Калі вартавы павёў Леаніда перад сабою, дарожны майстра не пайшоў за ім услед, а застаўся ў ланцугу ачаплення з канваірамі, якія распачыналі полуднік.
Суседзі ляжалі на схілах кювета, з нецярплівасцю чакаючы звароту свайго таварыша. Ім рупіла хутчэй даведацца, як справіцца ён з ускладзенай на яго місіяй. Ля сялян канваір з Леанідам затрымаліся нядоўга. Але калі вярнуліся адтуль, вартавы адразу не адпусціў хлопца, а папрасіў распаліць цяпельца.
— Ну, як твой паход? Ці ўвянчаўся поспехам? — запытаўся Хяндога, калі Леанід шуснуў у кювет. — А то ў нас лопнула цярпенне.
— Парадак! Усё як мае быць, — адказаў Леанід, вымаючы з кішэняў портак два невялікія акрайцы і падаючы адзін Хяндогу, а другі — Багдану Платонавічу.
— Усё растлумачыў? — цікавіўся Хяндога, разломваючы акраец на тры роўныя часткі.
— Усё.
— I вазу паказаў? — не цярпелася Багдану Платонавічу.
— Паказаў.
— Ну, тады парадак, I сапраўды: усё як мае быць, — супакоіўся Хяндога.
17
Назаўтра ў абед канваір з жалезным крыжам папрасіў Міхася распаліць яму цяпельца. Калі хлопец назбіраў галля і прысеў на кукішкі, адбіраючы сушняк на распалку, вартавы, што стаяў над ім, раптам прашаптаў:
— Міхель, Лео — юдэ?
Міхася настолькі збянтэжыла нечаканае пытанне, што ён апусціў дрыжачыя рукі, якія не патраплялі выбіраць тонкія сухія галінкі, і на імгненне зніякавеў.
— Ён — украінец. З Кіева. А што такое? —пасля вымушанай паўзы разгублена прамямліў хлопец.
— Даўгалыгі палонны ў кароткім шынялі выбраў момант і таямніча шапнуў мне, што Лео—юдэ. Асабіста мне ўсё роўна, хто ён—рускі, украінец ці юдэ. Але каменданту гэта не ўсё роўна. Брэе роднага брата прадасць. А на дзве залатыя каронкі Лео ён пагаліцца тым болей. Даўгалыгі палонны можа шапнуць Брэсу, што Лео—юдэ. Ты, Міхась, нічога не кажы Лео, хай ён не трывожыцца. А з таварышамі парайся, як пазбегнуць бяды.
Яшчэ змалку Міхась бавіў час у супольных гульнях з яўрэйскімі дзецьмі ў сваёй вёсцы і штодзённа бачыў, якія па-суседску шчырыя адносіны ў іх бацькоў з ягонымі бацькамі. Ні ў школьныя, ні ў студэнцкія гады хлопец ніколі не звяртаў увагі на тое, хто яго аднакласнікі і аднакурснікі па нацыянальнасці. Займаючыся першы год у педтэхнікуме, ён кватараваў у былых аднавяскоўцаў-яўрэяў, сціплых і простых людзей. Іх старэйшыя дзеці параз’язджаліся з дому і мелі свае сем’і. З бацькамі жыў толькі малодшы сын, Герка, што вучыўся ў шостым класе. Гэта быў несусветны вісус і свавольнік, які выкідваў такія конікі, што Міхасю неаднойчы прыходзілася чырванець. Бывала, набожныя гаспадары дадуць яму куру і пашлюць разам з Міхасём да разніка, каб той яе зарэзаў. Герка забярэцца ў куст, сам зарэжа куру і потым гуляе з Міхасём на беразе рачулкі, каб раней часу не вярнуцца дамоў і не выклікаць ніякай падазронасці ў бацькоў. Альбо, калі тых няма дома, возьме ды Міхасёвым салам на стале нашмальцуе з усіх бакоў бохан хлеба, са смехам прыгаворваючы: «Няхай ядуць трэфнае. Будуць здаравейшыя!»
Аднойчы праз ягоныя дурыкі Міхасю дасталося ад гаспадыні.
Седзячы на тапчане, хлопец рыхтаваў хатняе заданне, а Герка шумліва свавольнічаў побач.
— Сціхні ты, бандыцкая цура! — некалькі разоў пагражала з кухні гаспадыня.
