Дзе грыб, там любы краявід набывае асаблівую прывабнасць, і сярод многіх хваін і бярэзін грыбнікі абіраюць для пакланення якраз тую бярэзіну і тую хваіну, пад якою бачыцца грыб — самы праўдзівы і ганаровы герб любога гербарыю.
Нібы хатка Бабы Ягі, грыб стаіць на адной назе, акрыўшыся рабою страхою-магеркаю, і, як гібрыд, спалучае ў сабе стромкае і круглае, пляскатае і пукатае.
Хоць грыбовы век нетрывалы, але ў бары і ў лесе ён гэтакі самы абарыген, як стогадовыя дрэвы.
Грыб — горб, што ўзнікае як рывок «пагра-бовай», спадсподняй напругі ў невядомае вымярэнне, насустрач дажджу і небу; вузел, што звязвае раз'яднаныя рухі прыроды ў адно.
Грыб чуйны і далікатны, як рыбіна, і калі што-небудзь з надвор'ем нетак, ён гэтаксама, як рыбіна, выкінутая на бераг, гіне і прападае.
Грыб усім падабаецца, ім не грэбуе ні славянін, ні габрай, ні селянін, ні бюргер.
БЯДА I ГОРА
Бяда аб'яўляецца спадсподу, як прарастае спадсподу трава-лебяда, гора абрушваецца згары.
Бяда — яда: яна есць чалавека, гора — піта: яно п'е чалавека, бяда салёная, гора горкае, бяда — яд, гора — атрута.
Бяда прыходзіць знянацку, гора — раптоўна, бяда — выпадак, гора — здарэнне, бяда — Сцыла, гора — Харыбда; яны спадарожнікі чалавечага лёсу, і не ведае чалавек, дзе іх чакаць, куды ад іх дзецца.
Бяда баліць, гора гняце, бяда галосіць, гора наракае, у бяды ўсё падае з рук, у гора ўсё згортваецца.
Бяда бледная, гора чорнае, бяда — пятля, гора — горан, бяда — вужака, гора — груган, гора гародзіць між светам і чалавекам платы, бяда выбудоўвае сцены.
Але ўсё на свеце мінае: і сплывае бяда, бы вада, і згарае, нібы агонь, гора.
ВЕРАС
У верасні, калі дацвітаюць апошнія кветкі, на лясных пагорках, выжарынах, расцяробах, усцілаючы дол каляровым ворсам, красуе верас.
Сярод астатніх распазнаных раслін верас нібы версэт сярод вершаў: у параўнанні з дрэвамі ён — трава, у параўнанні з травою — дрэва, і ў параўнанні з іхнімі «веравызнаннямі» яго «веравызнанне» — ерась.
Мінаючы распадзелы на вялікае і малое, на моцнае і слабое, верас расце як варыянт, як версія на тэму: якой мусіць быць расліна, аднак у гэтую версію верас укладаецца ўвесь.
ДУГА
Дуга шчыльна прышчымліваецца да аглобляў і туга прытульваецца да гужоў, і нават калі воз будзе нагружаны з верхам і будзе з натугай цягнуцца канём, дужасць, якая рухаецца, і дужасць, укладзеная ў нерухомасць, злучаны ўжо дугой у непарыўную дружбу.
Калі дуга адымаецца ад каня і воза, яна выглядае як скрыўленая, скрыўджаная, недалугая палка-дубіна, калі яна з імі — яна ўзвышаецца па-над канём і возам (а ў свята аздобленая і каляровымі стужкамі), нібы вясёлка-радуга.
Дуга — запаветная брама, у якую доўга, усё жыццё, уязджае і не ўедзе воз, уваходзіць і не ўвойдзе конь.
Сама па сабе дуга кароткая, але, сагнутая, нібы пругкі лук, мае доўгі («даўгінаўскі») вынік —дарогу, і ў тым, каб гэтай дарогаю-вынікам злучаліся абедзве дугі небакраю, бачыць свой — дужа няпросты — доўг.
ГУЗІК
Гузік спрытна ўлазіць у шчыліну-пятлічку, але назад вылезці не можа, застаючыся вязнем свайго спрыту, сваёй зухаватасці.
Гузік не гуз, але мае з гузам блізкае пада-бенства, не туз, але гэтаксама, як туз, зна-ходзіцца на адказным месцы: ім звязваецца ў адно цэлае левае і правае, ніз і верх, на ім трымаецца ўсё адзенне.
Гузік — глузд, гузік — розум, ён нейтралізуе сабою памкненні да раз'яднання і бярэ на сябе найбольшую — «тузінную» — нагрузку: яго круцяць, тармосяць, тузгаюць, і толькі тады, калі гузік знікае (адшпільваецца ці вырываец-ца), кашуля (ці блузка, ці камізэлька, ці кажушок) расхістваецца, распадаецца напалам.
У музыцы адзення гузік усяго адзін гук, але гук ключавы, гук мужны.
ПАВУЦІНА
Павуціна як ціна: хто ў яе трапіць, таго яна аблытвае і палоніць.
Нібы кароль у сваёй дзяржаве, у павуціне пануе павук: ён пляце павуціну, выцягваючы яе з самога сябе, і развешвае ўсюды, куды не сягае рух, дзе зацішна — ці ў клеці, ці пад павеццю, ці ў куце хаціны.