляю пратэст. Я да Брэжнева дайду... Я — ветэран вайны... Я вам устрою вясёлае жыццё.
«Такі ж Таню жыўцом праглыне і не аблізнецца, — падумалася мне, і я адчуў, што чалавек ён злы і страшны. — Ён ні перад чым не спыніцца сапраўды...»
І тады з ім загаварылі настаўнікі. Маўчаў, схіліўшы галаву, Батурын — намечанае мерапрыемства зрывалася.
— Дзякуй вам, што сарвалі гэты дурны спектакль, — прамовіла класная, калі праводзіла мяне на вуліцу. — Гэта ж дадумацца да такога... Але цяпер ён будзе пісаць на вас.
— Нічога. Разбяромся, Вера Максімаўна. Галоўнае, каб Таня не перажывала, — усё будзе добра.
Я пакінуў школу і не ведаў, пра што гаварылі дырэктар, Гаеўскі і Батурын. Тое мяне не цікавіла...
Пасля я ездзіў у чыгуначны інстытут, дзе працаваў ветэран Гаеўскі. Аказалася, што ніякі ён і не ветэран зусім, а праседзеў з маткаю ў вайну дома. Сын яго працаваў вялікім начальнікам у сталіцы...
Дамовіліся з дэканам факультэта, дзе выкладаў Гаеўскі вагонную гаспадарку, што сходзім да ветэрана дадому.
— Хачу толькі вас папярэдзіць, — звярнуўся я да Веніяміна Пятровіча. — Трэба быць гатовым да ўсяго.
— Да чаго — «усяго»?
— Да нечаканых сюрпрызаў.
Дзверы адчыніў сам гаспадар. Не здзівіўся прыходу, запрасіў праходзіць. Голасу я не пазнаваў — ціхі, спакойны, нават добразычлівы. Не той, што гучаў у класе — пагрозлівы, як быццам наважваўся запужаць усіх.
— Мо чаю згатаваць?
— Не, дзякую, — адмовіўся я адразу.
Гаварылі пра тое-сёе і ні пра што канкрэтна.
— Вы пагаманіце, мне адлучыцца трэба на хвілін колькі, — сказаў я. — Хутка буду.
А я падняўся вышэй — на другі паверх, да Тані. Усміхнуўся ёй, спытаў:
— Напалохалася сходу?
У адказ толькі кіўнула галавой — непрыемна было ўспамінаць пазаўчарашні дзень.
— Забудзь. А цяпер я хачу, каб ты пайграла на тым піяніна, якога так баіцца твой сусед.
Думаў, што ў іх у хаце, над галавой Гаеўскага, але маці з Таняй павялі мяне на калідор, адкрылі суседнія дзверы:
— Яно тут, у нашага дзядулі...
І стаяла яно зусім каля процілеглай, ад Гаеўскага, сцяны. Таня сыграла некалькі эцюдаў. Іграла, мне здавалася, добра, з любоўю ці натхненнем, хаця насцярожынка жыла ў ёй, не прападала.
— А цяпер моцна, — папрасіў я.
— Як — моцна?
— Проста бі па клавішах... Так, так... Дзякую, Таня.
Я развітаўся, падзякаваў. Убачыў радасныя і здзіўленыя вочы дзяўчынкі. Дзеля такой усмешкі я гатоў быў увязацца ў любую бойку — у вачах дзяўчыны былі спадзяванне і надзея. Слязінка на дзіцячай шчацэ...
Гаеўскі і Санько гаварылі паміж сабой, голас у гаспадара кватэры быў яшчэ цішэйшы і мякчэйшы — да раны прыкладвай яго, вылечыць...
— Вы чулі піяніна? — спытаў я ў Санько.
— Не. А хто іграў?