Але вісус яшчэ мацней дурэў і не збіраўся супакойвацца. Нарэшце, калі свавольнік адчуў, што матчына цярпенне скончылася, ён паваліў Міхася, накінуў на яго прасцірадла, а сам борздзенька шмыгнуў пад тапчан. Разгневаная гаспадыня імкліва ўляцела ў пакой і, пакуль Міхась выблытаўся з-пад прасцірадла, пару разоў паспела агрэць яго чапялою. Праўда, як убачыла, што перад ёю не сын, а кватарант, пабялела, нібы палатно, і доўга не магла апамятацца, гэтак перажывала за сваю прамашку. Баялася, ці не пакалечыла хлопца. Міхась шкадаваў перапалоханую да смерці жанчыну. Яна даглядала яго, нібы клапатлівая маці.
На ўсё жыццё хлопцу запомніліся яўрэйскія стравы: смачная тушаная бульба з буйной каляровай фасоляй, селядзячны фаршмак, цымус і велікодная маца.
У педінстытуце Міхась пасябраваў з яўрэйскім юнаком Барысам. З ім яны вучыліся ў адной групе і ўсе чатыры гады займалі суседнія ложкі ў інтэрнатах. Барыс быў на тры гады старэйшы за Міхася і паспеў набыць некаторы жыццёвы вопыт, бо да інстытута працаваў электрыкам на Урале. Міхасю імпанавала сябрава сціпласць і стрыманасць. У гэтых адносінах яны нечым былі падобныя адзін да аднаго. Абодва па-сур’ёзнаму ставіліся да вучобы. Іх не спакушалі пустыя забавы і гулянкі.
Калі пад страхам смерці Міхась уцякаў з разбамблёнага Мінска і па дарозе завітаў да Барыса дадому, ад шматкіламетровага бегу ў яго адняліся ногі. Дзесяць дзён яны не згіналіся, спруцянелыя. Хлопец ляжаў у ложку, а Барысава маці адпойвала яго гарачым малаком.
Там абодва сябры добраахвотна пайшлі разам у войска, але іх разлучылі, бо, адпаведна ўзросту, узялі ў розныя часці.
Сіліч чуў, што нямецкія фашысты вынішчылі яўрэяў Германіі і цяпер знішчаюць іх ва ўсіх захопленых краінах. Але хлопец уяўляў сабе ўсё гэта неяк туманна, бо не бачыў на свае вочы. А тут раптам вартавы паведамляе яму страшную навіну пра таварыша, з якім ён паспеў зблізіцца ў няволі. Пагрозу, навіслую над Леанідам, Міхась успрыняў блізка да сэрца. Устрывожаны ёю, насілу распаліў вартавому цяпельца і ўвесь абедзенны перапынак перахваляваўся, не ведаючы, як паведаміць яе сваім таварышам, разам з якімі ў кювеце сядзеў Леанід. Толькі калі палонныя пачалі сноўдаць па гравійцы з лапатамі ды з насілкамі, Сіліч вычакаў зручны момант і па сакрэту перадаў трывожную вестку спачатку Багдану Платонавічу, а потым Хяндогу з Казнадзеем.
— Сволач даўгалыгая! Усіх апярэджвае выграбаць памыйніцу, а тут застаўся ні з чым, — вылаяў Бырвіна Багдан Платонавіч. — Зайздрасць заела, што Леанід некалькі разоў распальваў вартавому цяпельца. Думае, хлопцу перапала што-небудзь. Выдае свайго, каб самому выслужыцца. Небяспечны тып. Нябось, і гэты кароткі шынель яшчэ невядома якім чынам з чужых плячэй садраў!
Калі Міхась сказаў пра небяспечную навіну Хяндогу, той з’едліва зазначыў:
— Не ведае камендант, каго прызначыць наглядчыкам. Чалавек сам напрошваецца, — і пасля некаторага роздуму дадаў:—Такога трэба абясшкодзіць, каб не натварыў бяды. Звычайна гэтыя тыпы баязлівыя. Прышчэмім яму язык.
«Канечне, адзінае выйсце з такога становішча — прышчаміць язык Вырвіну. Але якім чынам?—не разумеў Сіліч. —Солі ж на хвост яму не насыплеш. А запалохваць або ўпрошваць, каб ён не балбатаў лішняга — яшчэ болей рызыкоўна. Толькі сапсуеш усю справу. — Хлопец у думках праклінаў дзікунскія законы арыйцаў. — Адных яны вынішчаюць, другіх спрабуюць ператварыць у нявольнікаў, трэціх—плануюць анямечыць. Як быццам чалавек вінаваты ў тым, кім нарадзіўся на белы свет».
Шмат чаго перадумаў яшчэ хлопец, але ўсё роўна не ведаў, як выратаваць ад небяспекі сябра. Ён разумеў, што трэба неадкладна прымаць нейкія меры, але што рабіць канкрэтна, не цяміў. Ад гэтага яшчэ болей перажываў і хваляваўся за лёс таварыша. Заставалася толькі спадзявацца на Хяндогу, на ягонае ўмельства і знаходлівасць.